Ад аўтараў

Паважаныя адзінаццацікласнікі!

Мы жывём у час хуткіх змяненняў, калі інфарматыка становіцца найважнейшым складальнікам усёй сістэмы навуковага пазнання, вызначае шляхі фарміравання інфармацыйнага грамадства.

У сучасным свеце патрэбнай якасцю асобы становіцца высокі ўзровень яе інфармацыйнай культуры, а інфармацыя з’яўляецца адным з асноўных рэсурсаў, які вызначае развіццё краіны, яе будучыню.

Структурна ў інфарматыцы вылучаюць такія раздзелы, як тэарэтычная інфарматыка і прыкладная інфарматыка. У школьным курсе прадстаўлены абодва гэтыя раздзелы.

Тэарэтычная інфарматыка — гэта навуковая вобласць, прадметам вывучэння якой з'яўляюцца інфармацыя і інфармацыйныя працэсы. У ёй здзяйсняецца вынаходніцтва і стварэнне новых сродкаў працы з інфармацыяй. Як любая фундаментальная навука, тэарэтычная інфарматыка займаецца стварэннем сістэмы паняццяў, выяўленнем агульных заканамернасцяў, якія дазваляюць апісваць інфармацыю і інфармацыйныя працэсы, якія праходзяць у розных сферах (у прыродзе, грамадстве, чалавечым арганізме, тэхнічных сістэмах).

У любой навуцы існуе сувязь паміж фундаментальным складальнікам і тымі тэхналогіямі, якія яна параджае. Прыкладная інфарматыка вывучае канкрэтныя разнавіднасці інфармацыйных тэхналогій, якія фарміруюцца з дапамогай спецыяльных інфармацыйных сістэм. Пры вывучэнні інфарматыкі ў 11 класе вам трэба будзе азнаёміцца з такімі часткамі прыкладной інфарматыкі, як вэб-канструяванне, камп'ютарнае мадэляванне і інш. Інфармацыйныя тэхналогіі прымяняюцца ў розных сферах сацыяльнай і эканамічнай практыкі: у прамысловасці, у навуцы, у медыцыне і г. д. У гэтым годзе вам трэба будзе вызначыцца з выбарам прафесіі, пры гэтым важна памятаць, што ў любой сферы інфармацыйныя тэхналогіі спрыяюць эфектыўнай прафесійнай дзейнасці.

Аўтары вучэбнага дапаможніка пастараліся зрабіць так, каб вы змаглі асвоіць неабходныя сучаснаму чалавеку веды і навыкі ва ўмовах імклівай змены інфармацыйных тэхналогій.

Матэрыялы вучэбнага дапаможніка падзелены на дзве калонкі. Колер фону дапаможа вам разабрацца ў прызначэнні змешчанай на ім інфармацыі.

   асноўныя матэрыялы, абавязковыя для вывучэння;
   прыклады, якія ілюструюць асноўныя матэрыялы;
азначэнні асноўных паняццяў;

гістарычныя звесткі, інфармацыя пра вучоных, якія ўнеслі ўклад
у развіццё інфарматыкі, і іншыя цікавыя факты.

Умоўныя абазначэнні:

 —    пытанні і заданні для праверкі ведаў;

 —    раздзел «Практыкаванні» змяшчае заданні, пры выкананні якіх выкарыстоўваецца камп’ютар;

  —   раздзел «Практыкаванні» змяшчае заданні для выканання ў сшытку;

 —    раздзел «Практыкаванні» змяшчае заданні, пры выкананні якіх можа быць выкарыстана інфармацыя, змешчаная на Нацыянальным адукацыйным партале;

* — практыкаванне або прыклад для цікаўных.

У тэксце некаторых практыкаванняў вам будзе прапанавана адкрыць файл. Гэта азначае, што практыкаванне можна выканаць, выкарыстоўваючы файл, змешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале http://profil.adu.by → катэгорыя «Информатика / Інфарматыка» → курс «Інфармацыйныя тэхналогіі. 11 клас (Базавы ўзровень)» або «Інфарматыка. 11 клас (Павышаны ўзровень)». Зайсці на сайт і спампаваць файлы да практыкаванняў можна таксама з дапамогай матрычнага QR-кода:

Імя файла для спампоўвання змяшчае нумар параграфа і нумар практыкавання. Напрыклад, імя файла upr10_3 азначае, што файл ставіцца да трэцяга практыкавання дзясятага параграфа.

Таксама на партале змешчаны файлы з праектамі, разгледжанымі ў прыкладах. Такія файлы маюць імя pr3_1.zip (праект для прыкладу 3.1).

У вучэбным дапаможніку размешчана шмат ілюстрацыйнага матэрыялу. Экранныя копіі прызначаныя для азнаямлення з інтэрфейсамі праграм, для ўказання размяшчэння асобных элементаў. Падрабязна разгледзець усе структурныя элементы акна праграмы, якая выкарыстоўваецца, можна на экране камп'ютара.

Вучэбны дапаможнік для базавага ўзроўню складаецца з двух частак. У першай частцы, выпушчанай у выглядзе кнігі, размешчаны матэрыялы па тэмах: «Уводзіны ў аб'ектна-падзейнае праграміраванне», «Асновы вэб-канструявання», «Інфармацыйныя тэхналогіі ў грамадстве».

У электронным дадатку да вучэбнага дапаможніка прадстаўлена тэма «Камп'ютарнае мадэляванне». Акрамя таго, у электронным дадатку змяшчаецца альтэрнатыўны варыянт для вывучэння тэмы «Уводзіны ў аб'ектна-падзейнае праграміраванне» ў асяроддзі праграміравання Delphi, якое з'яўляецца прафесійным асяроддзем хуткай распрацоўкі дадаткаў з аконным інтэрфейсам. Дадзеная магчымасць дазволіць убачыць, што адна і тая ж задача можа быць вырашана з выкарыстаннем розных інструментаў.

Пры вывучэнні тэм рэкамендуецца выкарыстоўваць наступнае праграмнае забеспячэнне:

CodeBloks — версія не ніжэй 17.3;

C++Builder Embarcadero — версія не ніжэй 10.3;

NotePad — версія не ніжэй 7.6;

MS Office — версія не ніжэй 10;

Google SketchUp — версія 8;

SMath Studio — версія 0.99.7610.

Аўтары дзякуюць калегам, якія ўзялі на сябе працу, прачытаць папярэднія версіі асобных глаў нашых вучэбных дапаможнікаў і выказаць мноства карысных заўваг, якія дазволілі зрабіць гэтыя вучэбныя дапаможнікі больш дакладнымі, яснымі і зразумелымі:

  • Сяргея Іванавіча Зянько, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імені Максіма Танка;
  • Сяргея Іванавіча Кашкевіча, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта кафедры інфармацыйных сістэм кіравання факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Последнее изменение: Среда, 29 Сентябрь 2021, 16:09