Практыкум "СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЕ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ"

V. Параўнанне пунктаў гледжання

Ацэнка гісторыкамі прычын і наступстваў Крэўскай уніі

У 80-я гг. ХІV ст. існавала два шляхі развіцця ВКЛ: або саюз з Маскоўскім княствам, або саюз з Польшчай.

Першая альтэрнатыва не была рэалізавана, паколькі мангола-татары спалілі Маскву ў 1382 г. і захавалі сваё іга над Руссю яшчэ на сто гадоў. Затое склаліся ўмовы для уніі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Па-першае, абедзвюм дзяржавам пагражаў Тэўтонскі ордэн.

Па-другое, польскія свецкія феадалы спадзяваліся пашырыць свае ўладанні за кошт зямель ВКЛ. А каталіцкая царква імкнулася пашырыць свой рэлігійна-палітычны ўплыў на ўсход. Польскія гісторыкі ідэалізавалі палітычную ролю Польшчы ў збліжэнні з ВКЛ. Яны і сёння бачаць у Крэўскай уніі раўнапраўны саюз дзвюх дзяржаў і вызначаюць яго станоўчыя вынікі. У літоўскай гістарычнай навуцы прымяншаецца аб’ядноўваючая роля «польска-літоўскіх» уній. Там замацавалася думка пра Крэўскую унію як вынік дынастычнай палітыкі Ягайлы. Але пытанне аб ролі ўдзельных князёў і мясцовых баяр у яе заключэнні засталося не даследаваным.

У расійскай гістарычнай навуцы ў ХІХ – пачатку ХХ ст. была распаўсюджана адмоўная ацэнка Крэўскай уніі. Даследчыкі лічылі, што унія садзейнічала пашырэнню польскага ўплыву ў Заходняй Русі, гэта значыць на рускіх землях, і «сапсавала» мясцовае насельніцтва. М. В. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага, бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё адзінства.

Беларускія гісторыкі лічаць, што ініцыятарам Крэўскай уніі 1385 г. з’яўлялася Польскае каралеўства. Таму ўмовы уніі выклікаюць здзіўленне. Ягайла, каб ажаніцца з Ядвігай, і стаць каралём Польшчы, даў шэраг абяцанняў: «…князь Ягайла з усімі братамі, яшчэ не хрышчонымі, а таксама з крэўнымі, са шляхтай, зямянамі …, якія на землях яго жывуць, хоча … прыняць веру каталіцкую святога рымскага Касцёла. … абяцае вялікі князь Ягайла сабраць і выкарыстаць увесь свой скарб для вяртання страт, якія панеслі як Польшча, гэтак і Літва… Вялікі князь Ягайла абяцае суму, умоўленую каралевай венгерскай і князем Аўстрыі, менавіта двойчы сто тысяч фларэнаў, сабраць і выплаціць. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае і гарантуе ўласным коштам і стараннем вярнуць каралеўству польскаму ўсе краі, кім бы яны ад яго не адарваны і забраны. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае вярнуць першасную вольнасць усім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвага полу з зямлі польскай, звычаем вайсковым забраных і пераселеных… Нарэшце, той жа вялікі князь Ягайла абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы да кароны каралеўства польскага далучыць».

Некаторыя гісторыкі выказываюць думку, што тэкст уніі быў сфальсіфікаваны палякамі. Па-першае, ён стаў вядомы пасля смерці Ягайлы, у хроніцы Яна Длугаша. Па-другое, дэлегацыя ВКЛ на Люблінскім сойме 1569 г. аспрэчвала сапраўднасць тэксту Крэўскай уніі. Па-трэцяе, акт дагавора не мае подпісаў і пячатак.

1. Выкажыце сваю думку наконт праблемы ацэнкі Крэўскай уніі. Які пункт гледжання вам бліжэй? Чаму вы абралі менавіта яго?

2. Як вы лічыце, ці могуць служыць доказам фальсіфікацыі акту Крэўскай уніі пералічаныя ў апошнім абзацы тэкста аргументы? Чаму?