Як працаваць з вучэбным дапаможнікам

Паважаныя дзесяцікласнікі! 

У 10-м класе вы зноў звяртаецеся да надзвычай цікавага і складанага перыяду гісторыі Беларусі: са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст. Шмат падзей, якія адбыліся ў гэты перыяд, сталі прадметам навуковых спрэчак, бо не ўсё пакуль канчаткова высветлена, не на ўсе пытанні можна даць вычарпальныя адказы. Але вам неабходна дасканала вывучыць і зразумець тое, што адбывалася ў гэты час, — ​зразумець настолькі, каб засвоіць урокі, дадзеныя гісторыяй, і засцерагчыся ад паўтарэння зробленых памылак у будучым.

Каб вы маглі памятаць айчынную гісторыю, ведаць яе асоб, з’явы і падзеі, аўтарскі калектыў падрыхтаваў для вас вучэбны дапаможнік. Ён складаецца з шасці раздзелаў, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на параграфы. Дапаможнік утрымлівае параграфы для базавага ўзроўню, а матэрыялы для павышанага ўзроўню абазначаны спецыяльным знакам-сімвалам і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://profil.adu.by). Калі ў тых, хто вывучае гісторыю Беларусі, з’явіцца жаданне ведаць больш, чым прапаноўвае дапаможнік, яны маюць магчымасць працаваць з матэрыяламі павышанага ўзроўню. Такім чынам, кожны з вас можа выбудоўваць сваю індывідуальную адукацыйную траекторыю.

На пачатку кожнага раздзела вам прапаноўваецца прааналізаваць ментальную карту і храналагічную табліцу, каб сістэматызаваць веды па дадзенай тэме, узгадаць галоўныя падзеі пе­рыяду. Кожны параграф пачынаецца з пытанняў, якія дазваляюць актуалізаваць веды. Калі для гэтага вам спатрэбяцца іншыя вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, памятайце, што іх можна знайсці ў школьнай бібліятэцы або скарыстацца электроннымі версіямі, размешчанымі на нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле «Электронная бібліятэка» (http://www.е-padruchnik.adu.by). Параграфы завяршаюцца пытаннямі і заданнямі розных ўзроўняў. Яны неабходныя для самакантролю і замацавання зместу вучэбнага матэрыялу.

Вучэбны матэрыял дапаможніка прадстаўлены разнастайнымі формамі падачы інфармацыі: тэкстам, схемамі, табліцамі, картасхемамі. Ілюстрацыйны матэрыял таксама выступае як арганічная частка тэкставага матэрыялу і дазволіць найбольш поўна сфарміраваць ваша ўяўленне аб гістарычнай рэчаіснасці. Кожная з формаў прадстаўленай інфармацыі з’яўляецца неабходнай для вырашэння вучэбных задач.

Тэкст параграфаў змяшчае рубрыкі «Гістарычная асоба», «Гістарычная крыніца», «Пункт гледжання», «На палях», якія дапамогуць вам удасканаліць навыкі самастойнай працы з гістарычнай інфармацыяй, больш глыбока вывучыць падзеі і з’явы айчыннай гісторыі. Трэба памятаць, што да зместу гістарычных крыніц варта адносіцца крытычна, бо для іх характэрная пэўная суб’ектыўнасць. Памяткі па рабоце з гістарычным дакументам, ілюстрацыяй вы знойдзеце ў канцы вучэбнага дапаможніка.

Гістарычны матэрыял у дапаможніку носіць навуковы характар. Навуковыя і гістарычныя тэрміны, назвы твораў мастацтва і літаратуры, азначэнні якіх неабходна ведаць, у тэксце выдзелены паўтлустым курсівам. Паняцці, даты падзей і прозвішчы гістарычных асоб, жыццё і дзейнасць якіх патрабуюць асэнсавання нашчадкамі, вы­дзяляюцца курсівам.

Для тых, хто не збіраецца быць прафесійным гісторыкам, дастаткова засвоіць невялікі набор ведаў (паняццяў, дат, імён, назваў) і ўсвядоміць сувязі паміж імі, якія ўтвараюць агульную карціну гістарычнага развіцця Беларусі і свету. Тым жа, каму важнае грунтоўнае веданне гісторыі, патрабуецца больш глыбокае разуменне гістарычнай карціны свету, засваенне вельмі вялікага аб’ёму дэталёвых ведаў, увесь набор якіх не можа змясціцца ў адным дапаможніку або даведніку. У такім выпадку для вас прадугледжаны пытанні і заданні, накіраваныя на пошук гістарычнай інфармацыі, яе аналіз, правядзенне гістарычнага даследавання.

Таксама вы можаце выбраць даследчы праект па тэме і пачаць працу над ім. Прыкладныя тэмы даследчых праектаў прапанаваны ў абагульненні да кожнага раздзела.

Для работы на павышаным узроўні дапаможнік змяшчае практыкумы з гіста­рычнымі дакументамі, навуковымі артыкуламі, літаратурнымі крыніцамі, ілюстрацыямі і картасхемамі. 

Вучэбны дапаможнік утрымлівае новыя формы заданняў — напрыклад, пад­рыхтоўка артыкула ў фармаце Вікіпедыі. Змяшчаць падрыхтаваны вамі артыкул у вольнай энцыклапедыі няма неабходнасці. Аднак пры рабоце з яго зместам трэба ўлічваць правілы, паводле якіх ствараюцца такія артыкулы. Або замест звычайных, ужо звыклых вам паведамленняў аб гістарычным дзеячы ці пэўнай гістарычнай з’яве вы атрымаеце наступнае заданне: «Падрыхтуйце пост-разважанне для сацыяльнай сеткі аб тым, што такое гісторыя. Падбярыце да яго ілюстрацыю і размясціце пост у сацыяльнай сетцы». Пры выкананні такога задання неабходна разумець, што не ўсе маюць магчымасць працаваць з сацыяльнымі сеткамі падчас вывучэння вучэбнага прадмета. Калі на ўроках гісторыі Беларусі вы працуеце з сацыяльнымі сеткамі, то можаце размясціць сваю работу там, падзяліцца ёю з аднакласнікамі і настаўнікам для абмеркавання ў каментарыях. Калі магчымасці працаваць з сацыяльнымі сэрвісамі няма, то такое заданне мож­на выканаць з дапамогай офісных праграм (напрыклад, Microsoft Word), раздрукаваць і абмеркаваць на ўроку або запісаць у сшытку. Падобныя заданні даюць магчымасць фарміраваць тыя навыкі і ўменні, якія дапамогуць вам лёгка ўключыцца ў сучасныя рэаліі жыцця (пошук неабходнай інфармацыі ў інтэрнэце, падрыхтоўка паведамленняў ці прэзентацый, кароткіх тэзісаў, даследчых праектаў і інш.).

Умоўныя абазначэнні вучэбнага дапаможніка дазваляюць лёгка арыентавацца ў вучэбным, дадатковым, дакументальным матэрыяле:

Последнее изменение: Вторник, 7 Апрель 2020, 17:32