Электрастатыка

Электрастатыка — раздзел электрадынамікі, у якім вывучаюць ўзаемадзеянне нерухомых у некаторай інерцыяльнай сістэме адліку электрычна зараджаных цел, размеркаванне зараду на якіх не змяняецца з цягам часу, а таксама электрастатычныя палі, створаныя зарадамі такіх цел.

Тэрмін «электрастатыка» ўвёў Ампер у 1822 г.

Падмуркам электрастатыкі з’яўляюцца эксперыментальныя навуковыя факты, якія адлюстроўваюць паводзіны зараджаных цел пры іх электрычным узаемадзеянні. Ядро электрастатыкі складаюць закон захавання электрычнага зараду, які шляхам доследаў устанавіў у 1759 г. пецярбургскі акадэмік Франц Эпінус (1724–1802), і закон ўзаемадзеяння пунктавых зарадаў у спакоі, які эксперыментальна адкрыў у 1785 г. французскі вучоны Шарль Кулон (1736–1806).