Практыкум "Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель"

ІІІ. Работа з мастацкім тэкстам

Прачытайце мастацкі тэкст і выканайце заданні.

Першыя мануфактуры на беларускіх землях
(урывак з кнігі С. М. Асіноўскага
«Поле памяці: Постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны»)

…У мястэчку Урэчча (цяпер гэта гарадскі пасёлак у Любанскім раёне), якое на той час належала Радзівілам, была заснавана гута, па-іншаму шкляная мануфактура, бадай ці не першае прадпрыемства такога кшталту на Беларусі.

Гэта прадпрыемства, якое праіснавала да 1846 года, пастаўляла на мясцовы і замежны рынак аконнае шкло, хрусталёвыя і звычайныя люстры, разнастайны посуд, каляровае шкло. У гісторыю Урэцкай шкляной мануфактуры ўвайшоў такі факт: калі ў 1707 годзе, падчас Паўночнай вайны, расійскі цар Пётр I наведаў суседні Слуцк, шкладувы з Урэчча адлілі цудоўны шкляны келіх з яго ініцыяламі. Келіх быў урачыста ўручаны Пятру Аляксеевічу, і цар быў прыемна здзіўлены высокім майстэрствам беларускіх майстроў.

У 1738 годзе адбылася карэнная рэканструкцыя Урэцкай шкляной мануфактуры. Фактычна тут быў пабудаваны новы завод «на ўзор фабрыкі каралеўскай Саксонскай і Фрыдрыхштацкай». Вядома, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя толькі люстэркаў ва Урэччы выраблялася на 25 000 злотых. На думку аўтарытэтных спецыялістаў Кракаўскай акадэміі мастацтваў, шкляныя вырабы гэтага прадпрыемства былі аднымі з лепшых у краіне і ні ў чым не саступалі самым якасным еўрапейскім узорам.

…Такія прадпрыемствы ў навуковым асяроддзі атрымалі назву вотчынных мануфактур. Некаторыя з іх былі даволі буйны́я (іх нават называлі заводамі), а прадукцыя — шырока вядомая далёка ад месцаў вытворчасці. Напрыклад, фарфоравы «завод» у Свержані, Налібоцкая шкляная мануфактура Радзівілаў. Апошняя пачала працаваць у вёсцы Налібакі ў 1717 годзе (па суседству, у Янкавічах, дзейнічаў яе шліфавальны цэх) і выпускала прадукцыю больш ста найменняў — посуд, люстры, люстэркі, падсвечнікі, жырандолі, кандэлябры з каляровага і бясколернага шкла, хрусталю. У1776 годзе тут працавала звыш 100 рабочых.

…Але асобнай, яркай старонкай у гісторыю беларускай прамысловасці ўвайшла дзейнасць Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, вядомай яшчэ як Слуцкая персіярня.

Належала яна Радзівілам, якія каля 1760 года ўзбуйнілі сваё прадпрыемства, далучыўшы да яго такую ж мануфактуру, што дзейнічала ў прыгарадзе Нясвіжа — Альбе. Слуцкія паясы з самага пачатку іх вытворчасці карысталіся вялікім попытам, але росквіт мануфактуры звязаны з імем Яна (Аванеса) Маджарскага (Маджаранца) — армянскага майстра-ткача, які нарадзіўся ў Стамбуле (па іншых звестках, у Венгрыі). У часы, калі з’явілася мануфактура ў Слуцку, ён ужо ткаў залатыя паясы ў Станіславе (цяпер Івана-Франкоўск) і быў адмысловым майстрам сваёй справы, вядомым не толькі на Украіне. Менавіта яго Міхал Казімір Радзівіл і запрасіў у 1758 годзе спачатку ў Нясвіж, а потым у Слуцк кіраваць мануфактурай. Ян Маджарскі прывёз у Слуцк вопытных майстроў з Турцыі (вельмі верагодна, што якраз тады мануфактура і стала называцца персіярняй; відаць, для тагачасных случан Турцыя і Персія былі паняццямі амаль тоеснымі), якія перадалі сваё майстэрства ручнога шаўкаткацтва мясцовым рамеснікам, тым самым багдановічаўскім «слуцкім ткачыхам». Хаця, як вядома, найбольш знакамітымі майстрамі з беларусаў былі слуцкія ткачы — Хаецкі, Гадоўскі, Баранцэвіч, Барсук, Капчыла, Лойка, Канановіч. Больш таго, «слуцкія ткачыхі», як лічаць некаторыя даследчыкі, — прыгожая фантазія або проста памылка Багдановіча. «Залатыя паясы» ткалі выключна мужчыны.

Шаўковыя слуцкія паясы праславілі беларускіх майстроў на ўсю Еўропу. На доўгія дзесяцігоддзі яны сталі своеасаблівым сімвалам Беларусі. I сёння слуцкія паясы (у якасці экспанатаў) з’яўляюцца гордасцю музеяў Лондана, Нью-Ёрка, Парыжа, Амстэрдама, Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Вільні, Львова (на Беларусі іх, на жаль, вельмі мала). I ў гэтым няма нічога дзіўнага. Арыгінальны залататканы слуцкі шаўковы пояс — сапраўдны мастацкі шэдэўр. За год вопытны майстар звычайна вырабляў не больш васьмі паясоў з залатых і сярэбраных нітак на шаўковай аснове. Здаралася, што над асобнымі, найбольш адмысловымі паясамі прыходзілася працаваць больш за паўгода. На тое ёсць прычыны: некаторыя з іх дасягалі больш чым двухметровай даўжыні і мелі шырыню да сарака сантыметраў. Да таго ж адзін выраб вельмі рэдка паўтараў другі — кожны з іх быў арыгінальным экзэмплярам.

Справу Яна Маджарскага атрымаў у спадчыну яго сын Лявон, які з 1777 па 1807 год арандаваў мануфактуру і зрабіў яе буйны́м прадпрыемствам. У 1793 годзе тут працавала 60 ткачоў, мелася 28 станкоў. На персіярні выраблялася да 200 паясоў у год, у яе асартыменце да таго ж былі шаўковыя пакрывалы, махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габелены, дываны, спецыяльныя тканіны для літургічнага ўжытку.

З далучэннем Беларусі да Расійскай імперыі Слуцкая мануфактура паступова прыходзіла ў заняпад. У 1828 годзе на персіярні ўжо былі толькі адзін станок і два майстры, якія ткалі некалі знакамітыя паясы, а ў 1844 годзе мануфактура перастала існаваць <…>

Вельмі арыгінальную характарыстыку «мануфактурнаму руху» на Беларусі даў у свой час М. Доўнар-Запольскі, які называў яго «спробай укаранення прамысловасці» і лічыў гэтую справу «не болей як панскай забавай, за якой часта хаваўся добры намер ці перайманне захаду, але адсутнічала здаровае разуменне існуючай рэчаіснасці…».

1. Вызначце асаблівасці першых на Беларусі мануфактур.
2. Хто працаваў майстрамі на прадпрыемствах?
3. Якую прадукцыю выпускалі на першых мануфактурах?
4. Хто яе мог набыць?
5. Чаму мануфактуры паступова прыйшлі ў заняпад?