*Падвядзём вынікі
Вывучыўшы раздзел «Арганізм і асяроддзе», вы даведаліся, што жывыя арганізмы маюць агульныя ўласцівасці: адзінства хімічнага саставу, клетачную будову, абмен рэчываў і энергіі, самарэгуляцыю, рухомасць, раздражняльнасць, размнажэнне, спадчыннасць і зменлівасць, рост і развіццё, адаптацыю да ўмоў асяроддзя.
Асяроддзе пражывання любога арганізма ўключае нейтральныя і экалагічныя фактары. Паводле прыроды паходжання экалагічныя фактары падзяляюць на: абіятычныя (кліматычныя, эдафічныя, араграфічныя, геафізічныя), біятычныя (унутрывідавыя, міжвідавыя) і антрапагенныя (прамыя, ускосныя). Біятычныя міжвідавыя фактары паводле сістэматычнай прыналежнасці ў сваю чаргу падзяляюць на чатыры групы: фітагенныя, заагенныя, мікагенныя і мікробагенныя. Антрапагенныя ўскосныя фактары могуць быць фізічнымі, хімічнымі, біялагічнымі ці сацыяльнымі. Усе антрапагенныя фактары паводле выніку іх уздзеяння на арганізмы ці асяроддзе пражывання падзяляюць на станоўчыя і адмоўныя. Арганізмы ў адносінах да розных экалагічных фактараў маюць пэўныя межы трываласці, абмежаваныя экалагічным мінімумам і экалагічным максімумам. У межах трываласці вылучаюць зоны оптымуму, нармальнай жыццядзейнасці і песімуму. У залежнасці ад меж трываласці арганізмы дзеляць на стэнабіёнты і эўрыбіёнты.
Жыццядзейнасць арганізма вызначае экалагічны фактар, які найбольш адхіліўся ад свайго аптымальнага значэння ў параўнанні з іншымі фактарамі асяроддзя, — лімітуючы фактар. Пры вызначэнні лімітуючага фактару трэба кіравацца правілам мінімуму Лібіха ці законам талерантнасці Шэлфарда. Змяняючы сілу гэтага фактару, можна кіраваць жыццядзейнасцю арганізмаў у прыродзе і гаспадарцы. У адносінах да экалагічных фактараў асяроддзя (святла, тэмпературы і вільготнасці) у арганізмаў выпрацаваліся разнастайныя адаптацыі. Паводле характару адаптацый да пэўнага экалагічнага фактару арганізмы падзяляюць на экалагічныя групы.
Частка прыроды з асаблівым комплексам фактараў, для існавання ў якой у розных сістэматычных груп арганізмаў сфарміраваліся падобныя адаптацыі, называецца асяроддзем жыцця. На планеце Зямля вылучаюць чатыры асноўныя асяроддзі жыцця: воднае, наземна-паветранае, глебавае і іншы арганізм. У водным асяроддзі лімітуючым фактарам з’яўляецца кісларод. У наземна-паветраным асяроддзі — вільготнасць. Глеба як асяроддзе жыцця мае высокую шчыльнасць, асаблівы гідратэрмічны рэжым і аэрацыю. Узаемаадносіны, калі адзін арганізм жыве за кошт іншага і прыгнятае яго жыццядзейнасць, называюцца паразітызмам. Асноўныя адаптацыі да паразітызму: малыя памеры цела, спрашчэнне будовы, ахоўнае покрыва цела, высокая пладавітасць, змена гаспадароў ў жыццёвым цыкле.