§10-1. Знешняя палітыка ВКЛ у XV – першай палове XVІ ст.

2. Уніі з Польшчай. Узаемаадносіны з Крымскім ханствам

Уніі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца своеасаблівым этапам усходнееўрапейскай палітычнай і ваеннай інтэграцыі. Асновай палітычнага саюза з’яўлялася зараджэнне і станаўленне новай каралеўскай дынастыі ў Польшчы — Ягелонаў. Вырашальным фактарам з’яўляўся ваенна-палітычны саюз і патрэба ў сумесных ваенных дзеяннях для абароны знешніх граніц. Дагаворы паміж дзяржавамі аказвалі ўплыў на змяненне дзяржаўна-прававога і саслоўнага становішча шляхты як Польскага каралеўства, так і Вялікага Княства Літоўскага.

У 1385 г. вялікі князь Ягайла і прадстаўнікі Польскага каралеўства зацвердзілі акт Крэўскай уніі. У яго аснову была пакладзена дамова аб шлюбе Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі. Манарх ВКЛ браў на сябе абавязкі хрысціцца ў каталіцтва, хрысціць сваіх падданых-язычнікаў і спрыяць пашырэнню каталіцкай веры на землях Княства. У сваю чаргу Польшча давала Ягайлу дадатковыя войскі для падтрымання парадку ў дзяржаве і абароны ад знешняга ворага — Тэўтонскага ордэна. Такім чынам, Крэўская унія прадугледжвала вырашэнне надзённых праблем абедзвюх дзяржаў.

У 1400—1401 гг. абодвум бакам спатрэбілася пераглядзець умовы ўніі. Кароль Ягайла застаўся ўдаўцом і легетымнасць яго ўлады патрабавала згоды з боку феадалаў і Княства, і Польшчы. Вялікі князь Вітаўт пацярпеў паражэнне на рацэ Ворскле і патрабаваў пацвердзіць яго паўнамоцтвы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1401 г. у Вільні і Радаме былі праведзены перамовы і прыняты акты, якія пацвярджалі ўладу манархаў да іх смерці («да жывата»). Была ўведзена працэдура выбараў вялікага князя літоўскага, у якой удзельнічалі прадстаўнікі Польшчы, Паны-Рада і кароль.

Умовы былі пашыраны ў 1413 г. у Гародлі (Польшча). Выбіраць манархаў і Польшчы, і ВКЛ павінны былі прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў і сам манарх (яшчэ пры жыцці). Для ВКЛ у любых умовах захоўвалася ўлада асобнага князя, але права на тытул «найвышэйшы князь» засталося за польскімі каралямі. Акты ад 2 кастрычніка 1413 г. уводзілі ў ВКЛ шляхецкія гербы, абмежаванні па канфесійнай прыналежнасці і новы адміністрацыйны падзел краіны на ваяводствы.

Тым не менш умовы не выконваліваліся. Так, у 1430 г. без выбараў вялікім князем быў абвешчаны Свідрыгайла Альгердавіч. У 1440 г. у Вільні каранавалі Казіміра Ягайлавіча без згоды прадстаўнікоў Польскага каралеўства. А з 1447 г. з’явілася новая форма ўзаемаадносін — персанальная унія, згодна з якой вялікі князь і польскі кароль былі адной асобай, але манархам дзвюх самастойных дзяржаў.

У 1490-я гг. прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў вялікі князь Аляксандр і кароль польскі Ян Ольбрахт паспрабавалі аднавіць умовы дагавораў пачатку XV ст. з мэтай забяспечыць шчыльную сувязь паміж палітычнымі элітамі дзвюх дзяржаў (Кракаўская дамова). У кастрычніку 1501 г. была падпісана Мельніцкая унія, якая зноў абвяшчала цесны ваенна-палітычны саюз паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ. Пры гэтым палітычнымі ўмовамі уніі станавіліся абранне аднаго манарха для дзвюх дзяржаў, правядзенне адзінай знешняй і ўнутранай палітыкі. У тым жа годзе Аляксандр стаў каралём Польшчы. Умовы уніі не былі зацверджаны на сойме ВКЛ, паколькі ў іх не былі зацікаўлены буйны́я феадалы Княства. Аднак асноўнае кола правоў, якое акрэслілі ў працэсе перамоў, было пакладзена ў аснову Люблінскай уніі 1569 г.

Зусім па-іншаму складваліся адносіны з Крымскім ханствам. У час праўлення Жыгімонта Кейстутавіча, а затым і Казіміра Ягайлавіча татарскі род Гірэеў з дапамогай войска ВКЛ зацвердзіўся ў Крыме. Княства разглядала Крымскае ханства ў якасці свайго саюзніка ў Прычарнамор’і, а Гірэі спадзяваліся на падтрымку ВКЛ у барацьбе за землі былой Залатой Арды.

Аднак у 1475 г. усё змянілася, бо Крымскае ханства стала васалам Асманскай імперыі. Крымскія татары пачалі ўступаць у антыягелонаўскія саюзы і каардынаваць свае ваенныя напады з Маскоўскай дзяржавай.

Ваенная актыўнасць у стэпе прыводзіла да страты Вялікім Княствам Літоўскім кантроля над украінскімі землямі. Усё часцей татарскія атрады праходзілі ўглыб дзяржавы праз Кіеўшчыну і нападалі на беларускія землі.

Немабільнае войска ВКЛ нечаста ўступала ў сутыкненні з татарскімі атрадамі. Таму значнай можна лічыць бітву пад Клецкам, у ходзе якой 5 жніўня 1506 г. велікакняжацкае войска на чале з Міхалам Глінскім разграміла войска сыноў хана Менглі-Гірэя.

У пачатку XVI ст. была наладжана сістэма абароны паўднёвых меж краіны. Былі створаны спецыяльныя заставы і лятучыя атрады для прадухілення ўварвання татар у межы дзяржавы. Станоўчую ролю адыгрывалі і «ўпамінкі», г. зн. падарункі хану і яго двару. У Крыме лічылі гэта данінай, а ў ВКЛ — платай за лаяльнасць і ненападзенне на землі дзяржавы.