Абагульненне па III раздзеле

«Станаўленне і развіццё дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі»

Развіццё дзяржаўнасці на беларускіх землях адбывалася ва ўмовах значных палітычных змен ва Усходняй Еўропе, узмацнення і заняпаду суседніх дзяржаў. Уплыў Кіева і Ноўгарада на Полацкую зямлю дапаўняўся ўплывам варагаў і Візан­тыі. Актыўныя кантакты мясцовых князёў з суседнімі і больш далёкімі дзяржавамі дазвалялі актыўна развіваць ваенную, эканамічную і культурную сферу першых дзяржаў на беларускіх землях. У перыяд раздробленасці ўзнікла патрэба наладжваць адносіны паміж князямі ўнутры тэрыторыі Беларусі. У сферу інтарэсаў славянскіх княстваў былі ўключаны прадстаўнікі балцкай (літоўскай) знаці. Славяна-балцкі саюз дазволіў народам у XIII ст. аказаць супраціўленне крыжацкай агрэсіі ў Прыбалтыцы і не дапусціць на нашы землі мангола-татараў.

Эпоха Сярэднявечча стала часам пошуку і ўсталявання доўгатэрміновых саюзніцкіх адносін паміж дзяржавамі дзеля абароны сваіх межаў і самастойнасці. Іх парушэнне прыводзіла да аслаблення абараназдольнасці дзяржаў, крызісу сістэмы ўлады і падзення аўтарытэту князёў. На тэрыторыі Беларусі паступова адбыўся пераход ад старажытнарускай сістэмы дзяржаўнага кіравання да заходнееўрапейскай (на змену «Рускай Праўдзе» прыйшлі абласныя, агульназемскія прывілеі і Статуты ВКЛ). Афармлялася адзінае заканадаўства, якое рэгулявала адносіны паміж прад­стаўнікамі розных саслоўяў і канфесій.
У перыяд Позняга сярэднявечча і напачатку Новага часу стварыліся ўмовы для фарміравання дзяржавы аднаго палітычнага народа, якім з’яўлялася шляхта польскіх, літоўскіх, украінскіх і беларускіх зямель. Такой краінай стала Рэч Па­спалітая. Дзяржаўна-палітычнае развіццё Рэчы Паспалітай эвалюцыянавала ад рэспублікі шляхецкай да Рэчы Паспалітай магнацкай.

Вайна заставалася галоўным інструментам вырашэння палітычных супярэчнасцяў і міждзяржаўных канфліктаў. Зацяжны характар для ВКЛ набылі пагранічныя войны з Тэўтонскім ордэнам за балцкія землі, з Крымскім ханствам, з Вялікім Княствам Маскоўскім. У другой палове XVІ — ​першай палове XVІІI ст. Рэч Пас­палітая аказалася ўцягнутай у ваенныя канфлікты еўрапейскага маштабу з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй і іншымі дзяржавамі, што значна яе аслабіла.

Працуем з вучэбным тэкстам

Складзіце тэзісы, ментальную карту або інфаграфіку па адным з наступных пытанняў:
1) асаблівасці развіцця беларускіх зямель у Х—ХІІІ стст.;
2) утварэнне Вялікага Княства Літоўскага;
3) утварэнне і палітычная эвалюцыя Рэчы Паспалітай.

Працуем з паняццямі

Вызначце, якія тэмы ўключае «воблака слоў». Складзіце лагічны ланцужок (ці некалькі) або гекс, выкарыстоўваючы прыведзеныя паняцці. Канкрэтызуйце паняцці гістарычнымі фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.

Сістэматызуем веды

Параўнайце дзяржаваўтваральныя працэсы на тэрыторыі Беларусі і ў Заходняй Еўропе. Запоўніце табліцу. Вызначце агульныя рысы і асаблівасці.

Аналізуем і разважаем

1. Абапіраючыся на вашы веды аб прыкметах дзяржавы, дакажыце або абверг­ніце факт існавання дяржаўнасці на беларускіх землях у Х ст.
2. Вызначце прычыны і наступствы адной з гістарычных з’яў:
1) усталяванне бязладдзя ў Рэчы Паспалітай;
2) прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 г.;
3) паўстанне 1794 г. у Польшчы, Літве і Беларусі.
3. Ці можна лічыць, што ўтварэнне дзяржаўнасці на беларускіх землях з’яўлялася заканамерным працэсам? Сваю думку абгрунтуйце.

Работа з гістарычнымі партрэтамі

1. Складзіце гістарычныя партрэты наступных асоб: Стафан Баторый, Жыгімонт ІІІ Ваза, Аўгуст ІІ Моцны, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Тадэвуш Касцюшка.
2. Ахарактарызуйце гістарычнага дзеяча, якому прысвечаны прыведзеныя ніжэй карціны. Як ён ставіўся да Рэчы Паспалітай?

Пры неабходнасці выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.
3. Ахарактарызуйце палітычную дзейнасць вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх. Запоўніце табліцу.

4. У 2019 г. у Лідзе быў усталяваны помнік Гедзіміну, у Слоніме — ​Льву Сапегу. Як вы лічыце, чаму яны размешчаны ў гэтых гарадах? Які ўнёсак у гісторыю нашай краіны зрабілі названыя асобы?

Растлумачце

З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі растлумачце погляды вучоных на наступныя праблемы гісторыі Беларусі:
1) федэратыўная будова Рэчы Паспалітай;
2) падзелы Рэчы Паспалітай.

Працуем з гістарычнымі крыніцамі

З «АПОВЕСЦІ МІНУЛЫХ гадоў»

У лета 6415 [907] пайшоў Алег на грэкаў, пакінуўшы Ігара ў Кіеве. Узяў многа варагаў, і славян, і чудзі, і крывічоў, і меры, і драўлянаў, і радзімічаў, і палянаў, і севяранаў, і вяцічаў, і харватаў, і дулебаў, і ціверцаў, што вядомыя як талмачы — ​усіх гэтых грэкі называлі Вялікая скіф. І з гэтымі з усімі пайшоў Алег на конях і на караблях, і лікам караблёў было дзве тысячы. І прыйшоў да Царграда, і грэкі замк­нулі Суд, а горад зачынілі. І выйшаў Алег на бераг і пачаў ваяваць, і многа забойстваў учыніў каля горада грэкам, і разбіў шмат палатаў і папаліў цэрквы. А тых, каго захапілі ў палон, адных пасеклі, другіх закатавалі, іншых расстралялі, а другіх кінулі ў мора. … І пачалі грэкі міру прасіці, каб не ваяваў грэчаскай зямлі. … І загадаў Алег даць ваярам на дзве тысячы караблёў па дванаццаць грыўняў на ўключыну, а потым даць даніну на рускія гарады: найперш для Кіева, таксама для Чар­нігава, для Пераяслаўля, для Полацка, для Растова, для Любеча і для іншых га­ра­доў, бо па тых гарадах сядзяць вялікія князі, падуладныя Алегу.

Ці можна на падставе прыведзенага дакумента сцвярджаць, што землі Беларусі ў Х ст. падпарадкоўваліся Кіеву?

ПАХВАЛА ВЯЛІКАМУ КНЯЗЮ ВІТАЎТУ
З «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», ХV ст.

Таямніцу цара захоўваць пахвальна, а пра справы вялікага гаспадара паведам­ляць пахвальна. Хачу вам расказаць пра вялікага князя Аляксандра, гэтак званага Вітаўта, літоўскіх і рускіх і шмат такіх іншых земляў гаспадара. … Але немагчыма ні расказаць, ні апісаць справы вялікага князя Вітаўта. Калі б было магчыма спасцігнуць вышыню неба і глыбіню мора, то можна было б выказаць сілу і храбрасць гэтага слаўнага гаспадара.

Вялікі князь Вітаўт валодаў Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім і шмат якімі іншымі землямі, проста кажучы, усёю Рускаю зямлёю. Ды не толькі ўся Руская зямля [была яму падуладная]. Яшчэ і гаспадар Венгерскай зямлі, гэтак званы цэзар рымскі, у вялікай любові жыў з ім. …

Яшчэ і турэцкі цар пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў [гэтаму] слаўнаму гаспадару. У вялікай любові жыў з ім і прававерны і хрысталюбны цар царградскі. Таксама і Чэшскае каралеўства з вялікаю пашанаю ставілася да [нашага] слаўнага гаспадара. А яшчэ дацкі кароль пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Вітаўту.

У тыя ж гады брат яго Ягайла, па-ляшску названы Уладзіславам, валодаў Кракаўскім каралеўствам, і ён з ім [таксама] у вялікай любові жыў. Калі слаўны гаспадар Вітаўт на якую зямлю гневаўся і хацеў пакараць, кароль Уладзіслаў заўсёды даваў яму дапамогу. Служылі яшчэ яму і ўсходнія цары.

Таксама вялікі князь маскоўскі ў вялікай любові жыў з ім. Служылі яму яшчэ і іншыя: вялікія князі нямецкія з усімі сваімі гарадамі і землямі, па-нямецку называныя магістрамі; гаспадар зямлі Малдаўскай і Бесарабскай, па-валашску называны ваяводаю; таксама і гаспадар зямлі Балгарскай, па-балгарску называны дэспатам.

Яшчэ і іншыя вялікія князі [служылі вялікаму князю Вітаўту]: вялікі князь цвярскі, вялікі князь разанскі, вялікі князь адоеўскі, і Вялікі Ноўгарад, і Вялікі Пскоў. Проста кажучы, не знойдзецца ва ўсім памор’і ні горад, ні край, якія б не слухаліся гэтага слаўнага гаспадара Вітаўта.

… Калі слаўны гаспадар, вялікі князь Аляксандр, званы Вітаўт, на якую зямлю гневаўся і хацеў яе сам пакараць або куды хацеў сваіх моцных ваяводаў паслаць і каму ад тых зямель загадваў да сябе прыбыць, яны неўзабаве паслухмяна са сваёй зямлі да яго прыходзілі.

… Гэты вялікі князь Аляксандр, званы Вітаўт, у вялікай пашане і славе прабываў. [Аднойчы] быў ён у адным са сваіх гарадоў — вялікім горадзе Кіеве, і прыслалі да яго [сваіх пасланцоў] вялікія князі ардынскія, паручаючыся верна служыць яму, і прасілі ў яго цара на царства, бо шмат вялікіх ардынскіх цароў служыла пры яго двары. I даў ён ім цара па імені Салтан. Той жа цар, які быў у Ардзе, учуўшы, што слаўны гаспадар [Вітаўт] паслаў свайго слугу на царства, не пасмеў працівіцца яму, пакінуў царства і ўцёк. Салтан жа, прыйшоўшы ў Арду, сеў на царства паводле волі вялікага гаспадара Вітаўта і вельмі паслухмяна служыў яму, і неўзабаве памёр. Старэйшыны ж ардынскія паслалі сваіх паслоў з вялікімі дарамі да слаўнага гаспадара і прасілі ў яго іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Салтан Малы.

… Як ад мора шмат вады выходзіць, так і ад гэтага слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, мудрасць зыходзіць.

 1. Дайце характарыстыку Вітаўту як кіраўніку дзяржавы паводле дакумента.
2. Як вы лічыце, ці ўмешваўся Вітаўт у дынастычную барацьбу ў Залатой Ардзе? Прывядзіце факты, каб пацвердзіць вашу думку.
3. Якімі былі ўзаемаадносіны паміж Вітаўтам і кіраўнікамі суседніх зямель, княстваў? Прывядзіце прыклады.
4. Як вы лічыце, калі і з якой мэтай ствараўся гэты твор?

Даследуем

 Усяслаў Брачыславіч — ​чарадзей?
Празванні князёў ВКЛ.
Вобраз князя Вітаўта ў міфалагічнай свядомасці беларусаў.

Творчае заданне

 Падрыхтуйце комікс пра аднаго з уладароў Полацкага княства ці Вялікага Княства Літоўскага або пра любую значную, на ваш погляд, падзею з гісторыі Беларусі.