Як працаваць з вучэбным дапаможнікам

Паважаныя дзесяцікласнікі! У гэтым годзе вас зноў чакае сустрэча з гісторыяй найстаражытнейшых часоў да канца XVIII ст. Вы можаце задаць пытанне: навошта зноў вывучаць тое, што ўжо было пройдзена? З асноўнымі гістарычнымі падзеямі вы сапраўды знаёмыя. А цяпер вам трэба сістэматызаваць і абагульніць веды, сфарміраваць цэласную карціну гістарычнага мінулага. На працягу гісторыі чалавецтва грамадства развівалася ад простых формаў арганізацыі да больш складаных, і кожная стадыя гістарычнага працэсу мела сваю логіку. Вам трэба навучыцца разумець, як з мноства фактаў і з’яў у кожным перыядзе фарміраваліся заканамернасці гістарычнага развіцця. У гэтым вам будзе падтрымкай вучэбны дапаможнік, які вы трымаеце ў руках.

Любы з вас можа выбудаваць сваю індывідуальную адукацыйную траекторыю. Кожны параграф вучэбнага дапаможніка прысвечаны адной тэме і змяшчае матэрыялы базавага (агульнаадукацыйнага) узроўню. Матэрыял, прызначаны для тых, хто вывучае гісторыю на павышаным узроўні, размешчаны на электронным адукацыйным рэсурсе, аб магчымасці пераходу да яго сведчыць спецыяльны знак. Пры жаданні тыя з вас, хто вывучае сусветную гісторыю на базавым узроўні, могуць працаваць з матэрыяламі павышанага ўзроўню. У гэтым вам будзе садзейнічаць вучэбны дапаможнік, які вы трымаеце ў руках.

Дапаможнік складаецца з уводзін і трох раздзелаў, прысвечаных гісторыі цывілізацый Старажытнага свету, Сярэднявечча, першага перыяду Новага часу (XVI–XVIII стст.). У пачатку кожнага раздзела неабходна азнаёміцца з храналагічнай табліцай, каб сістэматызаваць уяўленне пра тэму. Кожны параграф пачынаецца пастаноўкай праблемы, якую вы павінны вырашыць у працэсе вывучэння тэмы, і пытаннямі, якія дазваляюць актуалізаваць неабходныя веды. Калі для таго, каб на іх адказаць, вам неабходна скарыстацца вучэбнымі дапаможнікамі па гісторыі для 5–9 класаў, памятайце, што іх можна знайсці ў школьнай бібліятэцы або выкарыстаць электронныя версіі, размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале (http://www.e-padruchnik.adu.by). Кожны раздзел завяршаецца абагульненнем, заданні якога дадуць магчымасць падвесці вынікі па перыядах.

Матэрыял вучэбнага дапаможніка прадстаўлены тэкстам, схемамі, табліцамі, картамі. Ілюстрацыйны матэрыял арганічна дапаўняе тэкст і дае магчымасць сфарміраваць найбольш поўнае ўяўленне пра гістарычную рэальнасць. Кожная з формаў падачы інфармацыі з’яўляецца неабходнай для вырашэння тых ці іншых вучэбных задач. Тэкст параграфаў змяшчае фрагменты гістарычных крыніц, апісанне гістарычных фактаў, розныя пункты гледжання вучоных. Усё гэта дазволіць вам зразумець неадназначнасць вывучаемых працэсаў і з’яў, у ходзе дыскусіі вызначыць сваю пазіцыю па праблеме.

Ілюстрацыі, пададзеныя ў пачатку параграфаў, прызначаны для актуалізацыі ведаў, атрыманых у 5–7 класах. Уважліва разгледзьце іх і раскажыце, з якімі гістарычнымі падзеямі, з’явамі або працэсамі яны звязаны. Успомніце ўсё, што вы ведаеце пра гэтыя падзеі.

Даты, паняцці, азначэнні якіх неабходна ведаць, назвы твораў мастацтва і літаратуры, якія трэба запомніць, у тэксце выдзелены тлустым курсівам. Светлым курсівам выдзелены важныя паняцці, даты значных падзей і прозвішчы гістарычных асоб, жыццё і дзейнасць якіх патрабуюць асэнсавання.

Слоўнік і памяткі размешчаны на электронным адукацыйным рэсурсе (http://profil.adu.by).

Як грамадзянам нашай краіны, кожнаму з вас неабходна засвоіць пэўны набор ведаў (звестак пра падзеі, паняцці, імёны, назвы), усталяваць і зразумець сувязі паміж з’явамі, дзякуючы чаму сфарміруецца агульная карціна гістарычнага развіцця Беларусі і свету. Для тых жа, каму важныя глыбокія веды па гісторыі і больш дэталёвае разуменне гістарычнай карціны свету, прадугледжаны пытанні і заданні, накіраваныя на пошук гістарычнай інфармацыі, яе аналіз, правядзенне гістарычнага даследавання. Выконваць іх неабходна па рэкамендацыі настаўніка або па ўласнай ініцыятыве. Некаторыя заданні ў дапаможніку маюць творчы характар, асаблівае месца сярод іх займае напісанне эсэ.

Для тых, хто вывучае гісторыю на павышаным узроўні, створаны электронны дадатак, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http: //www.profil.adu.by). Тыя пытанні, якія неабходна вывучаць на павышаным узроўні, пазначаны спецыяльным знакам-­сімвалам і маюць QR‑код. У гэтым выпадку трэба звяртацца да электроннага дадатку, для азнаямлення з матэрыяламі якога можна выкарыстоўваць гасцявы доступ.
Умоўныя абазначэнні вучэбнага дапаможніка дазваляюць лёгка арыентавацца ў вучэбным, дадатковым, дакументальным матэрыяле.

Последнее изменение: Четверг, 16 Апрель 2020, 22:44