Абагульненне па IV раздзеле

«Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель»

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў IX—XVIII стст. адбывалася пад знакам пераходу ад шматукладнай эканомікі да класічных феадальных адносін і зараджэння капіталізму.

Сфарміраваліся феадальнае землеўладанне і асноўныя станы-саслоўі грамад­ства. На працягу XV—XVI стст. склаліся прыгоннае права і формы феадальнай эксплуатацыі залежнага насельніцтва. Доўгі час сельская гаспадарка захоўвала натуральны характар. Аграрная рэформа Жыгімонта ІІ Аўгуста прывяла да з'яўлен­ня фальваркава-паншчыннай сістэмы і актывізацыі таварна-грашовых адносін.

Адбывалася фарміраванне і развіццё гарадоў на беларускіх землях. Заняткі мяшчан, іх шматнацыянальны склад, пашырэнне гарадскога самакіравання стварылі спецыфічную гарадскую прастору.

У выніку ваенных дзеянняў другой паловы ХVII ст. назіраўся глыбокі эканамічны заняпад на тэрыторыі Беларусі. Нармалізацыя гаспадарчага жыцця адбыва­лася ва ўмовах крызісу феадальных адносін. Назіралася спроба эканамічнай мадэрнізацыі Рэчы Паспалітай шляхам рэформаў, праведзеных соймам краіны, новаўвядзенняў у магнацкіх уладаннях.

Работа з картасхемай

Намалюйце схематычна ў сшытку межы сучаснай Беларусі. Пазначце на створанай картасхеме:

1) гарады Беларусі ІХ—ХІІ стст. у адпаведнасці з першай згадкай пра іх у летапісах;

2) шлях «з варагаў у грэкі»;

3) гарады Беларусі, якія атрымалі права на самакіраванне ў XIV—XV стст.;

4) прыватнаўласніцкія гарады — цэнтры магнацкіх родаў;

5) тэрыторыю пашырэння фальваркава-паншчыннай гаспадаркі ў XVІ — пер­шай палове XVІІІ ст.;

6) суднаходныя каналы, пабудаваныя ў другой палове XVІІІ ст.

Работа з паняццямі

Падзяліце словы, прыведзеныя ў «воблаку слоў», на групы. Дайце назву кожнай групе. Вызначце ўзаемасувязі паміж паняццямі кожнай групы. Складзіце па вызначаных тэмах: а) разгорнутыя планы для вуснага адказу, б) ментальныя карты (схемы, гексы).

Характарыстыка дзейнасці гістарычных асоб

Складзіце гістарычны партрэт адной з наступных асоб або падрыхтуйце флаер (прэзентацыю, інтэрактыўны плакат) аб жыццядзейнасці гістарычнай асобы (на выбар): Жыгімонт ІІ Аўгуст, Бона Сфорца, Ганна Кацярына Радзівіл, Міхал Казімір Радзівіл, Антоній Тызенгаўз, Міхал Казімір Агінскі. Аддайце перавагу  характарыстыцы іх эканамічнай дзейнасці. 

Фарміраванне ўменняў

Падрыхтуйце тэзісы па наступных пытаннях:

1) утварэнне гарадоў на беларускіх землях;

2) гарадское самакіраванне ў Беларусі;

3) эканамічны заняпад у другой палове XVІІ — пачатку XVІІІ ст.;

4) сацыяльныя супярэчнасці ў XVІ—XVІІІ стст.;

5) эканамічныя рэформы ў другой палове XVІІІ ст.

Складзіце схему «Гандлёвыя шляхі ВКЛ у XVI—XVIII стст. (унутраныя і знеш­нія)». Адлюструйце на схеме прадметы гандлю.

Аналізуем, разважаем

Прааналізуйце аграрную рэформу 1557 г. па плане: прычыны — сутнасць — вынікі — наступствы.

Вызначце прычыны і наступствы гістарычных з’яў. Прадстаўце іх у выглядзе лагічных ланцужкоў:

1) усталяванне феадальных адносін у Беларусі;

2) арганізацыя мануфактурнай вытворчасці ў Беларусі;

3) аграрная рэформа Антонія Тызенгаўза.

Ахарактарызуйце асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў XVI—XVIII стст. Складзіце ментальную карту (гекс) або схему.

Вызначце прычынна-выніковыя сувязі паміж падзелам працы і ўзнікненнем гарадоў, развіццём сацыяльна-эканамічных адносін і станаўленнем дзяржаўнасці. Растлумачце сувязі.

Вызначце фактары, якія ўплывалі на фарміраванне сацыяльнай структуры грамадства беларускіх зямель. Складзіце лагічны ланцужок.

Параўноўваем

Параўнайце сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі і Заходняй Еўропы ў XVI—XVIII стст. Вызначце агульнае і адметнае. Складзіце табліцу.

Працуем з гістарычнымі крыніцамі

З «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваньіні (1578 г.)

Спосаб узворвання і сяўбы ў Беларусі, сумежнай з Масковіяй, і ў Вялікім Княстве Літоўскім

Палі пад ворыва рыхтуюць пераважна такім чынам: улетку каля свята боскіх Пятра і Паўла і да самага свята Успення Марыі звычайна высякаюць лес і зараснікі. Гэтую высечку лесу па-народнаму называюць ляда. Калі лес быў густы, то падсцілаюць саломай і ў такім стане пакідаюць на зіму. Калі ж надыдзе вясна і пасля велікодных святаў на працягу некалькіх дзён настане гарачае сонечнае надвор’е, то вышэйзгаданы павал дрэў падпальваюць, падклаўшы з бакоў і зверху салому, і спальваюць у попел. Дзе ж зямля была не выпалена, там нічога амаль не зародзіць. Таму туды збіраюць няспаленыя дрэвы і, склаўшы іх у вогнішча, зноў падпальваюць. На гэтай выпаленай і неапрацаванай зямлі, пасля таго як толькі прыбралі вуголле і лішнія галавешкі, упершыню сеюць пшаніцу і аруць зверху сеянага плугам, у які запрэжаны адзін конь, і скародзяць. Так на Русі. Літоўцы ж звычайна аруць двума рагатымі валамі, якія цягнуць плуг…

І там атрымліваецца такі невыказальны словамі ўраджай, што ты пацвердзіў бы, што сама Цэрэра нарадзілася ў тых абласцях.

Гэткім жа чынам засяваюць, жнуць і збіраюць ячмень, хіба толькі што для ячменю высякаюцца яшчэ больш густыя гаі, таму што ён патрабуе больш тлустай глебы, чым пшаніца.

Затым, пасля таго як знятыя ячмень і пшаніца, на апрацаванай раллі, пакінутай пад папарам, сеюць азімае жыта. Для жыта патрабуецца двухразовае ўзворванне. Сеяць яго [жыта] пачынаюць перад святам Успення Марыі — ​15 жніўня. У выпадку, калі земляроб прамарудзіў і не пасеяў да свята Нараджэння Марыі, якое прыпадае праз 4 тыдні, 8 верасня, то звычайна прыбытак ад ураджаю траціцца.

Гэтага пасеву жыта называюць зімовым, таму што ў пачатку вясны сеюць іншае жыта, званае летнім.

Рускія звычайна аруць усе палі плугам, … у які запрэжаны адзін конь, таму што глеба тут вельмі лёгкая.

Палякі, літоўцы і чарнарусы сеюць летняе жыта каля свята Вялікадня пры наяўнасці прыгатаванага поля.

Якім чынам зберагаюць збожжавыя хлябы ў Літве і Масковіі? Беларусы, усе масквічы і літоўцы збіраюць зжатае збожжа і, абмалаціўшы, захоўваюць для харчавання. Некаторыя звычайна зберагаюць хлебнае зерне, усе харчовыя прыпасы, тлустае свіное мяса і да т. п. жыццёвыя прадукты харчавання, а таксама адзенне, лепшае хатняе начынне, асабліва падчас вайны, у ямах пад зямлёй, старанна для гэтага выкапаных у засені лясоў і ўнутры добра выкладзеных карою дрэў, дзе ўсё гэта было б у бяспецы ад частых непрыяцельскіх набегаў і рабавання сваіх войскаў.

Аб якім характары сельскай гаспадаркі ў Беларусі сведчаць нататкі А. Гвань­іні? Якую яшчэ інфармацыю можна вылучыць з прыведзенага ўрыўка?

Даследуем

Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця вашай мясцовасці (развіццё гарадоў і мястэчак, гандаль, спецыялізацыя сельскай гаспадаркі і рамяства і г. д.).

Гандлёвыя тракты, кірмашы, таргі на тэрыторыі Беларусі.