Практыкум "Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель"

1. З дагавора Смаленска з Рыгай і Гоцкім Берагам (1229 г. )

…Уздумаў князь смаленскі Мсціслаў, Давыдаў сын, прыслаў са свайго горада Смаленска ў Рыгу свайго лепшага святара Ерамея і з ім мудрага мужа Панцялея: гэтыя двое былі пасламі ў Рызе. З Рыгі яны ехалі на Гоцкі Бераг, каб там заключыць дагавор… Учынілі такі дагавор, каб было добра на Русі і ўсяму лацінскаму свету…

Тут пачынаецца Праўда.

1. Калі будзе забіты свабодны чалавек, плаціць 10 грыўняў серабра. Калі ж будзе халоп забіты, 1 грыўню серабра заплаціць у Смаленску. Столькі ж плаціць у Рызе і на Гоцкім Беразе…

3. Хто паб'е другога паленам, а той будзе з сінякамі ці акрываўлены, плаціць яму паўтары грыўні серабра; па вуху стукне, плаціць тры чвэрці грыўні. Калі ж паслу ці святару, хто гэта ўчыніць, плаціць удвойчы таго…

4. Калі правініцца русін у Рызе або на Гоцкім Беразе, у дыбу яго не саджаць, а калі правініцца лацінянін у Смаленску, не кідаць яго ў цямніцу. Калі ж не будзе парукі, то закаваць [вінаватага] у жалеза…

14. Калі будзе русін вінаваты лаціняніну, але не захоча заплаціць, то лаціняніну прасіць у цівуна пасыльнага.

15. Калі цівун уведае, што лацінскі госць прыбыў, пасылаць яму людзей з калёсамі перавезці тавар, а не затрымліваць; калі ж затрымае, то з-за гэтага можа быць шкода…

19. Калі лацінянін прыйдзе ў горад, свабодна яму прадаваць, а нікому нічога супраць не гаварыць. Гэтак жа рабіць русіну ў Рызе і на Гоцкім Беразе…

31. Кожнаму лацінскаму чалавеку вольная дарога з Гоцкага Берага да Смаленска без мыта. Гэтае ж права ёсць у русі [русін] са Смаленска да Гоцкага Берага…

36. Біскуп рыжскі, магістар божых дваран і ўсе землеўладцы гарантуюць свабодны праезд па Дзвіне ад верху да нізу, у мора, і па вадзе і па беразе ўсім лацінянам і русі…

37. Гэтай праўдай лацінскаму [госцю] карыстацца ў Рускай зямлі ў воласці смаленскага князя, у полацкага князя воласці і ў віцебскага князя воласці…

Пераклад са старажытнарускай мовы В. А. Чамярыцкага

1. За якія ўчынкі ўводзіліся штрафы? Ад чаго залежаў памер штрафу?

2. Назавіце ўмовы ажыццяўлення гандлю па Заходняй Дзвіне.