*КАРОТКІ СЛОЎНІК ТЭРМІНАЎ І ПАНЯЦЦЯЎ
Аквакультура — развядзенне і вырошчванне ў кантраляваных чалавекам (штучных) умовах водных раслін і жывёл (рыб, ракападобных, ігласкурых, малюскаў, водарасцей), якія прадстаўляюць эканамічную або эстэтычную каштоўнасць.
«Зялёная» эканоміка» — эканоміка, якая павышае дабрабыт людзей і пры гэтым істотна зніжае рызыкі для навакольнага асяроддзя і яго дэградацыі.
Інтэрнацыяналізацыя сусветнай гаспадаркі — працэс устанаўлення такіх вытворчых сувязей паміж прадпрыемствамі розных краін, пры якіх вытворчасць адной краіны ўсё больш становіцца часткай сусветнага вытворчага працэсу.
Лесапрамысловы комплекс — сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемаабумоўленых галін вытворчасці, якія займаюцца гаспадарчым выкарыстаннем лясных рэсурсаў.
Міжнародны гандаль — сістэма міжнародных таварна-грашовых адносін у галіне абмену таварамі, сыравінай і паслугамі, якая складваецца са знешняга гандлю ўсіх краін свету.
Навукова-тэхнічны прагрэс (НТП) — бесперапынны працэс укаранення новай тэхнікі і тэхналогій у гаспадарку на аснове дасягненняў і рэалізацыі навуковых ведаў з мэтай павышэння эфектыўнасці і якасці вытворчых працэсаў і задавальнення патрэб грамадства.
Навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР) — карэнныя пераўтварэнні ў сістэме навуковых ведаў і ў тэхніцы, якія адбываюцца ў непарыўнай сувязі з гістарычным працэсам развіцця чалавечага грамадства.
Арганічная сельская гаспадарка — такая форма вядзення сельскай гаспадаркі, у рамках якой адбываецца свядомая мінімізацыя выкарыстання сінтэтычных угнаенняў, пестыцыдаў, рэгулятараў росту раслін, кармавых дабавак, генетычна мадыфікаваных арганізмаў.
Сеткавая эканоміка — гэта гаспадарчая (эканамічная) дзейнасць, якая грунтуецца на працяглых узаемасувязях паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі сеткі Інтэрнэт.
Тэрытарыяльная структура гаспадаркі — сукупнасць узаемна размешчаных і сучлененых тэрытарыяльных элементаў гаспадаркі, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні ў працэсе развіцця і функцыянавання.
Тэхнаполіс — свабодная зона высокіх тэхналогій, якая складаецца з навукаёмістых фірм і даследчых лабараторый, групуецца вакол буйнога ўніверсітэта або навукова-даследчага цэнтра, дзе ажыццяўляецца спалучэнне навукі і тэхналогіі з сусветнай і традыцыйнай нацыянальнай культурай.
Экалагізацыі эканомікі — гэта працэс укаранення ў эканоміку прынцыпаў рацыянальнага прыродакарыстання і мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры эканамічнай дзейнасці.