Практыкум "Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель"

ІІ. Работа з навуковым артыкулам

Прачытайце фрагменты навуковых артыкулаў і выканайце заданні.

Свята гарадское  ХVІ–ХVІІІ ст.

(А. Катлярчук)

У XVI–XVIIІ стст. сярод гарадскіх свят вылучаліся афіцыйныя цырымоніі і кірмашовае свята.

Да афіцыйных святочных цырымоній належалі ўрачыстыя сустрэчы вышэйшых дзяржаўных і духоўных асоб, у час якіх узводзіліся трыумфальныя аркі, адбываліся шэсці гарадскіх цэхаў, служыліся святочныя набажэнствы ў касцёлах і цэрквах, даваліся тэатральныя «імпрэзы», наладжваліся гарматныя салюты і феерверкі. Афіцыйнымі святамі былі асобныя цэхавыя шэсці, кануны [святы рамесных цэхаў], парады гарадскога апалчэння і стралковыя спаборніцтвы гараджан, рэлігійныя працэсіі з удзелам гараджан недухоўнага звання.

Для ўсіх афіцыйных свят характэрна дэманстратыўнае падкрэсліванне сацыяльнай іерархіі, дзе індывідуум выступаў як член карпарацыі. Яны былі закліканы зацвердзіць традыцыйны парадак карпаратыўнага жыцця і адначасова былі сімваламі вольнасці горада і асабістых правоў яго жыхароў.

Удзельнікамі афіцыйных гарадскіх свят былі рамесныя цэхі, купецкія карпарацыі, святарства ўсіх хрысціянскіх канфесій, члены магістрата, вучні школ, студэнты калегіумаў, а з сярэдзіны XVII ст. яўрэйскія і татарскія абшчыны гараджан. У большасці каталіцкіх свят бралі ўдзел уніяцкія святары і вернікі. Такім чынам, удзельнікамі агульнагарадскіх свят была значная частка насельніцтва.

Кожны рамесны цэх удзельнічаў у цырымоніі ў строга заведзеным парадку, са сваімі атрыбутамі — харугваю (сцягам), бубнам (барабанам), халоднай і агнястрэльнай зброяй; члены цэха апраналіся ў асобае святочнае адзенне. Парушэнне цырыманіялу прыводзіла аж да судовых працэсаў (напрыклад, у Берасці ў 1624) і разглядалася самімі рамеснікамі як публічная абраза…

Стылістыка гарадскіх урачыстасцей арыентавалася ў асноўным на антычную спадчыну (шэсце праз трыумфальную арку і інш.). У беларускай літаратуры  XVII ст. склаўся спецыяльны жанр «прывітання». Калі-нікалі парадак свята істотна мяняўся. У час сустрэчы жыхарамі Магілёва цара Пятра І у 1706 г. не праводзілася ўрачыстае шэсце карпарацый, не была ўзведзена трыумфальная арка з гербам як сімвал незалежнасці горада. Паводле слоў храніста, уся цырымонія звялася да таго, што магістрат з паклонамі паднёс цару на сярэбраным блюдзе вялікі пірог. Па традыцыйным сцэнарыі адбылася ў 1780 г. сустрэча ў Полацку Кацярыны ІІ: трыумфальная арка, музы́кі, урачыстае шэсце цэхаў з удзелам святарства ўсіх канфесій («велічны маскарад», паводле слоў імператрыцы)…

Кірмашовае свята

(А. Катлярчук)

…У прывілеях на магдэбургскае права кірмашы звычайна прымяркоўвалі да хрысціянскіх свят. Традыцыйна «афіцыйнае» свята адбывалася да абедні, а пасля пачынаўся кірмаш. З XVI ст. гэта стала нормай звычаёвага права. Свята пачыналася разам з гандлем на рыначнай плошчы. Менавіта таму слова «кірмаш» у беларускай мове, як і ў заходнееўрапейскіх, абазначае не толькі рынак, але і свята, вячоркі.

Кірмашовае свята складалася з так званага кірмашовага тэатра (выступленні скамарохаў і музыкаў, батлейка, інтэрмедыі), цэхавых канунаў-братчын, гульняў, варажбы і г. д. Апрача мясцовых гараджан у кірмашовым свяце ўдзельнічалі замежныя (польскія, нямецкія, расійскія і інш.) купцы, сяляне, засцянковая шляхта, цыганы, яўрэі, дробныя гандляры (шкоты), жабракі. Асноўнымі ўдзельнікамі выступленняў былі скамарохі: мядзведнікі, музы́кі (скрыпнікі, дуднікі), штукары (акрабаты і фокуснікі, казачнікі, камедыянты, лялечнікі). На кірмашовае свята з’язджаліся «сляпцы» — лірнікі, якія выконвалі рэлігійныя, гістарычныя і жартоўныя песні, школа падрыхтоўкі якіх існавала каля Турава; студэнты-вандроўнікі са сцэнкамі-інтэрмедыямі, разлічанымі на 2—3 персанажы. Зрэдку адбываліся паказы гарадскога школьнага тэатра. У гэтым выпадку ў Беларусі спекталь ішоў на народнай, зразумелай усім беларусам мове.

Важную ролю ў кірмашовым свяце адыгрывала карчма — месца не толькі піцця і заключэння гандлёвых дагавораў, але і грамадскага адпачынку з музыкамі, скамарохамі, спевамі і танцамі, батлейкай, гульнёй у карты…

Кірмашовае свята стварала ілюзію ўсеагульнай роўнасці, на хвіліну прыўносіла адчуванне радасці быцця, зямнога раю, жыцця «адвечнага народнага цела».

1. Назавіце тыпы гарадскіх свят у XVI–XVIIІ стст.

2. Пералічыце афіцыйныя гарадскія святы.
3. Апішыце цырыманіял афіцыйных гарадскіх свят?
4. Чаму слова «кірмаш» набыло другое значэнне — «свята»?
5. У чым адрозненне кірмашовага свята ад афіцыйнага?
6. Пералічыце ўдзельнікаў кірмашовага свята.