§ 21. Рэфармацыйны рух у ВКЛ

1. Перадумовы Рэфармацыі ў ВКЛ

У ХVІ ст. на землях Беларусі распаўсюдзіліся ідэі Рэфармацыі. У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых дзяржавах Еўропы, Рэфар­мацыя была цесна звязана з Рэнесансам, але ў адрозненне ад іх мела феадальны характар – асноўнымі прыхільнікамі ідэй Рэфармацыі былі шляхціцы. Для іх Рэфармацыя ўяўляла сабой адзін са сродкаў барацьбы за незалежнасць і ўмацаванне сваёй дзяржавы.

Актыўна дзейнічалі манаскія ордэны. Маючы падтрымку вялікіх князёў літоўскіх, у першай палове XVI ст. каталіцтва няўхільна ўмацоўвала свае пазіцыі ў ВКЛ. Касцёл стаў буйным землеўласнікам. Гэта выклікала незадавальненне магнатаў і залежнай ад іх шляхты. Праваслаўная царква ў Княстве была занадта артадаксальнай (кансерватыўнай) і не прымала змен, што адбываліся ў еўрапейскай адукацыі і культуры. Святары звычайна мелі нізкі ўзровень асветы і часта былі не здольныя канкурыраваць з добра адукаваным каталіцкім духавенствам.

Пашырэнне эканамічных сувязяў з суседнімі краінамі садзейнічала ўзмацненню культурнага абмену. На беларускіх землях стала вядомая гуманістычная і рэфармацыйная літаратура. Адным з цэнтраў гуманістычнай думкі ў пачатку XVI ст. з’яўляўся Кракаўскі ўніверсітэт (Польшча), дзе набылі адукацыю вядомыя дзеячы Рэфармацыі — Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Пётр з Ганёндза і інш.

Рэфармацыя ў ВКЛ развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскага руху. Значныя змены ў грамадска-палітычным і духоўным жыцці, пашырэнне міжнародных куль­турных і палітычных кантактаў, гаспадарчы ўздым, абвастрэнне ўнутрыпалітычных і сацыяльных супярэчнасцяў падрыхтавалі глебу для пашырэння Рэфармацыі на беларускіх землях.