Прадмова да раздзела 8 «Эвалюцыя арганічнага свету»

Вывучаючы школьны курс біялогіі, вы пазнаёміліся з дзівоснай разнастайнасцю свету жывой прыроды, пераканаліся ў тым, што на нашай планеце параўнальна прымітыўныя формы жыцця існуюць разам з высока­арганізаванымі. Вы таксама ведаеце, што ўсё жывое на Зямлі валодае шэрагам агульных прымет і ўласцівасцей. Пры гэтым для кожнага арганізма характэрна наяўнасць адаптацый, якія забяспечваюць яго існаванне ў пэўных умовах навакольнага асяроддзя.

Як узнікла вялізная разнастайнасць біялагічных відаў? Чаму побач з адносна проста пабудаванымі арганізмамі існуюць складанаарганізаваныя? Дзеянне якіх сіл абумоўлівае прыстасаванасць жывых арганізмаў да асяроддзя іх пражывання? Якое паходжанне чалавека і якое месца ў сістэме жывой прыроды ён займае? Адказаць на гэтыя і многія іншыя пытанні з навуковага пункту гледжання дазваляе эвалюцыйнае вучэнне.

Тэрмін эвалюцыя быў уведзены ў навуку швейцарскім заолагам Ш. Банэ ў сярэдзіне XVIII ст. Біялагічнай эвалюцыяй называюць заканамерны, неабарачальны працэс гістарычнага развіцця жывой прыроды (арганічнага свету), накіраваны на павышэнне прыстасаванасці арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. У гэтым раздзеле будуць разгледжаны асноўныя гіпотэзы ўзнікнення жыцця на Зямлі, гісторыя развіцця эвалюцыйных поглядаў, важнейшыя заканамернасці працякання эвалюцыі жывых арганізмаў (у тым ліку чалавека) і вынікі гэтага працэсу.

Последнее изменение: Понедельник, 23 Август 2021, 11:54