Абагульненне па VI раздзеле

«Культура Беларусі»

Культура Беларусі фарміравалася паступова на працягу стагоддзяў, сумяшчаючы ў духоўнай і матэрыяльнай дзейнасці як народныя, так і элітарныя элементы. Пры асэнсаванні мастацтва неабходна ўлічваць уплыў міграцыйных працэсаў і сумежных культур, запазычванне некаторых асаблівасцяў культуры, перанясенне асобных рыс беларускай культуры ў культуру бліжэйшых суседзяў.

У перыяд Высокага Сярэднявечча культура на славянскіх землях ВКЛ фарміравалася пад моцным уплывам візантыйскіх элітарных традыцый. На землі Усход­няй Еўропы разам з хрысціянствам пачало пранікаць пісьмо, рукапісная кніга, традыцыя агіяграфічнай літаратуры і летапісання. Разам з тым у манументальнай архітэктуры паступова фарміраваліся свае дойлідскія школы (полацкая і гарадзен­ская), асаблівасці дэкору і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На беларускіх зямлях вылучаліся асаблівасці мастацтва поўначы і поўдня (у межах Полацкага і Тураўскага княстваў, а з прыходам эпохі раздробленасці — ​і памежнага балта-славянскага рэгіёна Панямоння).

У час складання дзяржаўнай тэрыторыі ВКЛ культура беларускіх зямель развівалася інтэнсіўна — ​фарміравалася пісьмовая культура на аснове старабеларускай мовы, якая на працягу XIV—XV стст. стала дзяржаўнай і заставалася афіцыйнай мовай справаводства да канца XVІІ ст. У культуры беларускіх зямель адчуваўся сінтэтычны ўплыў візантыйскай і заходнееўрапейскай культур у выяўленчым мастацтве, архітэктуры, літаратуры.

Эпохі Адраджэння і барока дазволілі сфарміраваць своеасаблівыя мастацкія стылі на тэрыторыі Беларусі на аснове заходнееўрапейскіх традыцый. Гэта беларускае барока, сармацкі пахавальны партрэт, уніяцкі абраз, кніжная гравюра.
У другой палове XVІІІ ст. элітарная культура на беларускіх землях падпала пад уплыў французскай філасофскай школы. Разам з інтэлектуальнымі пераўтварэннямі ў асяродку магнатаў і заможнай шляхты адбывалася перайманне новых элементаў культуры Асветніцтва. З’явіліся тэатр і перыядычны друк, была заснавана Адукацыйная камісія, што дало пачатак свецкай сістэме адукацыі. У гэты перыяд адбылося пранікненне класіцызму ў свецкую і культавую архітэктуру.
Пры гэтым беларуская культура захавала свой каларыт у народных традыцыях. Казачны і песенны фальклор, арнаменталістыка, народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва дазваляюць убачыць яе асаблівасці, якія вытрымалі выпрабаванне часам.

Працуем з вучэбным тэкстам
Складзіце тэзісы, гекс або ментальную карту па адной з наступных тэм.
1. Асаблівасці развіцця архітэктуры беларускіх зямель у ХІ—ХVІІІ стст.
2. Развіццё літаратуры на беларускіх землях у Х—ХVІІІ стст.
3. Гісторыя развіцця кніжнай справы ў Беларусі.
4. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: асаблівасці, этапы, характарыстыка развіцця.
5. Выяўленчае мастацтва на беларускіх землях у ХІІ—ХVІІІ стст.

Працуем з паняццямі
Дапоўніце прапанаваны пералік паняццяў па тэме раздзела тымі, якія, на ваш погляд, павінны абавязкова ведаць вучні 10-га класа для поўнага асэнсавання тэмы «Культура Беларусі, Х—XVIII стст.» і раскрыцця ўсіх яе паняццяў: Адраджэнне, Асветніцтва, барока, гатычны стыль, класіцызм, народная культура, полікультурнасць, раманскі стыль, сарматызм.
Складзіце з гэтых паняццяў воблакі слоў па кожнай тэме раздзела. У кожным з іх вызначце найбольш істотнае паняцце, якое характарызуе ўсю тэму. Па адным з воблакаў складзіце крыжаванку.

Сістэматызуем веды
1. Запоўніце табліцу «Дасягненні культуры Беларусі Х—XVIII стст.». Дапоўніце яе важнымі (на ваш погляд) з’явамі з гісторыі культуры Беларусі, якія не ўвайшлі ў пададзены пералік. Растлумачце, чаму вы абралі менавіта іх.

Тураўскае евангелле, дзейнасць прыгоннага тэатра Радзівілаў у Нясвіжы і Слуц­ку, стварэнне Адукацыйнай камісіі, адкрыццё ўніверсітэта ў Вільні, выданне «Катэхізіса» Сымонам Будным, выданне «Буквара» Спірыдонам Собалем, агіяграфічная літаратура, выданне «Газеты Гродзенскай», выданне «Буквара языка славенскага» Сімяонам Полацкім, Ефрасіння Полацкая, Францішак Смуглевіч, выданне граматыкі Мялеціем Сматрыцкім, будаўніцтва Нясвіжскага замка, «Словы» Кірылы Тураўскага, «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага, узвядзенне Барысаглебскай царквы ў Гародні, выданне Берасцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі, узвядзенне Сафійскага сабора ў Полацку, віленская мастацкая школа.

2. Вызначце з’явы і падзеі з культурнага жыцця беларускіх зямель, якімі мож­на дапоўніць ментальную карту ў пачатку раздзела «Культура Беларусі», і скла­-
дзіце новую карту.­
3. Падзяліцеся на групы і падрыхтуйце ілюстраваны даведнік па адной з дадзеных тэм. Падчас работы выкарыстайце дадатковыя крыніцы.
1. Пісьменства ў ХІ —першай палове ХІІІ ст.
2. Архітэктура беларускіх зямель у Х — ​першай палове ХІІІ ст.
3. Жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў Х — ​першай палове ХІІІ ст.
4. Беларуская готыка.
5. Агульнадзяржаўнае летапісанне ў ВКЛ у ХV—ХVI стст.
6. Эпоха Адраджэння ў Беларусі (характарыстыка паняцця, прычыны і сутнасць з’явы, асноўныя кірункі развіцця).
7. Развіццё літаратуры ў Беларусі (асноўныя жанры, назвы твораў, прозвішчы аўтараў).
8. Развіццё адукацыі ў Беларусі ў XVI—XVIIІ стст. (тыпы навучальных устаноў (лакалізацыя на картасхеме), іх характарыстыка, найбольш значныя навучальныя ўстановы ў ВКЛ).
9. Мастацтва (асноўныя жанры, іх характарыстыка, пералік твораў і іх аўтараў).

Разважаем
1. Як падзеі грамадскага жыцця ўплываюць на развіццё культуры? Выкажыце сваю думку.
2. Ці неслі ідэі асветнікаў пагрозу для краін, дзе панавала абсалютная манархія? Абгрунтуйце свой адказ.

Творчыя заданні
 1. Падрыхтуйце план віртуальнага музея. Дайце музею назву. Зрабіце план залаў. Прадумайце, якія экспанаты складуць экспазіцыю і як яны будуць размешчаны, намалюйце іх або дадайце іх фотаздымкі.
2. Падрыхтуйце аповед-«экскурсію» пра пэўны экспанат (на ваш выбар) з дасягненняў культуры Беларусі для розных груп экскурсантаў: 1) вучняў 2-га класа; 2) вучняў 8-га класа; 3) бацькоў; 4) замежных турыстаў.
3. Падрыхтуйце даведнік архітэктурных помнікаў Беларусі або вашага краю, што датычацца ХІ—ХVІІІ стст. Апішыце іх, раскажыце гісторыю стварэння паводле наступнага плана:
а) як называецца і дзе знаходзіцца помнік;
б) да якога перыяду адносіцца яго стварэнне;
в) прызначэнне збудавання;
г) канструкцыя;
д) памеры;
е) форма (стыль);
ж) аздабленне;
з) афарбоўка;
і) сувязь з навакольнай мясцовасцю.
4. Уявіце, што вам прапанавалі паўдзельнічаць у дабрачынным аўкцыёне па зборы сродкаў на аднаўленне архітэктурных помнікаў культуры Беларусі. Падрых­туйце каталог аўкцыённых пазіцый з ілюстрацыямі і апісаннем.

Даследуем
 Прыняцце хрысціянства і візантыйскі ўплыў на культуру беларускіх зямель.
Архітэктурныя збудаванні на тэрыторыі Беларусі XI—XIII стст.
Беларуска-літоўскія летапісы як гістарычна-літаратурныя творы.
ВКЛ — ​краіна замкаў.
Палацы і палацава-паркавыя ансамблі другой паловы XVI — ​XVIII ст. у Беларусі.
Статуты BKJI — ​выдатныя помнікі прававой думкі XVI ст.
Мацей Стрыйкоўскі — ​«бацька» гісторыі ВКЛ.
Нясвіж і Радзівілы ў XVI—XVIII стст.