§ 18. Сацыяльныя канфлікты на беларускіх землях у другой палове XVII—ХVIII ст.

1. Эканамічны заняпад у другой палове ХVІІ — пачатку ХVІІІ ст.

Шматлікія войны, якія прайшлі па тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХVІІ — ​пачатку ХVІІІ ст., прынеслі велізарныя разбурэнні і знішчылі значную частку насель­ніцтва. На сойме Рэчы Паспалітай 1661 г. адзначалася, што разбурэнні ахапілі амаль усю тэрыторыю Беларусі. З’явілася шмат пусташаў — ​неапрацаванай ворнай зямлі. Ваенныя падзеі прывялі да руйнавання большасці беларускіх гарадоў. Амаль цалкам былі знішчаны Мсціслаў, Віцебск, Дуброўна, Орша, Ляхавічы. Асабліва моцныя спусташэнні зазналі гарады на ўсходзе беларускіх зямель. Стала менш рамесных спецыяльнасцяў, мяшчане былі даведзены да галечы.

Колькасць жыхароў у беларускіх землях у другой палове XVII ст. скарацілася амаль у 2 разы.

У гады Паўночнай вайны 1700—1721 гг. зноў руйнаваліся гарады і вёскі, вынішчаліся іх жыхары. Вайскоўцы забіралі ў насельніцтва правіянт, коней, фурман­кі. Пажары, ваенныя рабаванні і голад суправаджаліся эпідэміямі. Адам Кіркор у сваёй працы «Жывапісная Расія» так апісаў становішча ў Вільні, якое назіралася вясной 1708 г.: «Зноў голад, маравая пошасць [чума], пажары! Адных езуітаў загінула 117 чалавек. Налічваюць да 34 000 загінуўшых жыхароў».