Абагульненне па II раздзеле

«Этнічные працэсы на беларускіх землях»

Працэс фарміравання беларускай народнасці быў даволі працяглы і адбываўся пад уплывам сацыяльна-эканамічных, грамадска-палітычных, знешнепалітычных, рэлігійных, культурна-гістарычных фактараў.

У асноўным этнагенез беларусаў ахопліваў тэрыторыю Верхняга Падняпроўя, Сярэдняга Падзвіння, Панямоння, Пабужжа і Беларускага Палесся. Пры гэтым арэал беларускай народнасці закранаў землі, якія зараз знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. Нельга гаварыць пра чыста славянскія карані беларускага народа, бо этнакультурныя працэсы, якія тут адбываліся, датычыліся не толькі славянскіх плямёнаў (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, севяран, драўлян, валынян), але і балтаў (літвы, яцвягаў). Падобнае спалучэнне розных плямёнаў мела важнае ўздзеянне на фарміраванне беларускай народнасці.

Важным фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Падпарадкаванне большасці ўсходнеславянскіх княстваў адзінай цэнтральнай уладзе спрыяла стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі. Лёгкасць аб’яднання шматлікіх дзяржаўных утварэнняў у складзе ВКЛ тлумачыцца не толькі знешняй пагрозай і эканамічнымі прычынамі, але і наяўнасцю адзінай этнагенетычнай спадчыны, агульнасцю гістарычнага лёсу, культуры, мовы, рэлігіі.

У перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ сфарміраваліся досыць спрыяльныя ўмовы для станаўлення беларускага этнасу. Аформіліся і паступова ўкараніліся ў грамадстве феадальныя адносіны. Сацыяльна-эканамічнае жыццё набыло адносную стабільнасць. Гэта выявілася ва ўсталяван­ні дастаткова трывалых сувязяў паміж рознымі рэгіёнамі ВКЛ, у тым ліку і беларускімі.

Важнейшым фактарам этнічнай гісторыі беларусаў стала тое, што ў складзе ВКЛ стварыліся ўмовы для развіцця ўсходнеславянскай культуры. Да канца XVI ст. яна дамінавала ў ВКЛ, што найбольш яскрава праявілася ў дзяржаўным статусе старабеларускай мовы, на якой пісалі дзяржаўныя дакументы, у тым ліку Статуты ВКЛ, заключаліся маёмасныя дамовы, складаліся іншыя прававыя акты, вяліся пасяджэнні судоў.

Самай пашыранай саманазвай прадстаўнікоў беларускай народнасці
першапачаткова былі словы «русіны», «рускі люд». Таксама пэўныя катэгорыі насельніцтва ўжывалі саманазвы «ліцвіны», «беларусцы». Пад Белай Руссю ў пер­шай палове XVII ст. сталі мець на ўвазе ўсходнюю тэрыторыю ВКЛ, Беларускае Падзвінне і Беларускае Падняпроўе. Толькі ў канцы XIX ст. слова «Беларусь» і саманазва «беларусы» пачалі ўжывацца на ўсёй тэрыторыі, дзе пражываў беларускі народ.

Працуем з вучэбным тэкстам

Складзіце тэзісны план адказу, ментальную карту або інфаграфіку па адным з наступных пытанняў з выкарыстаннем тэарэтычнага і факталагічнага матэрыялу:
а) балты на тэрыторыі Беларусі;
б) славянская каланізацыя беларускіх зямель;
в) фарміраванне беларускай народнасці.

Працуем з паняццямі

Падзяліце паняцці на тры групы. Прыкметы груп вызначце самастойна. Рас­тлумачце, па якім прынцыпе вы арганізавалі групы. Сфармулюйце пытанні, адказаць на якія вам дапамогуць словы з арганізаваных груп. Складзіце тэзісны план па адным з гэтых пытанняў.

Сістэматызуем веды

1. Прааналізуйце храналагічную табліцу «Этнічныя працэсы на беларускіх землях», пададзеную ў пачатку раздзела. Падумайце, якімі падзеямі з этнічнай гісторыі Беларусі можна яе дапоўніць. Вызначце найбольш істотныя падзеі, якія паўплывалі на фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларусаў.

2. Запоўніце табліцу «Балты і славяне на беларускіх землях».

3. Запоўніце табліцу «Умовы фарміравання беларускага этнасу».

4. Запоўніце сінхранічную табліцу найважнейшых падзей у старажытнай гісторыі Беларусі і краін Еўропы. Краіны і крытэрыі для сінхранізацыі вызначце самі. Выкарыстайце веды, атрыманыя падчас вывучэння раздзела І.

Якія высновы можна зрабіць на падставе гэтай табліцы?

Аналізуем і разважаем

1. Выкажыце думку, чаму ў працэсе вывучэння этнічнай гісторыі, у тым ліку беларускай, неабходна выкарыстоўваць інфармацыю з розных па паходжанні гістарычных крыніц і метады розных навук.

2. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь паміж «вялікім перасяленнем народаў» і рассяленнем усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Беларусі.

3. Растлумачце ўзаемасувязь паміж грамадскім падзелам працы і складваннем агульных рысаў гаспадарчай дзейнасці беларускай народнасці.

Працуем з гістарычнымі крыніцамі

Са «Стратэгікона» Маўрыкія пра норавы і звычаі славян (канец VI ст.)

…Плямёны славян і антаў падобныя па сваім ладзе жыцця, па сваіх норавах, па сваёй любові да свабоды; іх ніякім чынам нельга схіліць да рабства ці падначалення ў сваёй краіне. Яны шматлікія, цягавітыя, лёгка трываюць гарачыню, холад, дождж, галізну, недахоп ежы. Да замежнікаў, што прыбываюць да іх, яны ставяцца ласкава і пры пераходзе іх з аднаго месца ў іншае ахоўваюць іх у выпадку патрэбы… Тых, якія знаходзяцца ў іх у палоне, яны не трымаюць у рабстве, як іншыя плямёны, на працягу неабмежаванага часу, але, абмяжоўваючы [тэрмін рабства] вызначаным часам, прапануюць ім на выбар: ці жадаюць яны за пэўны выкуп вярнуцца дадому, ці застацца там [дзе яны знаходзяцца] на становішчы вольных іх сяброў… У іх вялікая колькасць разнастайнай жывёлы і пладоў зямных, якія ляжаць у кучах, асабліва проса і пшаніцы.

Сціпласць іх жанчын перавышае ўсякую чалавечую прыроду, так што большасць іх лічаць смерць свайго мужа сваёй смерцю і добраахвотна забіваюць сябе, не лічачы знаходжанне ва ўдаўстве за жыццё.

Яны селяцца ў лясах, каля непраходных рэк, балот і азёр, ладзяць у сваім жыллі шмат выхадаў з прычыны небяспекі. Неабходныя для іх рэчы яны закопваюць у схованках, нічым лішнім адкрыта не валодаюць і вядуць жыццё ван­дроўнае.

Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, парослых густым лесам, у цяснінах, на стромах; з выгадай для сябе карыстаюцца [засадамі], раптоўнымі нападамі, хітрасцямі, і днём і ноччу вынаходзячы шмат [разнастайных] спосабаў. Дасведчаныя яны таксама і ў пераправе праз рэкі, пераўзыходзячы ў гэтым усіх людзей. Мужна вытрымліваюць яны знаходжанне ў вадзе, так што часта некаторыя з тых, што застаюцца дома, заспетыя раптоўным нападам, апускаюцца ў бездань вод. Пры гэтым яны трымаюць у роце спецыяльна вырабленыя вялікія выдзеўбаныя ўнутры чараціны, якія даходзяць да паверхні вады, а самі, лежачы дагары на дне [ракі], дыхаюць з дапамогай іх; і гэта яны могуць прарабляць на працягу многіх гадзін, так што зусім нельга здагадацца пра іх [прысутнасць]. Кожны ўзброены двума невялікімі коп’ямі, некаторыя маюць таксама шчыты, трывалыя, але цяжкія для перанясення [з месца на месца]. Яны карыстаюцца таксама драўлянымі лукамі і невялікімі стрэламі, намочанымі асаблівай для стрэл атрутай, моцна дзеючай, калі паранены не прыме раней проціяддзя або [не скарыстаецца] іншымі дапаможнымі сродкамі, вядомымі дасведчаным лекарам, ці адразу ж не абрэжа кругам месца ранення, каб атрута не распаўсюдзілася на астатнія часткі цела.

Не маючы над сабою кіраўніка і варагуючы адзін з адным, яны не прызнаюць ваеннага строю, не здольныя змагацца ў правільнай бітве, паказвацца на адкрытых і роўных месцах. Калі і здарыцца, што яны адважыліся ісці на бой, то ў час яго яны з крыкам злёгку прасоўваюцца наперад усе разам, і калі праціўнікі не вытрымаюць іх крыку і здрыгануцца, яны моцна наступаюць; у адваротным выпадку кідаюцца наўцёкі, не спяшаючыся памерацца з сіламі непрыяцеляў у рукапашнай сутычцы. Маючы вялікую дапамогу ў лясах, яны накіроўваюцца да іх, бо сярод цяснін умеюць выдатна змагацца. Часта, несучы здабычу, яны кідаюць яе як бы пад уплывам спалоху і бягуць у лясы, а затым, калі нападнікі кідаюцца на здабычу, яны з лёгкасцю падымаюцца і наносяць непрыяцелю шкоду. Усё гэта яны майстры рабіць разнастайнымі выдуманымі імі спосабамі з мэтай завабіць саперніка.

 1. Як аўтар дакумента характарызуе лад жыцця славян?
2. Якія рысы характару славянскіх ваяроў можна вылучыць з прыведзенага апісання? Выкарыстайце ўрывак з «Гоцкай вайны» Пракопія Кесарыйскага (§ 5) для ўдакладнення гэтай характарыстыкі.
3. Вызначце ваенныя якасці славян.
4. Складзіце характарыстыку славян на падставе ўрыўкаў з «Гоцкай вайны» Пракопія Кесарыйскага і «Стратэгікона» Маўрыкія.

Творчае заданне

 Стварыце электронны (друкаваны) нумар часопіса па вывучаных пытаннях
(на выбар). Чытацкая аўдыторыя — вучні 6—7 класа (альбо 9—10 гадоў).
Патрабаванні:
• Работа павінна ўключаць макет часопіса і раскрываць змест заяўленай тэмы.
• Назва і змест часопіса павінны адпавядаць агульнай тэме.
• Часопіс павінен утрымліваць рэпартаж аб адным аб’екце культуры Беларусі
(архітэктурны будынак, твор мастацтва, кніга, скульптура і г. д.), дапоўнены
фатаграфіямі, малюнкамі, картамі, інфаграфікай.
• Павінны прысутнічаць рубрыкі забаўляльна-пазнавальнага характару па тэме выпуску (крыжаванкі, віктарыны, гульні, галаваломкі, размалёўкі, коміксы і г. д.).
• Колькасць рубрык — да 10.
• Неабходна ўлічваць патрэбы чытацкай аўдыторыі.
• Тэмы артыкулаў і рубрык павінны быць блізкімі і зразумелымі чытачам.
• Могуць выкарыстоўваць не больш чым 3—4 разнавіднасці шрыфтоў:
1) для загалоўкаў;
2) для асноўнага тэксту;
3) для падзагалоўкаў, каментарыяў, урэзак і г. д.
• Аб’ём выпуску — 6—12 старонак у фармаце *pdf.
• Памер старонкі — А4, размяшчэнне тэксту — двухбаковае.
• Форма прадстаўлення праектнай работы: 1) размяшчэнне ў сетцы інтэрнэт пры дапамозе вэб-сэрвісаў (http://ru.calameo.com, http://www.myebook.com, https://www.tikatok.com і інш.); 2) прадстаўленне ў выглядзе друкаванага нумара часопіса.

Крытэрыі ацэнкі работы над праектам: 1) актуальнасць тэматыкі часопіса
і інфарматыўнасць матэрыялаў; 2) адпаведнасць выбраных сродкаў мэтавай аўдыторыі.

Даследуем

 Пісьмовыя помнікі старабеларускай мовы.
Сімволіка колеру ў беларускай вопратцы.
Таямніцы беларускай хаты.
Стравы нашых продкаў.
Якія традыцыйныя сімвалы зашыфраваны ў арнаменце на беларускім сцягу?