Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

3. Аповесць пра Міндоўга і Войшалка (урыўкі з Галіцка-Валынскага летапісу XIII ст. (паводле Іпацьеўскага спіса)) [3]

     У год 6760 [1252]. …У той жа год выгнаў Міндоўг сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эдзівіда. Ен паслаў іх разам з іх дзядзькам Выкінтам на Русь ваяваць, к Смаленску, і сказаў: «Хто што захопіць, хай тым і валодае». Сам жа ён, варагуючы з імі, вераломна завалодаў Літвою, захапіў усю зямлю Літоўскую і шматлікае дабро іх і прысвоіў іх набытак. I паслаў Міндоўг услед за імі сваіх вояў, каб забіць іх. Уведаўшы пра гэта, яны ўцяклі да [князёў] Данілы і Васількі і прыехалі ва Уладзімір. Міндоўг жа прыслаў сваіх паслоў, кажучы: «Не чыні ім літасці». Але Даніла і Васілька не паслухалі яго, бо іх сястра была замужам за Данілам. Пасля Даніла дамовіўся з братам сваім [Васількам] і паслаў у Ляшскую зямлю да князёў ляшскіх, кажучы: «Надышоў час і ісці хрысціянам на язычнікаў, бо яны ваююць паміж сабою». І ляхі абяцалі, але не стрымалі сваё слова. Даніла і Васілька паслалі Выкінта да яцвягаў, да жамойтаў і да немцаў у Рыгу, і ён падкупіў срэбрам і шматлікімі дарункамі яцвягаў і палову жамойтаў. Немцы ж адказалі Данілу так: «Дзеля цябе ўчынілі мір з Выкінтам, хоць ён шмат нашых загубіў». Нямецкія рыцары абяцалі прыйсці на дапамогу Таўцівілу. Даніла ж і Васілька пайшлі да Наваграда [Наваградка]. Параіўшыся з братам сваім Васількам і са сваім сынам, Даніла паслаў брата свайго на Ваўкавыск, сына на Слонім, а сам пайшоў да Здзітава. Яны захапілі шмат гарадоў і вярнуліся дамоў. Пасля прыслаў пасла Выкінт, паведамляючы, што немцы хочуць прыйсці на дапамогу Таўцівілу. I паслаў Даніла Таўцівіла [ў паход] і даў яму ў дапамогу русаў і полаўцаў, і доўга яны ваявалі. Адтуль Таўцівіл пайшоў з палоннымі Данілы ў Рыгу, і прынялі яго рыжане з вялікаю пашанаю і хрысцілі яго. Калі ўведаў Міндоўг, што Таўцівілу хочуць дапамагаць божыя дваране, і біскуп, і ўсе рыжскія воі, ён спалохаўся і таемна паслаў да Андрэя, рыжскага магістра, і пераканаў яго з дапамогаю багатых дарункаў, улітасцівіў яго, паслаўшы шмат золата і срэбра, і прыгожых срэбных і залатых сасудаў, і шмат коней. I сказаў ён [магістру]: «Калі ты заб’еш або выжанеш Таўцівіла, атрымаеш яшчэ больш». Магістр жа адказаў: «Не пазбавішся ты ад гэтага, пакуль не пашлеш да папы і не прымеш хрышчэнне — не адолееш ворага. Я жа да цябе дружалюбнасць маю». О, горай зла! Золатам асляпіў ён [магістр] вочы свае, і цяпер зноў з-за іх бяды набярэцца. Міндоўг прыслаў да папы і прыняў хрышчэнне. Аднак хрышчэнне яго было няшчырае, ён таемна прыносіў ахвяры сваім багам… Таўцівіла ж падтрымлівалі біскуп і пробашч Віржан, якія шкадавалі аб ім, бо ведалі, што калі б Таўцівіла не выгналі, то Літоўская зямля была б у іх руках і паняволі прыняла б хрышчэнне. А што літоўцы не хрысціліся, вінаваты Андрэй. За гэта Ордэн пазбавіў яго сана. Таўцівіл жа прыбег у Жамойць да свайго дзядзькі Выкінта, прыхапіўшы яцвягаў, жамойтаў і дапамогу Данілаву, якую раней князь даў яму, і пайшоў на Міндоўга. Міндоўг жа падрыхтаваўся, але вырашыў не біцца з ім, а ўвайшоў у горад Варута. Ноччу ён выслаў свайго швагра, але прагналі яго русы і яцвягі. Раніцай выехалі немцы з самастрэламі, і паехалі супраць іх русы і полаўцы з [лукамі і] стрэламі і яцвягі з суліцамі, і ганяліся яны па полі, быццам у час гульні. Адтуль вярнуліся ў Жамойць. Прыйшоў Міндоўг, сабраўшы вялікую сілу, на горад Выкінта, названы Цвірамет. Таўцівіл выехаў з горада, а з ім русы і полаўцы Данілавы, і жамойты з імі, і шмат пешых вояў. У пагоні з ім палаўчанін трапіў стралою ў сцягно каня Міндоўгавага, і вярнуўся Міндоўг у сваю зямлю. I шмат бітваў было паміж імі. Пад тым горадам [Цвіраметам] забілі Вісімота.

     …У год 6763 [1254/55]. Учыніў Войшалк мір з Данілам і выдаў дачку Міндоўгаву, сястру сваю, за Шварна. I прыйшрў ён у Холм да Данілы, пакінуўшы сваё княжанне, і пастрыгся ў манахі. Ён аддаў Раману, сыну караля [Данілы], Новагарадок [Наваградак] ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск і ўсе гарады, сам жа прасіўся ісці да Святой гары. I знайшоў яму кароль [Даніла] дарогу праз [землі] караля Угорскага. Але не змог [Войшалк] дайсці да Святой гары і вярнуўся назад праз Балгарыю.

     У год 6770 [1262]. Пайшлі літоўцы ад Міндоўга ваяваць супраць ляхаў, і Астап Канстанцінавіч з імі, пракляты і беззаконны, які калісьці ўцёк з Разані. Літоўцы разбурылі [горад] Ездаў напярэдадні Іванавага дня, на самае Купалле. Там забілі і князя Семавіта, а сына яго Кандрата паланілі, і шмат палонных узялі. I так вярнуліся дамоў. Успомніў Міндоўг, што князь Васілька з батырам [Бурундаем] ваяваў зямлю Літоўскую, і паслаў раць супраць Васількі, і ваявалі літоўцы каля Камянца. Князь Васілька не пайшоў на іх, чакаючы другой раці. Ён паслаў на іх Жаліслава і Сцяпана Мядушніка, і яны гналіся за імі [літоўцамі] аж да самай Ясельды, і не дагналі іх, бо войска было невялікае. [Літоўцы] ўзялі толькі палонных і таму хутка пайшлі. Другая [літоўская] раць ваявала ў той жа тыдзень каля Мельніка. Быў з імі ваявода Каўдзіжад Тудзіямінавіч. Узялі яны шмат палонных. Князь жа Васілька паехаў за імі з сынам сваім Уладзімерам, з баярамі і слугамі, спадзеючыся на Бога і на прачыстую яго маці, і на сілу святога крыжа, і дагнаў іх ля горада Небля. Літоўцы ўжо стаялі ля возера і, убачыўшы войска, гатовае да бою, селі, як звычайна, у тры рады за шчытамі. Васілька ж, падрыхтаваўшы свае палкі, пайшоў супраць іх, і пачалася бітва. Літоўцы не вытрымалі і кінуліся наўцёкі, але нельга было ўцячы, бо побач было возера. I пачалі іх секчы, а іншыя ў возеры патапіліся. I так усіх іх перабілі, ні адзін з іх не выратаваўся. Уведаўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юрый прыехалі да Васількі з напоямі і пачалі весяліцца, бо ўбачылі сваіх ворагаў разбітымі, а ўсю дружыну цэлаю. Толькі адзін быў забіты ў войску Васількі — Прайбор, сын Сцяпана Радзівіча. Пасля князі пінскія паехалі дамоў, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогаю і пашанаю вялікаю, славячы і хвалячы Бога, які стварыў цуд — пакарыў ворагаў князю Васільку.

    …Прайшоў год, і восенню [1263 г.] быў забіты вялікі князь літоўскі Міндоўг, самаўладца ўсёй зямлі Літоўскай. Пра яго забойства так раскажам. Калі ён княжыў у Літоўскай зямлі, пачаў забіваць сваіх братоў і пляменнікаў, а іншых выгнаў з краіны і стаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай. I пачаў ён вельмі ганарыцца і пышыцца, лічачы, што няма яму роўнага. Былі ў яго сын Войшалк і дачка. Дачку ёы аддаў замуж за Шварна Данілавіча ў Холм. Войшалк жа пачаў княжыць у Новагародку, будучы язычнікам, і стаў праліваць шмат крыві. Кожны дзень ён забіваў па тры-чатыры чалавекі. Калі ж у які дзень не забіваў нікога, то вельмі смуткаваў, а калі забіваў — тады радаваўся. Пасля ўвайшоў страх божы ў яго сэрца, і задумаўся ён, і захацеў прыняць святое хрышчэнне. I хрысціўся там жа, у Наваградку, стаў хрысціянінам. Пасля гэтага пайшоў Войшалк у Галіч да князя Данілы і Васількі, жадаючы пастрыгчыся ў манахі. Тады Войшалк хрысціў Юрыя Львовіча. Пасля ён пайшоў у Паланіну ў манастыр да Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі. У манастыры [Войшалк] прабыў тры гады, а адтуль пайшоў на Святую гару, прыняўшы благаславенне ў Грыгорыя. Грыгорый быў святы чалавек, якога перад ім не было і пасля яго не будзе. Войшалк не змог дайсці да Святой гары, бо тады ў тых землях быў мяцеж вялікі. I вярнуўся ён зноў у Наваградак, заснаваў сабе манастыр на рацэ Нёман, паміж Літвою і Наваградкам, і там жыў. Бацька ж яго Міндоўг дакараў яго за такое жыццё. А ён бацьку свайго вельмі не любіў. У той час памерла княгіня Міндоўгава, і пачаў ён аплакваць яе. Сястра ж была замужам за Даўмонтам, князем нальшанскім. I паслаў Міндоўг у Нальшаны па сваю швагерку і так сказаў: «Гэта твая сястра памерла, прыязджай аплакваць сястру сваю». Калі ж яна прыехала аплакваць, Міндоўг захацеў ажаніцца з ёю. I пачаў гаварыць ёй: «Сястра твая, паміраючы, наказвала мне ўзяць цябе за жонку. Яна сказала так: няхай чужая дзяцей не крыўдзіць». I ўзяў яе за жонку. Даўмонт, дачуўшыся пра гэта, вельмі засмуціўся і стаў думаць, як бы яму забіць Міндоўга. I знайшоў сабе Траняту, пляменніка Міндоўга, і разам з ім вырашыў забіць Міндоўга. Транята ж быў тады ў Жамойці.

     У год 6771 [1263]. Паслаў Міндоўг усё сваё войска за Дняпро супраць Рамана, князя бранскага. Даўмонт пайшоў разам з імі на вайну, але, выбраўшы зручны час, вярнуўся назад, кажучы: «Варажба паказвае, што мне не трэба ісці разам з вамі». Вярнуўшыся назад, ён шпарка паскакаў, дагнаў Міндоўга і забіў яго і двух сыноў яго, Рукля і Рапекя. Так учынілася забойства Міндоўга. Пасля забойства Міндоўга Войшалк, баючыся такога ж [лёсу], ўцёк у Пінск і там жыў, а Транята пачаў княжыць па ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці. I паслаў ён у Полацк па брата свайго Таўцівіла, сказаўшы так: «Брат, прыедзь сюды, падзелім зямлю і набытак Міндоўга». Калі Таўцівіл прыехаў да яго, пачаў думаць Таўцівіл, як бы забіць Траняту, а Транята стаў думаць, як забіць Таўцівіла. Задуму Таўцівіла раскрыў яго баярын Пракоп, палачанін. Транята ж апярэдзіў Таўцівіла і забіў яго і стаў княжыць адзін. Пасля гэтага конюхі Міндоўга, чатыры парабкі, сталі думаць, як бы ім забіць Траняту. Калі Транята ішоў у лазню, яны выбралі зручны момант і забілі яго. Так учынілася забойства Траняты. Дачуўшыся пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі к Наваградку, а адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Усе літоўцы прынялі яго з радасцю, сына свайго гаспадара.

     У год 6772 [1264]. Войшалк стаў княжыць па ўсёй зямлі Літоўскай, і пачаў ён вынішчаць сваіх ворагаў, і перабіў іх безліч, а іншыя разбегліся хто куды…

    У год 6776 [1268]. Пасля Войшалк аддаў сваё княжанне швагру свайму Шварну, а сам зноў захацеў стаць манахам. Шварн яго вельмі ўпрошваў, каб ён яшчэ княжыў з ім у Літве, але Войшалк не хацеў, так кажучы: «Я шмат саграшыў перад Богам і людзьмі. Ты ж княж, і зямля будзе ў бяспецы». Шварн не змог яго ўгаварыць і стаў княжыць у Літве, а Войшалк пайшоў ва Уграўск, у манастыр святога Данілы, і апрануўся ён у манаскае адзенне, і стаў жыць у манастыры, і так сказаў: «Тут паблізу ад мяне сын мой Шварн, а другі — мой пан і бацька, князь Васілька, і гэтым суцяшаюся». Грыгорый жа Паланінскі, яго настаўнік, тады быў яшчэ жывы. Войшалк распытаў, ці жывы ён, узрадаваўся і паслаў яму сказаць: «Там мой бацька, прыедзь сюды». I той прыехаў да яго і накіраваў яго на шлях манаскі. …Пасля Войшалка княжыў у Літоўскай зямлі Шварн, княжыў ён нядоўга і памёр, і пахавалі яго ў царкве святой Багародзіцы [г. Холм] каля труны яго бацькі.

Пераклад са старажытнарускай мовы В. А. Чамярыцкага

1. Вызначце, ці адрозніваюцца звесткі, пададзеныя ў гістарычнай крыніцы і ў тэксце вашага вучэбнага дапаможніка.

           2. Выкажыце ваша меркаванне пра тое, ці могуць назірацца адрозненні ў дадзеных гістарычнай крыніцы і яе апрацоўцы навукоўцамі.

         3. Уявіце, што вы навуковец, якому патрэбна вылучыць і апісаць падзеі з дакумента. Складзіце храналагчную табліцу або стужку часу па падзеях, якія апісаны ў гістарычнай крыніцы. Дайце ім сваё апісанне.

[3]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 83–89.