Пімен Панчанка "Зямля бацькоў"

Пімен Панчанка

ЗЯМЛЯ БАЦЬКОЎ

А на Палессі ўсё нядробна:
Цяжкая спадчына вякоў,
Цяжкія рукі хлебаробаў,
Цяжкія сны палешукоў.

Якую трэба мець адданасць
І сэрца сынава, каб так
Любіць палескі край туманны
І маці бедны андарак.

Якую мужнасць мець патрэбна,
Каб хуткасці наперакор
Уваскрасіць і воблік зрэбны
Сяла,
І водбліск даўніх зор.
Нас б’е па сэрцах паскарэнне,
Сціскаюцца прастора, час.
А матчынай зямлі карэнні
Ніколі не адпусцяць нас.

Хвалюючае падабенства!
Старонкі Мележа крані —
І з небыцця, з майго маленства
Мае узнікнуць Курані.

І час імкліва незваротны
Мастак ізноў вяртае нам,
І ажывае ўладна роднасць,
Хоць я з мясцін інакшых сам.

Пад навальнічны подых рэзкі
Я пад буслянкаю стаю
І ў ціхай вёсачцы палескай
Сябе малога пазнаю.

І, навальніцаю абмыты,
Па сцежцы, як па паяску,
Іду па лузе аксамітным
Ля выспаў белага пяску.

Развеяўся настрой наганы,
Каліны зноў цвітуць мае.
І свеціць мне усмешка Ганны,
Любоў яе і боль яе.

Зямля бацькоўская, святая.
Так, гэта мы. Увесь народ...
Мне ў сэрца бусел залятае
З трывожных прыпяцкіх балот.

Последнее изменение: Воскресенье, 14 Март 2021, 19:58