Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

1. Аповесць пра Усяслава Полацкага (урыўкі з «Аповесці мінулых гадоў») [1]

У год 6552 [   ]. ...У той жа год памёр Брачыслаў, сын  Ізяслава, унук Уладзімера, бацька Усяслава, і Усяслаў, сын яго, сеў на яго [княскім] стале [у Полацку]. Маці ж яго нарадзіла ад чарадзейства. Калі маці яго нарадзіла, на галаве яго была сарочка. I сказалі вешчуны яго маці: «Гэтую сарочку навяжы на яго, хай носіць яе да смерці». I носіць яе на сабе Усяслаў і сёння, таму і нялітасцівы ён на кровапраліццё.

У год 6574 [    ]. Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад, з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі. О, вялікая бяда была ў той час!

У год 6575 [    ]. Узняў раць у Полацку Усяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў, Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, сабраўшы вояў, пайшлі на Усяслава ў люты мароз. I падышлі [яны] да Менска. I зачыніліся мяняне ў горадзе. Браты ж узялі Менск, перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і  дзяцей узялі ў палон і пайшлі да Нямігі. I пайшоў Усяслаў супраць іх. I сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-і дзень, быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. I была лютая сеча, і многія палеглі ў ёй, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, Усяслаў жа ўцёк.

Пасля гэтага месяца ліпеня ў 10-ы дзень Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад, пацалаваўшы крыж святы Усяславу, сказалі яму: «Прыйдзі да нас, не ўчынім табе [нічога] злога». Ён жа, спадзеючыся на іх крыжацалаванне, пераехаў да іх у лодцы праз Днепр. Калі ж Ізяслаў увайшоў першы ў шацёр, тут схапілі Усяслава, на Ршы ля Смаленска, пераступіўшы крыжацалаванне. Ізяслаў жа, прывёўшы Усяслава ў Кіеў, пасадзіў яго і двух яго сыноў у турму [«поруб»].

У год 6576 [     ]. Прыйшлі іншапляменнікі на Рускую зямлю, мноства полаўцаў. Ізяслаў жа, Святаслаў і Усевалад выйшлі супраць іх на Альту. I ноччу пайшлі адзін на аднаго. За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі, і перамаглі полаўцы.

…Калі ж Ізяслаў з Усеваладам пабеглі ў Кіеў, а Святаслаў у Чарнігаў, тады кіеўляне прыбеглі ў Кіеў, сабралі веча на рынку і паслалі да князя сказаць: «Вось полаўцы рассяліліся па ўсёй [Рускай] зямлі, дай, княжа, зброю і коней, і мы яшчэ паваюем з імі». Аднак Ізяслаў не паслухаў гэтага. I пачалі людзі наракаць на ваяводу Каснячка, пайшлі на гару з веча і прыйшлі на двор Каснячка і, не знайшоўшы яго, сталі ля двара Брачыслава і сказалі: «Пойдзем вызвалім дружыну сваю з турмы». I падзяліліся [яны] на дзве часткі: адна палова пайшла да турмы, а другая палова пайшла па мосце і прыйшла на княскі двор. Ізяслаў жа ў гэты час на сенях раіўся з дружынай сваёю. I пачалі спрачацца з князем [людзі], стоячы ўнізе. Калі князь глядзеў з акна, а дружына стаяла ля яго, сказаў Ізяславу Тукі, брат Чудзіна: «Бачыш, княжа, людзі загулі, пайшлі, няхай Усяслава павартуюць». I пакуль ён гэта казаў, другая палова людзей прыйшла ад турмы, адкрыўшы яе. I сказала дружына князю: «Злое ўчынілася, пайшлі да Усяслава, няхай, паклікаўшы падманам да акна, праткнуць яго мечам». I не паслухаў гэтага князь. Людзі ж закрычалі і пайшлі да турмы Усяслава. Ізяслаў жа, убачыўшы гэта, пабег з Усеваладам з двара. Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы ў 15-ы дзень верасня і праславілі яго пасярод княскага двара. Двор жа княскі разрабавалі, безліч золата і срэбра, у манетах і злітках. Ізяслаў жа ўцёк да ляхаў.

Усяслаў жа сеў у Кіеве. Гэтым Бог паказаў сілу крыжа, таму што Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў яго [Усяслава], з-за гэтага і наслаў Бог паганых. Усяслава ж яўна выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў, уздыхнуўшы, сказаў: «О святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з турмы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і тут [на зямлі] будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаны сілы д'ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае, крыж аберагае ў бітвах, веруючыя перамагаюць супастатаў, крыж хутка ратуе ад напасцяў тых, хто просіць яго дапамогі веруючы. Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа. Калі з'яўляюцца д'ябальскія прывіды, то, перахрысціўшыся, іх праганяюць. Усяслаў жа сядзеў у Кіеве сем месяцаў.

У год 6577 [    ]. Пайшоў Ізяслаў з Баляславам на Усяслава, Усяслаў жа выступіў насустрач. I прыйшоў Усяслаў да Белгарада, ноччу ж ён патаемна ад кіеўлян уцёк з Белгарада ў Полацк…

Ізяслаў жа выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў свайго сына Мсціслава, ён жа неўзабаве памёр там. I пасадзіў [Ізяслаў у Полацку] на яго месца яго брата Святаполка, Усяслаў жа ўцёк.

У год 6579 [     ]. …У той жа год выгнаў Усяслаў Святаполка з Полацка. У той жа год перамог Яраполк Усяслава ля Галацічаска.

У год 6609 [      ]. Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ы дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду.        

1. Аднавіце даты, якія павінны стаяць у квадратных дужках, пры неабходнасці выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.
         2. Дайце назву кожнай з падзей, пра якія распавядае летапіс (адзін абзац – адна падзея).

[1]Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VІ–ХV стст.): дапам. для вучняў і настаўнікаў / Склад. С. К. Ганцова, В. А. Чамярыцкі, Г. В. Штыхаў. Мінск: Нар. асвета, 1998. С. 37–43.