Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

2. Падзеі ў Полацкай зямлі ў XII ст. (урыўкі з Кіеўскага летапісу (паводле Іпацьеўскага спіса)) [2]

   <...> У год 6624 (1116). Прыходзіў Уладзімер (Манамах) на Глеба (Усяславіча), бо Глеб ваяваў дрыгавічоў і Слуцк папаліў і не каяўся аб учыненым, не скарыўся, а (яшчэ) болей на Уладзімера гаварыў, дакараючы яго. Уладзімер жа, спадзеючыся на Бога і на праўду, пайшоў к Смаленску са сваімі сынамі і з Давыдам Святаславічам і з Ольгавічамі. I ўзяў Вячаслаў Оршу і Копысь, а Давыд з Яраполкам здабылі Друцк. Сам жа Уладзімер пайшоў к Менску. I зачыніўся Глеб у горадзе. Уладзімер жа пачаў ставіць хату ў сваім лагеры насупраць горада. Калі Глеб убачыў (гэта), то яго апанаваў страх. I пачаў ѐн прасіць літасці ва Уладзімера, пасылаючы (да яго) сваіх паслоў. Уладзімер жа зжаліўся, што кроў пральецца ў дні вялікага посту і даў яму мір. Глеб жа выйшаў з горада з дзецьмі і з дружынаю пакланіцца Уладзімеру, і гаварылі яны прамовы пра мір. I абяцаў Глеб ва ўсім слухацца Уладзімера. Уладзімер жа, супакоіўшы і строга папярэдзіўшы Глеба, даў яму Менск, а сам вярнуўся ў Кіеў. Яраполк жа пабудаваў горад Жэлдзі для дручан, якіх паланіў.

   У год 6627 (1119). Уладзімер узяў Менск у Глеба Усяславіча, а яго самога прывѐў у Кіеў.

   У той жа год памѐр у Кіеве Глеб Усяславіч 13 верасня. У год 6636 (1128) (фактычна 1127).

  У той жа год паслаў князь Мсціслаў сваіх братоў на крывічоў чатырма шляхамі: Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародні, Вячаслава Яраславіча з Клецка — гэтым загадаў ісці к Ізяслаўлю, а Усеваладу Ольгавічу загадаў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў к Барысаву, Івана Вайцішыча паслаў з торкамі, сына ж свайго Ізяслава з Курска са сваім атрадам паслаў на Лагожск (узята з Лаўрэнцьеўскага спіса), а (другога) сына свайго Расціслава паслаў са смалянамі на Друцк. I сказаў (ѐн) ім у адзін і той жа дзень, 11 жніўня (у Лаўрэнцьеўскім спісе — 4 жніўня), усім пачаць напад. Ізяслаў жа пачаў на дзень раней, чым браты, пераняў людзей ад горада, яны спалохаліся і здаліся (яму). Ізяслаўцы ж пачалі біцца з Вячаславам і Андрэем. Ізяслаў, пачакаўшы два дні ля Лагожска, пайшоў к Ізяслаўлю да свайго дзядзькі, ведучы з сабой і Брачыслава, зяця свайго, які пайшоў да свайго бацькі, але на паўдарозе збаяўся і не мог ісці ні наперад, ні назад, і прыйшоў да свайго швагра і лагажан прывѐў, што быў вывеў з Лагожска. Ізяслаўцы, убачыўшы князя свайго і лагажан, якіх без шкоды захапілі, здаліся Вячаславу, сказаўшы (яму): «Пакляніся Богам, што не аддасі нас на разрабаванне». Вечарам Вараціслаў, Андрэеў тысяцкі, і Іванка Вячаславіч паслалі сваіх отракаў у горад, і так на світанні, увѐўшы сваіх вояў, здабылі (Ізяслаўль), ледзьве Мсціслаўны набытак збераглі, з вялікай цяжкасцю б'ючыся. I так вярнуліся дамоў з багатым палонам. Пасля і наўгародцы прыйшлі з Усеваладам Мсціславічам к Неключу. I тады палачане, змовіўшыся, выгналі Давыда з сынамі, узялі Рагвалода (Усяславіча) і пайшлі з ім да Мсціслава, просячы ўзяць яго за князя. I выканаў іх волю Мсціслаў. Узялі яны Рагвалода і павялі ў Полацк.

   <...> У год 6659 (1151) У той жа год схапілі палачане Рагвалода Барысавіча, князя свайго, і паслалі ў Менск і там трымалі (яго) у цяжкай няволі, а (Расціслава) Глебавіча прывялі да сябе (у Полацк). I прыслалі палачане (сваіх паслоў) да Святаслава Ольгавіча, выказваючы сваю дружалюбнасць, і абяцалі слухацца яго, як бацьку, і на гэтым цалавалі яму крыж.

    У год 6667 (1159) (фактычна 1158). У той жа год ідзе Рагвалод Барысавіч ад Святаслава Ольгавіча (князя чарнігаўскага) шукаць сабе воласці, узяўшы (на падмогу) полк Святаславаў, бо не літасцівыя былі браты яго: (яны) адабралі ў яго воласць і ўвесь набытак. Прыехаўшы к Слуцку, ѐн паслаў (сваіх пасланцоў) да дручан. Дручане ж былі рады яму і, прыязджаючы да яго, вабілі да сябе (у Друцк), гаворачы: «Прыязджай, княжа, не марудзь, (вельмі) рады мы табе: нават калі нам з дзецьмі (сваімі давядзецца) біцца за цябе, з радасцю будзем біцца». I выехалі насустрач яму больш як 300 дручан і палачан, і ўвайшоў (Рагвалод) у горад (Друцк) з вялікай пашанаю, і рады былі яму людзі. Глеба ж Расціславіча выгналі і двор яго разрабавалі, і дружыну яго, і прыйшоў Глеб да (свайго) бацькі (у Полацк). Вялікі мяцеж быў (тады) у горадзе сярод палачан, бо многія хацелі Рагвалода. Ледзьве супакоіў іх Расціслаў, адарыў многіх падарункамі, прыводзіў іх да крыжа (цалаваць), а сам пайшоў з Усеваладам і Валадаром і з усімі братамі на Рагвалода к Друцку. Рагвалод ж закрыўся ў горадзе. I моцна біліся, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж шмат дакаралі (братоў). I ўчыніў мір Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі яны крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. I вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў. У тое ж лета ўчынілі змову палачане супраць князя свайго Расціслава Глебавіча і пераступілі крыжацалаванне <...>. 

   І так адступілі (ад прысягі на крыжы), як я казаў, і паслалі патаемна да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, гаворачы яму: «Княжа наш, саграшылі мы перад Богам і перад табою, што выступілі супраць цябе без прычыны, набытак твой увесь і тваѐй дружыны разрабавалі, а цябе самога, схапіўшы, выдалі Глебавічам на вялікія пакуты. Калі ж ты не прыпомніш нам усѐ тое, што мы, неразумныя, табе ўчынілі, і крыж нам пацалуеш, то мы людзі твае, а ты наш князь. Расціслава ж, схапіўшы, аддамо табе ў рукі, і што ты захочаш, тое і зробіш з ім». I Рагвалод прысягнуў (палачанам) на крыжы, што ѐн не прыпомніць ім усѐ тое (дрэннае, што яны яму ўчынілі), і адпусціў іх назад. Сярод палачан былі прыхільнікі Расціслава, (яны паведамілі яму), што яго хочуць схапіць. I пачалі (палачане) лісліва клікаць Расціслава на братчыну да старой (царквы) святон Багародзіцы на Пятроў дзень, каб там яго схапіць. Ён жа паехаў да іх, схаваўшы зброю пад адзенне, і не пасмелі (змоўшчыкі) напасці на яго. Назаўтра пачалі яго (зноў) вабіць да сябе, гаворачы: «Княжа, прыедзь да нас, ѐсць у нас да цябе (важная) справа, прыедзь жа да нас у горад» (тады князь быў у Бельчыцах). I сказаў Расціслаў паслам: «Я ж учора ў вас быў, чаму (нічога) не гаварылі мне, што ў вас была да мяне справа?» I, нічога не падазраючы, паехаў у горад. I тут памчаў з горада яму насустрач дзецкі (слуга): «Не едзь, княжа, веча (сабралася) супраць цябе ў горадзе і дружыну тваю збіваюць, а цябе (самога) хочуць схапіць». I тады вярнуўся (Расціслаў) назад у Бельчыцы, сабраў усю сваю дружыну і адтуль пайшоў да брата (свайго) Валадара ў Менск. I шмат шкоды ўчыніў (ѐн) Полацкай воласці, ваюючы, (забіраючы) скаціну і чэлядзь. I паслалі палачане па Рагвалода ў Друцк. I ўвайшоў Рагвалод у Полацк месяца ліпеня (8-га дня) і сеў на (княжацкім) стале дзеда свайго (Усяслава) і бацькі свайго (Барыса) з вялікай пашанаю, і так былі рады палачане. <...>.

   У год 6667 (1159) У той жа год Глебавічы Валодшу і Брачыслава паланілі ў Ізяслаўлі, і пасадзілі Валодшу ў цямніцу, а Брачыслава закавалі (у ланцугі). 

  У год 6668 (1159) У той жа год хадзіў Рагвалод з палачанамі на Расціслава Глебавіча к Менску. Паслаў Рагвалоду Расціслаў (Мсціславіч) з Кіева дапамогу — 600 торкаў (на чале) з Жыраславам Нажыравічам, але яны, знясіленыя голадам, вярнуліся пешшу назад, не дачакаўшыся міру. Рагвалод жа прастаяў каля горада 6 тыдняў і ўчыніў мір з Расціславам па сваѐй волі, вызваліў Валодшу з цямніцы, а Брачыслава з аковаў, і цалавалі (яны) крыж адзін аднаму. У год 6669 (1161) (фактычна 1160). У той год хадзіў Рагвалод к Менску на Расціслава Глебавіча і ўчыніў з ім мір і вярнуўся дамоў. <...>

   У год 6675 (1167) У той жа самы год хадзіў Валадар Глебавіч (з войскам) к Полацку ваяваць. Васількавіч жа Усяслаў пайшоў супраць яго з палачанамі. Валадар жа, уведаўшы, што ідуць супраць яго, не даў ім злучыцца і ўдарыў на іх знянацку і шмат іх пабіў, а іншых рукамі палавіў. Усяслаў жа ўцѐк у Віцебск. Валадар жа ўвайшоў у Полацк, цалаваў крыж з палачанамі і пайшоў к Віцебску на Давыда (Расціславіча) і на Усяслава. Прыйшоўшы, (ѐн) спыніўся ля ракі, і пачалі біцца праз раку. Давыд жа не ўступіў з ім у бойку, бо чакаў брата свайго Рамана са смалянамі. I тут дзіва здарылася апоўначы: моцны гул пачуўся, быццам бы воі пераходзяць раку. I страх напаў на вояў Валадаравых, і сказала яму (яго) дружына: «Што стаіш, княжа, не ідзеш прэч, вось тут Раман пераходзіць раку, а там Давыд». I пабег Валадар з-пад Віцебска. Назаўтра Давыд, убачыўшы, што Валадар уцѐк, пусціў за ім пагоню, і не дагналі іх, але па лесе шмат палавілі; Усяслава ж паслаў у Полацк. <...>

Пераклад са старажытнарускай мовы В. Чамярыцкага

1. Перавядзіце інфармацыю дакумента ў тэзіснае апісанне падзей.

             2. Падрыхтуйце пытанні па зместу дакумента.

[2]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 37–43.