Падвядзём вынікі

Чалавеку ўласціва фізіялагічная адаптацыя да тэмпературных змяненняў асяроддзя, якая кантралюецца гіпаталамусам, і сацыяльная — за кошт стварэння камфортных умоў пражывання.

Вірусы, бактэрыі, грыбы, гельмінты і членістаногія з’яўляюцца прычынай інфекцыйных захворванняў, якія могуць дастаткова хутка распаўсюджвацца сярод людзей.

Для таго каб засцерагчы сябе ад атручэнняў такімі грыбамі, як белая паганка, свінуха тонкая, мухамор чырвоны, страчок звычайны, радоўка сернажоўтая, неабходна ўмець адрозніваць ядавітыя грыбы ад ядомых.

Найбольш часта сустракаемыя ў Беларусі ядавітыя жывёлы — гэта сляпень бычыны, пчала меданосная, аса звычайная, чмель палявы, шэршань звычайны, жук нарыўнік, гадзюка звычайная.

Небяспеку для здароўя і жыцця чалавека ўяўляюць ядавітыя расліны: цыкута ядавітая, балігалоў рабы, дурнап’ян звычайны, блёкат чорны, воўчае лыка, баршчэўнік Сасноўскага.

Лекавыя расліны змяшчаюць каштоўныя хімічныя рэчывы, таму шырока выкарыстоўваюцца для вытворчасці лекавых прэпаратаў.

Для здароўя чалавека сур’ёзную небяспеку ўяўляюць такія забруджвальнікі навакольнага асяроддзя, як суспензаваныя часціцы, аксіды азоту і вугляроду, метан, цяжкія металы, радыенукліды. У выпадку перавышэння санітарных норм электрамагнітнае выпраменьванне, шум, вібрацыя негатыўна ўплываюць на сардэчна-сасудзістую, палавую, эндакрынную, імунную, стрававальную і нервовую сістэмы арганізма чалавека.

Для паўнавартаснага жыцця чалавеку неабходна ежа, якая змяшчае збалансаваную колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мінеральных рэчываў. Для паляпшэння знешняга выгляду прадуктаў харчавання, іх арганалептычных (смакавых) уласцівасцей, а таксама захоўвання і транспарціроўкі выкарыстоўваюцца харчовыя дабаўкі.

Такія забруджвальнікі харчовай прадукцыі, як радыенукліды, цяжкія металы, нітраты, выклікаюць у чалавека сур’ёзныя захворванні. У Беларусі ажыццяўляецца строгі кантроль за бяспекай харчовай прадукцыі.

Усё больш шырокае ўжыванне ў Рэспубліцы Беларусь у якасці ўпакоўкі атрымліваюць экалагічна біяраскладальныя плёнкі, крафт-папера, ядомая ўпакоўка.

Для захавання спажывецкіх якасцей прадуктаў харчавання іх транспарціроўка і захоўванне ажыццяўляюцца з дапамогай шкляных слоікаў, нержавеючай сталі, керамікі, эмаліраванага посуду, сіліконавых і харчовых вакуумных кантэйнераў. Тэрміны захоўвання прадуктаў харчавання можна павялічыць рознымі спосабамі кансервавання.

Апошняе змяненне: Чацвер 18 Чэрвень 2020 3:33