Практыкум

3. Урывак з твора Фёдара Еўлашоўскага «Гістарычныя запіскі»

Урывак з твора Фёдара Еўлашоўскага «Гістарычныя запіскі»[8]

   Самому Пану Богу майму за ўсялякія яго дабрадзействы няхай будзе вечны гонар і хвала, дзякуючы клопатам якога і я, Фёдар Еўлашоўскі, нарадзіўся ад вышэйпамянёных родзічаў маіх у Ляхавічах у 1546 годзе ад нараджэння Сына Божага месяца лютага сёмага дня ў ноч з нядзелі на панядзелак...

   А потым, кароль яго міласць Жыгімонт Аўгуст калі распачаў вайну з князем Іванам Маскоўскім, я быў першы раз на вайне, дзе і бітва закончылася перамогай нашых над Масквою. У 1564 годзе месяца студзеня 26 дня, на Іван-полі над ракою Улаю. А потым былі ў мяне аж да прыкрасці частыя паездкі на тыя войны, а як я цяпер бачу, малапатрэбныя, бо і Рэчы Паспалітай карысці няшмат тыя войны прыносілі, а мне засталіся памятнымі з-за вялікіх прыгод, цяжкасцей, шкод і невымоўных нягод, якія мне давялося перацярпець...

   Году 1567, а веку майго 21-га былі летам караля яго міласці Жыгімонта Аўгуста паслы вялікія маскоўскія, а менавіта, па імені: Фёдар Іванавіч Калычоў Умны, намеснік суздальскі, чалавек з ім 727, а коней 922; Рыгор Іванавіч Нагой, дварэцкі, людзей з ім 269, а коней 370; Васіль Якаўлевіч Шчалканаў, дзяк або пісар, людзей з ім 229, а коней 332. Сума ўсіх людзей 1225, а коней 1629, з якімі аб міры нічога не было вырашана.

   Той жа восенню кароль яго міласць быў з войскам і ў пастраенні пад Радашковічамі.

   Году 1568 пасля сойма Гарадзенскага і з’езда воінскага ехаў кароль яго міласць да Любліна для сканчэння уніі. Адкуль у 1569 годзе на другім тыдні посту вялікага паны сенатары літоўскія, бачачы многа рэчаў, якія іх не задавальнялі, ад’ехалі былі з Любліна. Аднак жа пасля Вялікадня праз універсалы, з кароннай пячаццю выдадзеныя, зноў да Любліна сабраны будучы, завяршылі унію жніўня месяца 11 дня.

   А перад тым яшчэ зямля Кіеўская, Валынская і Падляшская да Кароны прысуджаны і спісамі прылучаны былі не адразу, але паасобку, па адной зямлі ад Літвы адрываючы, як сведчаць прывілеі, ім даныя. У Падляшскай – найпершая дата, або дакладней анексія сакавіка пятага. Затым у Валынскай зямлі – дваццаць шостага мая. А Кіеўская зямля трохі далей затрымалася была, аж ёй прывілей выдадзены шостага дня чэрвеня ў тым жа 1569 годзе.

   У 1570 годзе быў сойм у Варшаве, але раз’ехаліся без канстытуцыі з-за нязгоды. А ў той жа час паслы былі ў Маскоўскага (Івана)...

   Памёр кароль яго міласць Аўгуст у панядзелак, ліпеня 7 дня, а 18 гадзіне або трэцяй з паўдня, смерці якога не ўтойвалі, што чакалі, але зараз усім аб’явілі… А з-за той смерці караля яго міласці і хваробы маёй засталіся лісты мае непадпісаныя, якія мне кароль яго міласць на маёнткі мне дадзеныя хацеў загадаць напісаць, што здарылася па прычыне вялікага майго няшчасця.

   Пасля таго з’езды ў Польшчы і Літве бывалі. Паслы цэсарскія і іншых паноў прыязджалі. Пільна асцерагаліся разрыву туркамі адносін з Літвою, баяліся, каб Літва з Маскоўскім (царом Іванам Жахлівым) не змовіліся. І таму ж былі ад палякаў у Гародні пан ваявода падольскі, пан камянецкі, дзе дамовіліся аб прымальных выбарах...

   У тым жа 1575 годзе ў маі, з’ехаўшыся панове і рыцарства да Сценжыцы, вырашыўшы абраць каралём Генрыка, больш ужо не чакаць, да выбараў новага пана (караля) прыступілі і, прабыўшы там тры тыдні, раз’ехаліся ў нязгодзе, нічога не зрабіўшы. Я ехаў па волі пана майго да мястэчка Острава, што знаходзіцца ля Любліна, на права, там з шляхтаю Казноўскімі ад іх братавае, дачкі годнага памяці мужа Стафана, мастаўнічага, бацькі цяперашніх суседзяў маіх паноў Вадашынскіх…

 1. Прааналізуйце дакумент з дапамогай памяткі «Як працаваць з дакументамі гістарычнага характару».
          2. Назавіце падзеі, аб якіх ідзе гаворка ў прыведзеным урыўку.
          3. Што можна даведацца пра аўтара гэтага твора?
          4. Прыхільнікам якога манарха з’яўляўся аўтар тэксту?

          5. Аб якіх асаблівасцях твора можна казаць, мяркуючы па яго назве?

[8] Еўлашоўскі Фёдар. Гістарычныя запіскі // Старажытная беларуская 
літаратура (ХІ —ХVII стст.). — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 339—349.