§ 21. Рэфармацыйны рух у ВКЛ

2. Асноўныя напрамкі і наступствы рэфармацыйнага руху на беларускіх землях

Рэфармацыя прывяла да ўзнікнення новай галіны хрысціянства — пратэстантызму. Пратэстантызм (ад лац. protestans — той, хто публічна даказвае) — адзін з трох асноўных кірункаў хрысціянства (разам з каталіцтвам і праваслаўем), які ўзнік у выніку Рэфармацыі каталіцкай царквы. Для яго былі характэрныя наступныя рысы: адмаўленне ад царкоўнай іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства. Пратэстанцкае веравучэнне сцвярджала, што для выратавання душы вернiка не патрабуецца пасрэднiцтва царквы. Таму адмаўлялася неабходнасць яе iснавання. Адзiнай крынiцай веры з’яўлялася Свяшчэннае Пiсанне. Аспрэчвалася шанаванне святых, крыжа, ікон, мошчаў; адмаўлялася права царквы дараваць грахі. У другой палове XVI ст. большасць радных паноў ВКЛ перайшла ў пратэстантызм. Пратэстантызм у XVІ ст. падзяляўся на некалькі плыняў: лютэранства, англіканства, кальвінізм і інш.

Першыя пратэстанцкія абшчыны ў ВКЛ узніклі ў першай палове XVI ст. У 1535 г. слуцкі князь Юрый Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Аднак лютэранства тут не атрымала такога значнага пашырэння, як кальвінізм. Лютэранства вызнавалі ў асноўным мяшчане іншаземнага паходжання, пераважна ў Жамойці. 

Кальвінісцкія абшчыны найлепшым чынам адпавядалі імкненню шляхты захаваць сваё пануючае палітычнае становішча ў краіне і аслабіць велікакняжацкую ўладу і каталіцкую царкву. Прыхільнікі кальвінізму патрабавалі адмены царкоўных падаткаў і царкоўнага землеўладання.

Пачаткам Рэфармацыі ў Беларусі лічыцца заснаван­не канцлерам ВКЛ Мікалаем Радзівілам Чорным у 1553 г. у Берасці першай кальвінісцкай абшчыны. Пры яго пад­трымцы пратэстанцкія абшчыны з малітоўнымі дамамі, школамі, шпіталямі, друкарнямі былі арганізаваны ў многіх беларускіх гарадах.

Даволі хутка ў цэнтральных і заходніх рэгіёнах Беларусі, дзе была больш пашырана каталіцкая царква, з’явіліся абшчыны кальвіністаў. Услед за Берасцем яны ўзніклі ў Беліцы, Клецку, Койданаве, Нясвіжы, Іўі, Лоску, Любчы, Заслаўі, Дуброўне, Смаргоні, Ашмянах і іншых гарадах.

Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні і інш. Падтрымку Рэфармацыі аказалі Мікалай Радзівіл Руды, Астафій Валовіч, Ян Кіш­ка, Ян Глябовіч, Юрый Зяновіч.

На працягу 1562—1565 гг. з асяроддзя кальвіністаў вылучылася плынь, якая атрымала назву антытрынітарызм. У Рэчы Паспалітай яе часта называлі арыянс­тва. Назва паходзіла ад імя святара Арыя, які жыў і прапаведаваў у IV ст. н. э. у Александрыі (Егіпет). Ён выступаў супраць догмату аб Святой Тройцы. Удзельнікі руху, якіх яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім называлі «літоўскімі братамі», адмаўлялі Святую Тройцу, хрышчэнне немаўлят, прызнавалі Ісуса Хрыста не Богам, а чалавекам. Таксама антытрынітарыі выступалі супраць прыгон­ніцтва, прыватнай уласнасці.

Прыхільнікаў гэтай плыні пераследавалі ў краінах Заходняй Еўропы, таму многія з іх знайшлі прытулак у ВКЛ, дзе актыўна ўдзельнічалі ў рэфармацыйным руху. Анты­трынітарыі дзякуючы сваёй сацыяльнай праграме карысталіся шырокай падтрымкай сярод мяшчан і сялян. У гэтым руху выразна вылучаліся дзве плыні.

Правадыром і ідэолагам антытрынітарызму ў ВКЛ стаў Сымон Будны (1530—1593), выпускнік Кракаўскага ўніверсітэта. У 1558 г. ён быў запрошаны Мікалаем Радзівілам Чорным у віленскую пратэстанцкую абшчыну з абавязкам вучыць дзяцей. Затым у 1562 г. у Нясвіжы апублікаваў вядомыя творы «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Сымон Будны выступіў супраць догмату аб Святой Тройцы ў каталіцкай і кальвінісцкай інтэрпрэтацыі.

Цэнтрамі антытрынітарызму на Беларусі былі Іўе, Лоск, Любча, Новагародак, Клецк. Да сярэдзіны XVII cт. колькасць антытрынітарыяў дасягнула 10 тысяч чалавек. У склад абшчын уваходзілі прадстаўнікі розных слаёў грамадства, але пры гэтым асноўнае месца належала гарадскім нізам і рамеснікам. Яны далі радыкальнаму рэфармацыйнаму руху такіх правадыроў, як Пётр з Ганёндза, Марцін Чаховіц, Якуб з Калінаўкі і інш. Браты-прапаведнікі ў большай частцы былі простымі людзьмі, якія вылучыліся дзякуючы сваім здольнасцям і адукацыі, атрыманай за кошт мецэнатаў ва ўніверсітэтах Еўропы. Вярнуўшыся на радзіму, яны вялі такое ж жабрацкае жыццё, як і іх паства, што вызначала кірунак іх светапогляду. Аднак сярод іх была і частка шляхты, якая пад уплывам радыкальнай ідэалогіі адмаўлялася ад дзяржаўных пасад, маёмасці і пераходзіла да антытрынітарыяў. Сялян было значна менш, бо яны залежалі ад свайго пана і цалкам знаходзіліся пад яго ўплывам.

У другой палове XVI ст. у ВКЛ існавала каля 180—200 кальвінісцкіх, 10 лютэранскіх і каля 20 антытрынітарных абшчын. Пратэстанцкія суполкі знаходзіліся ў асноўным на літоўскіх землях, Падляшшы, паўночна-заходняй і цэнтральнай Беларусі.

У сярэдзіне XVII ст. рэфармацыйны рух у ВКЛ згас. Засталася народжаная ім пратэстанцкая царква, роля якой у духоўным і грамадска-палітычным жыцці паступова змяншалася. Галоўным вынікам Рэфармацыі ў ВКЛ можна лічыць тое, што яна адыграла прыкметную ролю ў развіцці і захаванні рэлігійнай талерантнасці ў грамадстве, спрыяла пашырэнню сувязяў з краінамі Цэнтральнай і Заход­няй Еўропы.