§ 18. Сацыяльныя канфлікты на беларускіх землях у другой палове XVII—ХVIII ст.

2. Становішча беларускага сялянства ва ўмовах эканамічнага крызісу

Цяжкія ўмовы жыцця выклікалі пратэст сялян супраць феадалаў, арандатараў маёнткаў і войскаў, якія размяшчаліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прыгонныя, даведзеныя да галечы, імкнуліся абараніць свой дабрабыт. Праяўляўся іх пратэст у скаргах, уцёках, адмове ад выканання павіннасцей, у адкрытых узброеных выступленнях.

Сяляне нападалі на панскія маёнткі, падпальвалі іх, самавольна высякалі лес, палявалі ў ім, хаця гэта было строга забаронена. Такія выступленні часам завяршаліся забойствам шляхціца, панскага цівуна ці арандатара. Напрыклад, у 1661 г. адбыўся сялянскі бунт ва ўладаннях езуіцкага калегіума ў Берасцейскім ваяводстве. Прыгонныя сяляне напалі на маёнтак Шчытнікі, спалілі ўсе фальварковыя будынкі, высеклі панскі лес і звезлі яго да сваіх хат. Пры гэтым яны забілі мясцовага войта.

Падобныя падзеі назіраліся ў Гарадзенская каралеўскай эканоміі. Варшаўскі сойм 1662 г. нават прыняў спецыяльную пастанову, якая патрабавала прыгаворваць сялян-бунтаўшчыкоў да смяротнага пакарання. Але гэта не дапамагло. У 1670-я гг. сялянскія хваляванні адбыліся на Полаччыне, Віцебшчыне і Аршаншчыне.

Жорсткія сутычкі мелі месца ў канцы XVII ст. на Крычаўшчыне. У 1690 г. узброенае выступленне ахапіла вёскі Дубейцы і Крывая Ніва. Сяляне выступілі супраць жаўнераў гетманскага войска, якое знаходзілася на пастоі ў Дубейцах. Ноччу прыгонныя напалі на салдат, што спалі ў пуні. Кіраваў сялянскім атрадам Макар Арцюхоў з сынамі. Жаўнераў лупцавалі дубовымі каламі, ручніцамі, прыгаворваючы пры гэтым: «Навошта да нас прыехалі, хопіць кроў нашу піць». Салдат звязалі і зачынілі на ноч у лазні. Раніцай яны з ганьбаю былі выгнаны з Дубейцаў. Шляхта не змагла пакараць сялян: дубейцаўцы аб’ядналіся з сялянамі суседняй вёскі Крывая Ніва і далі адпор коннаму атраду. Жаўнеры не пасмелі больш наведвацца ў гэтыя вёскі.

Больш значнае выступленне ў Крычаўскім старостве адбылося ў 1696 г. Яно таксама было выклікана самавольствам з боку жаўнераў магната Рыгора Агінскага. Даведзеныя да адчаю, мяшчане і сяляне са зброяй у руках выйшлі на барацьбу супраць салдат. Выступленне адбылося ў самім Крычаве. На цэнтральнай плошчы і каля замка разгарнулася сапраўдная бітва. Пасля яе засталіся дзясяткі забітых і параненых з абодвух бакоў.

Паўстанне жыхароў Крычаўскага староства ў 1740–1744 гг. узначаліў мясцовы сялянскі войт Васіль Вашчыла. Ён смела выступіў супраць злоўжыванняў мясцовай адміністрацыі і арандатараў маёнткаў. На чале сялянскага атрада Вашчыла выгнаў найбольш жорсткіх арандатараў, прымусіў адміністрацыю падпісаць дваццаць новых дагавораў. Калі сялянскае войска вырасла да дзвюх тысяч чалавек, уладальнік староства Геранім Фларыян Радзівіл загадаў свайму ўласнаму войску падавіць выступленне. 26 студзеня 1744 г. каля вёскі Царковішча паўстанцы пацярпелі паражэнне.

Паўстанне ў Камянецкай воласці Мазырскага павета адбылося ва ўладаннях каталіцкай царквы. У 1754 г. выступленне мясцовых сялян перарасло ва ўзброенае паўстанне пад уплывам гайдамакаў (удзельнікаў вызваленчага руху на Украіне). Для падаўлення канфлікту вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл накіраваў туды дзве харугвы. Але яны не дасягнулі пастаўленай мэты — паўстанне пашырылася і ахапіла ўсю Камянецкую воласць. У студзені 1756 г. шляхецкае войска пацярпела паражэнне каля мястэчка Славечна. Сабраўшы падмацаванне, шляхта здолела падавіць сялянскае выступленне: 60 паўстанцаў загінулі, 60 былі паранены і ўзяты ў палон.

У снежні 1747 г. са зброяй у руках супраць феадалаў выступілі сяляне Гомельскага староства. Гетман ВКЛ Міхал Казімір Радзівіл у спешным парадку накіраваў туды свае войскі. Каб задушыць сялянскія хваляванні ў Чачэрскім старостве, у жніўні 1748 г. таксама была выкарыстана ваенная сіла.

Сялянскі пратэст прымусіў уладу і феадалаў пайсці на паслабленне прыгнёту. У 1768 г. сойм Рэчы Паспалітай увёў смяротнае пакаранне за забойства селяніна. Паступова пад уплывам асветніцкіх ідэй сярод землеўласнікаў стала распаўсюджвацца думка, што іх дабрабыт залежыць менавіта ад моцнай сялянскай гаспадаркі.

У гарадах Беларусі ўжо ў другой палове XVI ст. выразна праявіўся падзел мя­шчан на багатую вярхушку і беднату. Уся ўлада была сканцэнтравана ў руках замож­най часткі гараджан. Яе злоўжыванні і самавольствы прыводзілі да пратэсту з боку гарадскіх нізоў. У XVIІ ст. найбольш значныя гарадскія паўстанні адбыліся ў Магілёве і Мазыры.