Print bookPrint book

§10-1. Знешняя палітыка ВКЛ у XV – першай палове XVІ ст.

   

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Book: §10-1. Знешняя палітыка ВКЛ у XV – першай палове XVІ ст.
Printed by: Госць
Date: Saturday, 18 May 2024, 1:19 PM

1. Ліквідацыя крыжацкай пагрозы

Крыжацкая пагроза для беларускіх зямель стала адчувальнай з XIV ст., калі ў склад Тэўтонскага ордэна ўвайшлі амаль усе балцкія землі Усходняй і Паўднёвай Прыбалтыкі. Больш не засталося тэрыторый, якія б маглі перашкодзіць паходам рыцараў на землі Вялікага Княства Літоўскага ў Беларускім Панямонні і Беларускім Падзвінні.

У 1385 г. з’явіўся новы фактар, які зрабіў непазбежнай вайну з Тэўтонскім ордэнам, — унія з Польскім каралеўствам. У адпаведнасці з дамовай ВКЛ і Польшча павінны былі падтрымаць адно аднаго ў супрацьстаянні знешняй пагрозе. Польскі бок актыўна прапагандаваў ідэю адабрання ў Ордэна паморскіх зямель. Вялікае Княства Літоўскае заяўляла свае прэтэнзіі на Жамойць. Тэўтонскі ордэн, у сваю чаргу, дапамагаў перабежчыкам з ВКЛ, меў цесныя зносіны з Мазавецкім княствам і паступова рыхтаваўся да вайны.

Сітуацыя магла змяніцца ў 1390-я гг., калі вялікі князь Вітаўт вёў з Ордэнам актыўныя перамовы, каб здзейсніць сумесны крыжовы паход супраць татар. Аднак ён пацярпеў паражэнне на рацэ Ворскле, дзе ордэнскія палкі былі цалкам знішчаны.

У 1401 г. пачаўся этап афармлення новых умоў уніі паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. У аснове заставаўся ваенны саюз супраць Ордэна. У 1408 г. стала відавочным, што канфлікту не пазбегнуць. Вітаўт абвінаваціў Тэўтонскі ордэн у замаху на яго жыццё. У адказ крыжакі здзейснілі паход на Ваўкавыск.

Восенню 1409 г. адбыліся ваенныя сутычкі паміж варагуючымі бакамі, аднак да зімы баявыя дзеянні спыніліся. У выніку перамоў у Берасці Ягайла і Вітаўт распрацавалі план новага паходу супраць Тэўтонскага ордэна. Аб’яднанае войска саюзнікаў у чэрвені 1410 г. распачало наступленне на ордэнскую сталіцу. Магістр ордэна планаваў спыніць іх пад Торунем. 15 ліпеня 1410 г. войскі сутыкнуліся ў бітве паміж Таненбергам і Грунвальдам.  

Як сведчаць крыніцы, ордэнскае войска засяродзіла ўсе наяўныя сілы на полі боя. Войска саюзнікаў уключала ў сябе не толькі харугвы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, але яшчэ чэшскія і татарскія атрады. Бітва доўга не пачыналася, бо кожны з бакоў не хацеў страціць перавагу наступаць апошнім. Падчас бітвы велікакняжацкае войска вымушана было адступіць, але той факт, што ордэнскае камандаванне раздзяліла свае ваенныя сілы на дзве часткі і кінула ўсе рэзервы, каб дабіць сапернікаў паасобку, дазволіў Ягайлу і Вітаўту здабыць перамогу. Палкі ВКЛ разграмілі левы фланг крыжакоў, а калі вярнуліся на поле бітвы, дапамаглі польскім рыцарам канчаткова перамагчы праціўніка.

Бітву Вітаўт і Ягайла выйгралі, але страты былі адчувальныя і не дазволілі заняць Мальбарк. Час быў страчаны, і Мальбаркскі замак быў падрыхтаваны да аблогі. Ні вопыту, ні рашучасці ў захопе сталіцы Ордэна войскі саюзнікаў не праявілі. Калі пачаўся мор коней, Вітаўт, а затым і Ягайла адвялі свае палкі.

У лютым 1411 г. Вялікая вайна, якая цягнулася тры гады, была завершана Торуньскім мірам. Дзяржавы прызнавалі цэласнасць тэрыторый, а Ордэн выплаціў кантрыбуцыю. Саюзнікі павінны былі вярнуць палонных.

Вынікі былі не такімі, якіх чакалі ў Польскім каралеўстве і ВКЛ, але Грунвальдская бітва была ўпісана ў ваенную гісторыю Еўропы XV ст. як самая буйна́я і тактычна складаная. Ваенна-палітычныя вынікі вайны былі істотнымі: Ордэн страціў сваю палітычную вагу, спыніў экспансію на славянскія і балцкія землі. Аднак толькі ў 1422 г. па выніках Мельнскага міру Жамойць была вернута ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

2. Уніі з Польшчай. Узаемаадносіны з Крымскім ханствам

Уніі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага з’яўляюцца своеасаблівым этапам усходнееўрапейскай палітычнай і ваеннай інтэграцыі. Асновай палітычнага саюза з’яўлялася зараджэнне і станаўленне новай каралеўскай дынастыі ў Польшчы — Ягелонаў. Вырашальным фактарам з’яўляўся ваенна-палітычны саюз і патрэба ў сумесных ваенных дзеяннях для абароны знешніх граніц. Дагаворы паміж дзяржавамі аказвалі ўплыў на змяненне дзяржаўна-прававога і саслоўнага становішча шляхты як Польскага каралеўства, так і Вялікага Княства Літоўскага.

У 1385 г. вялікі князь Ягайла і прадстаўнікі Польскага каралеўства зацвердзілі акт Крэўскай уніі. У яго аснову была пакладзена дамова аб шлюбе Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі. Манарх ВКЛ браў на сябе абавязкі хрысціцца ў каталіцтва, хрысціць сваіх падданых-язычнікаў і спрыяць пашырэнню каталіцкай веры на землях Княства. У сваю чаргу Польшча давала Ягайлу дадатковыя войскі для падтрымання парадку ў дзяржаве і абароны ад знешняга ворага — Тэўтонскага ордэна. Такім чынам, Крэўская унія прадугледжвала вырашэнне надзённых праблем абедзвюх дзяржаў.

У 1400—1401 гг. абодвум бакам спатрэбілася пераглядзець умовы ўніі. Кароль Ягайла застаўся ўдаўцом і легетымнасць яго ўлады патрабавала згоды з боку феадалаў і Княства, і Польшчы. Вялікі князь Вітаўт пацярпеў паражэнне на рацэ Ворскле і патрабаваў пацвердзіць яго паўнамоцтвы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1401 г. у Вільні і Радаме былі праведзены перамовы і прыняты акты, якія пацвярджалі ўладу манархаў да іх смерці («да жывата»). Была ўведзена працэдура выбараў вялікага князя літоўскага, у якой удзельнічалі прадстаўнікі Польшчы, Паны-Рада і кароль.

Умовы былі пашыраны ў 1413 г. у Гародлі (Польшча). Выбіраць манархаў і Польшчы, і ВКЛ павінны былі прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў і сам манарх (яшчэ пры жыцці). Для ВКЛ у любых умовах захоўвалася ўлада асобнага князя, але права на тытул «найвышэйшы князь» засталося за польскімі каралямі. Акты ад 2 кастрычніка 1413 г. уводзілі ў ВКЛ шляхецкія гербы, абмежаванні па канфесійнай прыналежнасці і новы адміністрацыйны падзел краіны на ваяводствы.

Тым не менш умовы не выконваліваліся. Так, у 1430 г. без выбараў вялікім князем быў абвешчаны Свідрыгайла Альгердавіч. У 1440 г. у Вільні каранавалі Казіміра Ягайлавіча без згоды прадстаўнікоў Польскага каралеўства. А з 1447 г. з’явілася новая форма ўзаемаадносін — персанальная унія, згодна з якой вялікі князь і польскі кароль былі адной асобай, але манархам дзвюх самастойных дзяржаў.

У 1490-я гг. прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў вялікі князь Аляксандр і кароль польскі Ян Ольбрахт паспрабавалі аднавіць умовы дагавораў пачатку XV ст. з мэтай забяспечыць шчыльную сувязь паміж палітычнымі элітамі дзвюх дзяржаў (Кракаўская дамова). У кастрычніку 1501 г. была падпісана Мельніцкая унія, якая зноў абвяшчала цесны ваенна-палітычны саюз паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ. Пры гэтым палітычнымі ўмовамі уніі станавіліся абранне аднаго манарха для дзвюх дзяржаў, правядзенне адзінай знешняй і ўнутранай палітыкі. У тым жа годзе Аляксандр стаў каралём Польшчы. Умовы уніі не былі зацверджаны на сойме ВКЛ, паколькі ў іх не былі зацікаўлены буйны́я феадалы Княства. Аднак асноўнае кола правоў, якое акрэслілі ў працэсе перамоў, было пакладзена ў аснову Люблінскай уніі 1569 г.

Зусім па-іншаму складваліся адносіны з Крымскім ханствам. У час праўлення Жыгімонта Кейстутавіча, а затым і Казіміра Ягайлавіча татарскі род Гірэеў з дапамогай войска ВКЛ зацвердзіўся ў Крыме. Княства разглядала Крымскае ханства ў якасці свайго саюзніка ў Прычарнамор’і, а Гірэі спадзяваліся на падтрымку ВКЛ у барацьбе за землі былой Залатой Арды.

Аднак у 1475 г. усё змянілася, бо Крымскае ханства стала васалам Асманскай імперыі. Крымскія татары пачалі ўступаць у антыягелонаўскія саюзы і каардынаваць свае ваенныя напады з Маскоўскай дзяржавай.

Ваенная актыўнасць у стэпе прыводзіла да страты Вялікім Княствам Літоўскім кантроля над украінскімі землямі. Усё часцей татарскія атрады праходзілі ўглыб дзяржавы праз Кіеўшчыну і нападалі на беларускія землі.

Немабільнае войска ВКЛ нечаста ўступала ў сутыкненні з татарскімі атрадамі. Таму значнай можна лічыць бітву пад Клецкам, у ходзе якой 5 жніўня 1506 г. велікакняжацкае войска на чале з Міхалам Глінскім разграміла войска сыноў хана Менглі-Гірэя.

У пачатку XVI ст. была наладжана сістэма абароны паўднёвых меж краіны. Былі створаны спецыяльныя заставы і лятучыя атрады для прадухілення ўварвання татар у межы дзяржавы. Станоўчую ролю адыгрывалі і «ўпамінкі», г. зн. падарункі хану і яго двару. У Крыме лічылі гэта данінай, а ў ВКЛ — платай за лаяльнасць і ненападзенне на землі дзяржавы.

3. «Памежныя» войны з Маскоўскай дзяржавай

У 1448 г. вялікі князь Казімір Ягайлавіч заключыў дагавор з маскоўскім князем, у якім былі вызначаны тэрыторыі, што павінны былі знаходзіцца пад кантролем двух цэнтраў збірання рускіх зямель. ВКЛ кантралявала Вярхоўскія княствы, Ноўгарад і Пскоў.

У канцы 1480 — пачатку 1490-х гг. пачаў нарастаць крызіс узаемаадносін паміж дзяржавамі. Узнікла праблема памежных тэрыторый паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам. Гэта дазваляла лёгка знаходзіць падставы для ваенных дзеянняў і прывяло да шырокамаштабных войн. Іх вынікам стала пераразмеркаванне зямель Усходняй Еўропы на карысць  Маскоўскага княства.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у канцы XV — першай палове XVI ст. адбылося пяць памежных войнаў.

Так, за час праўлення Аляксандра адбыліся два канфлікты — вайна 1492—1494 гг. і вайна 1500—1503 гг. Першая з іх неафіцыйна пачалася яшчэ з сярэдзіны 1480-х гг. і была выклікана «ад’ездам» шэрагу ўдзельных князёў у Маскву (Абаленскіх, Варатынскіх і інш.). Яны не толькі мянялі  сюзэрэна, але і прызнавалі памежныя княствы тэрыторыяй іншай дзяржавы. Адкрытае супрацьстаянне войск Княства і Маскоўскай дзяржавы прывяло да страты бранскіх і северскіх зямель. Рэванш чакалі ад кампаніі 1500 г. Аднак войска ВКЛ было разгромлена на рацэ Вядроша, шмат воінаў разам з гетманам апынулася ў палоне. Дзяржава была не гатова да вайны. Патрабаваліся вайсковыя рэформы і дакладна акрэсленая знешняя палітыка.

У часы кіравання Жыгімонта Старога ВКЛ правяло тры вайны з Маскоўскай дзяржавай: у 1507—1508 гг., у 1512—1522 гг. (Дзесяцігадовая вайна) і ў 1534—1537 гг. (Старадубская вайна). Іх вынікам стала страта Смаленскага княства і частковае вяртанне Севершчыны і Пасожжа. Найбуйнейшай па колькасці ўдзельнікаў стала бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. Падчас яе войскі ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім правялі наступальную аперацыю і прымусілі маскоўскія атрады адступіць з тэрыторыі сучаснай Беларусі. 

У выніку «памежных» войнаў Вялікае Княства Літоўскае страціла трэцюю частку сваёй тэрыторыі, аднак пераразмеркаванне зямлі дазволіла ВКЛ пазбавіцца значнай часткі незаселеных тэрыторый, кансалідаваць шляхту вакол ідэі абароны краіны, рэфармаваць войска і сістэму кіравання. Таксама з’явілася новая дзяржаўная граніца, якая стала вызначанай усходняй граніцай беларускай народнасці. Завяршылася фарміраванне тут «рускай» ідэнтычнасці, у адрозненне ад «маскоўскай» на ўсходзе.

Пытанні і заданні

 1. Вызначце прычыны барацьбы ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам.
2. Складзіце стужку часу «Крыжацкая пагроза ў адносінах ВКЛ і яе ліквідацыя».
3. Ахарактарызуйце Вялікую вайну.
4. Які ўплыў на развіццё ВКЛ і Польшчы аказвалі дагаворы паміж дзяржавамі? Назавіце вырашальныя фактары, якія садзейнічалі перагляду ўмоў Крэўскай уніі.
5. Запоўніце табліцу «Уніі ВКЛ» і зрабіце вывад пра неабходнасць іх падпісання.

6. Назавіце прычыны «памежных» войнаў. Складзіце табліцу аб іх. Асаблівую ўвагу надайце іх вынікам.