Усе вядомыя фізічныя з’явы звязаны з тым ці іншым узаемадзеяннем цел або часціц. Напрыклад, рух Месяца вакол Зямлі, падзенне цел на паверхню Зямлі, адхіленне адвеса ад вертыкальнага становішча паблізу масіўнай гары абумоўлены гравітацыйным узаемадзеяннем гэтых цел. Да гравітацыйнага ўзаемадзеяння схільныя ўсе целы, аднак прыкметным яно становіцца толькі тады, калі хоць бы адно з цел, якія ўзаемадзейнічаюць, валодае дастаткова вялікай масай.

Малекулы любога рэчыва таксама ўдзельнічаюць ва ўзаемным прыцяжэнні, абумоўленым сіламі сусветнага прыцягнення. Але паколькі масы малекул вельмі малыя, гэтае ўзаемадзеянне звычайна не бяруць пад увагу. Прыцяжэнне і адштурхванне малекул, якія забяспечваюць існаванне цвёрдых і вадкіх цел, маюць зусім іншую прыроду — электрамагнітную.

Электрамагнітнае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца з прычыны існавання асаблівага віду матэрыі — электрамагнітнага поля — сукупнасці двух узаемазвязаных палёў: электрычнага і магнітнага.

Электрамагнітнае ўзаемадзеянне праяўляецца ва ўсіх электрычных, магнітных і аптычных з’явах. Дзякуючы яму вы бачыце навакольны свет, бо святло — адна з праяў электрамагнітнага поля. Гэтым жа ўзаемадзеяннем абумоўлены сілы пругкасці і сілы трэння, вядомыя вам з механікі. Электрамагнітнае ўзаемадзеянне вызначае ўласцівасці рэчываў у розных агрэгатных станах і іх хімічныя пераўтварэнні. Паколькі малекулярныя сілы электрамагнітныя па прыродзе, то практычна ўсе біялагічныя з’явы абумоўлены электрамагнетызмам.

Электрадынаміка — раздзел фізікі, у якім вывучаюць электрамагнітнае ўзаемадзеянне паміж электрычна зараджанымі целамі і часціцамі.

Адсылка да электроннага дадатку для павышанага ўзроўню

Электрадынаміка — гэта сістэма фізічных тэорый, што апісваюць спецыяльны тып узаемадзеяння фізічных цел, якое адрозніваецца ад гравітацыйнага і названа электрамагнітным узаемадзеяннем. З'яўляючыся тэорыяй электрамагнітнага поля, электрадынаміка дазваляе рашаць задачы, звязаныя са знаходжаннем электрычных і магнітных палёў, якiя ствараюцца зададзеным размеркаваннем электрычных зарадаў і токаў.

Тэрмін «электрадынаміка» ўвёў у фізіку французскі вучоны Андрэ Мары Ампер (1775–1836) у 1822 г.

Пры вывучэнні электрадынамікі вы пазнаёміцеся з законамі ўзаемадзеяння цел (часціц), якія валодаюць электрычнымі зарадамі, асаблівасцямі ўпарадкаванага руху зараджаных часціц, фізічнымі велічынямі, якія характарызуюць электрычныя і магнітныя палі.

У 10-м класе ў раздзеле «Электрадынаміка» вы будзеце вывучаць наступныя тэмы: «Электрастатыка», «Пастаянны электрычны ток», «Магнітнае поле. Электрамагнітная індукцыя» і «Электрычны ток у розных асяроддзях».