§ 21. Рэфармацыйны рух у ВКЛ

3. Значэнне Рэфармацыі

Рэфармацыя пакінула глыбокі след у гісторыі як заходнееўрапейскіх дзяржаў, так і Вялікага Княства Літоўскага, дзе яна мела пэўныя станоўчыя наступствы і была важнай з’явай у грамадска-палітычным жыцці.

Па-першае, да руху Рэфармацыі прымкнулі многія магнаты ВКЛ (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Глябовічы і інш.), якія з пазіцый дзяржаўнага патрыятызму імкнуліся перад Люблінскай уніяй захаваць незалежнасць Княства. Пасля уніі яны вялі барацьбу за самастойнасць ВКЛ.

Па-другое, феадалы-пратэстанты ў час уздыму Рэфармацыі займалі многія найвышэйшыя дзяржаўныя пасады, пераважалі ў Панах-Радзе, а ў 1569 г. складалі большасць сенатараў ВКЛ, прадстаўленых на сойме Рэчы Паспалітай.

Па-трэцяе, Рэфармацыя, пратэстанцкія школы, друкарні, «шпіталі» (прытулкі), пісьменніцтва садзейнічалі пашырэнню асветы ў грамадстве, распаўсюджанню ідэй гуманізму, верацярпімасці, міралюбства. Рэфармацыя дазволіла пэўнаму колу насельніцтва ВКЛ азнаёміцца са здабыткамі еўрапейскай культуры.

Разам з тым Рэфармацыя на беларускіх землях не дасягнула таго ўзроўню і тых маштабаў, што мелі месца ў заходнееўрапейскіх краінах. Аграрны характар гаспадаркі ВКЛ, шырокія прывілеі феадалаў затрымлівалі развіццё гарадоў і пашырэнне тых колаў мяшчанства, якія ў Заходняй Еўропе сталі сацыяльнай асновай пратэстантызму. Непасрэдна на спад рэфармацыйнага руху ў ВКЛ паўплывалі Люблінская унія 1569 г. і ўтварэнне Рэчы Паспалітай, у якой вядучыя пазіцыі займала каталіцкія царква.

Галоўным вынікам Рэфармацыі ў ВКЛ можна лічыць тое, што яна адыграла важную ролю ў захаванні рэлігійнай цярпімасці ў грамадстве, спрыяла развіццю свецкай культуры, пашырэнню сувязей з краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.