АД АЎТАРАЎ

Дарагія старшакласнікі! Надышоў апошні, выпускны год навучання ў школе, які падвядзе вынік шматгадовай працы. Няма неабходнасці тлумачыць, як важна ў гэтым класе напружана працаваць, каб зрабіць усё магчымае для паспяховага завяршэння навучання ў сярэдняй школе.

Як пісаў М. П. Трэцьякоў у падручніку «Курс фізікі»: «У старэйшых класах школы вучням пара не толькі назіраць і канстатаваць назіраемае, але і вучыцца прымяняць агульныя палажэнні да рашэння прыватных пытанняў, карыстаючыся даступнымі ім сродкамі матэматыкі. Толькі так можна даць уяўленне аб эксперыментальным метадзе даследавання і ліквідаваць той разрыў, які існуе паміж школай
і ВНУ.

Наўрад ці ў падручніку патрэбны апісанні шматлікіх доследаў чыста ілюстрацыйнага характару, якія часта дубліруюць адзін аднаго. Падбор і афармленне доследаў — справа густу і магчымасцей настаўніка. Што ж датычыцца асноўных, якія маюць прынцыповае значэнне, то … без іх апісання немагчыма даць уяўленне аб эксперыментальным метадзе ў фізіцы».

У 11-м класе вы будзеце вывучаць фізіку ваганняў і хвалевых працэсаў, а таксама оптыку. Вас чакае знаёмства з цікавымі з’явамі і законамі квантавай фізікі, фізікі мікрасвету (атама, ядра, элементарных часціц), асновамі спецыяльнай тэорыі адноснасці, якая ў свой час карэнным чынам змяніла ўяўленне аб навакольным свеце.

Азнаямленне з сучаснай фізічнай карцінай свету дазволіць вам сабраць разам увесь вывучаны матэрыял і зірнуць па-новаму на навакольны свет і яго далейшую эвалюцыю ў агляднай будучыні.

Матэрыял дадзенага дапаможніка прадстаўлены васьмю раздзеламі, падзеленымі на параграфы.

У вучэбным дапаможніку пад знакам  дадзена актуалізацыя матэрыялу, вывучаемага ніжэй, а таксама ёсць рубрыка «Паўтарэнне», адзна­чаная знакам , якая дазваляе перад пачаткам знаёмства з новай тэмай коратка паўтарыць матэрыял, вывучаны вамі раней.

У кожным з параграфаў для канцэнтрацыі вашай увагі азначэнні і фармулёўкі законаў вылучаны тлустым шрыфтам, а формулы для запамінання змешчаны ў рамкі. Кантрольныя пытанні да параграфа вылучаны знакам , далей ідуць прыклады рашэння задач і задачы для самастойнага рашэння. Для засваення матэрыялу вам трэба не толькі вывучыць тэорыю, але і самастойна выканаць заданні, дадзеныя ў практыкаваннях.У канцы кожнага раздзела размешчаны найбольш важны матэрыял для засваення тэарэтычных ведаў і фарміравання практычных уменняў, а таксама дадзены заданні для самастойных даследаванняў.

У Дадатку да вучэбнга дапаможніка дадзены інструкцыі да лабараторных работ. У канцы кнігі размешчаны адказы да практыкаванняў.

У рубрыцы «Гэта цікава», якая размешчана на жоўтай плашцы, падабраны незвычайныя фізічныя факты і з’явы, звязаныя з вывучаемым матэрыялам, якія могуць быць карыснымі пры падрыхтоўцы дакладаў на школьную канферэнцыю, напісанні рэфератаў і г. д.

Знакам вылучаны вучоныя, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію за свае даследаванні.

Старанна выконвайце заданні і рэкамендацыі настаўніка, настойліва займайцеся самастойна. Цудаў не бывае — толькі настойлівая праца ў класе і дома прывядзе вас да поспеху пры вывучэнні фізікі.

Жадаем поспехаў!

Аўтары


(Пока объявлений нет)