АД АЎТАРАЎ

Дарагія  дзесяцікласнікі!

Вы прыступаеце да вывучэння вучэбнага прадмета «Чарчэнне», мэтай якога з’яўляецца фарміраванне прыёмаў чытання чарцяжоў і выканання графічных відарысаў, развіццё мыслення, прасторавага ўяўлення і творчага патэнцыялу асобы.

Развітае прасторавае ўяўленне патрабуецца людзям шмат якіх прафесій: матэматыкам і фізікам, дызайнерам і архітэктарам, мастакам і канструктарам, інжынерам і будаўнікам, мадэльерам і хімікам, эканамістам і юрыстам. Шмат якія навукі вывучаюцца і тлумачацца пры дапамозе чарцяжоў, таму што чарцёж забяспечвае нагляднасць відаў любых вырабаў (прадметаў).

Вучэбны дапаможнік пазнаёміць вас з рознымі відамі графічных відарысаў, пабудовай прадметаў на плоскасці чарцёжнымі інструментамі ў адпаведнасці з прынятымі дзяржаўнымі стандартамі (ДАСТ), магчымасцямі выканання чарцяжоў з ужываннем сучасных камп’ютарных праграм. Гэта дапаможа вам авалодаць уменнем выконваць і чытаць графічныя відарысы, павялічыць узровень графічнай культуры.

Матэрыял вучэбнага дапаможніка падзелены на тры раздзелы: «Геаметрычнае чарчэнне», «Праекцыйнае чарчэнне», «Машынабудаўнічае чарчэнне» — і змяшчае тэарэтычную і практычную часткі. Практычная частка выконваецца пасля вывучэння тэарэтычнага матэрыялу і ўключае практычныя работы (выконваюцца ў рабочых сшытках), а таксама графічныя (выкарыстоўваецца чарцёжны фармат А4).

У дапамогу пры выкананні практычнай часткі прапануюцца Памяткі, якія раскрываюць алгарытмы пабудовы відарысаў, этапы выканання аксонаметрычных праекцый і да т. п.

Кожны параграф пачынаецца пытаннямі, якія дазваляюць актуалізаваць неабходныя веды. Матэрыял вучэбнага дапаможніка прадстаўлены тэкстам (ён згрупаваны ў тэматычныя блокі і вылучаны знакам ), схемамі, табліцамі. Ілюстрацыйны матэрыял дапаўняе тэкст і дазваляе сфарміраваць  найбольш поўнае ўяўленне пра матэрыял, які вывучаецца. 

З мэтай развіцця інтэлекту, прасторавага ўяўлення на старонках вучэбнага дапаможніка вам прапануюцца пытанні і практыкаванні. Для тых, хто жадае праверыць свае сілы, прадугледжаны заданні павышанай складанасці. Практычныя і графічныя работы прадугледжваюць заданні з павышэннем складанасці (ад простых — варыянты 1 і 2 — да складаных — 3 і 4). Перш чым прыступіць да выканання графічных работ, неабходна ўважліва прапрацаваць тэарэтычны матэрыял, выканаць практычныя заданні.

Выкананне заданняў дапаможа вам набыць навыкі пабудовы відарысаў, развіць прасторавыя ўяўленні, пазнаёміцца з адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі адзінай сістэмы канструктарскай дакументацыі (АСКД).

Для лепшага разумення спосабаў пабудоў элементаў чарцяжа ў тэксце вучэбнага дапаможніка прадстаўлены алгарытмы — паслядоўнасці дзеянняў, а таксама відэаматэрыялы, размешчаныя пад QR-кодам.

Умоўныя абазначэнні вучэбнага дапаможніка дазваляюць лёгка арыентавацца ў вучэбным і дадатковым матэрыяле.

 

— Успамінаем раней вывучанае..

 

— Адкажыце на пытанні, выканайце заданні.

 

— Запомніце.

 

— Цікавы факт!

Последнее изменение: Пятница, 30 Июль 2021, 13:03