Абагульненне па I раздзеле

«Першабытнае грамадства на беларускіх землях»

Эпоха першабытнасці на тэрыторыі нашай краіны была самым працяглым па часе гістарычным перыядам. Менавіта тады сфарміраваўся сучасны рэльеф мясцовасці і адбылося засяленне Беларусі чалавекам. У палеаліце старажытныя людзі праніклі на паўднёвы ўсход нашай краіны і паступова на працягу тысячагоддзяў асвойвалі яе абшары.

Паколькі пра першабытнае грамадства адсутнічаюць звесткі ў пісьмовых крыніцах, даследчыкам складана аднавіць сацыяльныя адносіны ў той час. Таму ў навуцы дамінуе археалагічная перыядызацыя, якая вылучае каменны, бронзавы і жалезны вякі. Кожны з іх, у сваю чаргу, мае больш дробнае дзяленне, якое паказ­вае іх пэўныя асаблівасці і этапы развіцця грамадства.

У першабытны перыяд чалавек дасягнуў значных поспехаў у сваіх ведах і ўмен­нях, тым самым заклаўшы падмурак для далейшага развіцця. Да дасягненняў чалавека адносіцца здабыванне і выкарыстанне агню; шыццё вопраткі і абутку; пабудова жытла і арганізацыя кароткачасовых стаянак, а затым паселішчаў; авалоданне керамічнай вытворчасцю; зараджэнне і развіццё вытворчай гаспадаркі бронзаліцейнай справы, а пазней знаходжанне радовішчаў жалеза і развіццё кавальскай справы; з’яўленне рэлігіі і мастацтва.

Для першабытнай эпохі на тэрыторыі нашай краіны характэрныя складаныя этнічныя працэсы. Спачатку, у мезаліце, склалася першае сталае насельніцтва. Затым пачаўся індаеўрапейскі этап этнічнай гісторыі, у якім адбылося фарміраванне першых этнічных супольнасцяў на беларускіх землях.

Працуем з вучэбным тэкстам

1.Складзіце тэзісны план адказу, ментальную карту або інфаграфіку па адным з наступных пытанняў з выкарыстаннем тэарэтычнага і факталагічнага матэрыялу:

а) фарміраванне насельніцтва на тэрыторыі Беларусі: засяленне першабытным чалавекам і індаеўрапейскімі плямёнамі;

б) уплыў клімату на развіццё першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі;

в) развіццё матэрыяльнай культуры ў час каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў на тэрыторыі Беларусі.

Працуем з паняццямі

2. Складзіце апісанне першабытнага ладу на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем «воблака слоў». Уключыце ў яго паняцці, неабходныя для больш поўнай характарыстыкі гэтай эпохі.

3. Падзяліце прыведзеныя ў «воблаку слоў» паняцці па групах. Прыкметы груп вызначце самастойна. Растлумачце, па якім прынцыпе вы арганізавалі групы. Складзіце ментальную карту па адной з груп.

Аналізуем, тлумачым, разважаем

4. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь паміж з’явамі:
а) пераход ад прысвойвальнай да вытворчай гаспадаркі на тэрыторыі Беларусі;
б) пачатак вытворчасці жалеза і падзел грамадства па маёмаснай прыкмеце;
в) рэлігійныя вераванні і развіццё першабытнага мастацтва;
г) растлумачце прычынна-выніковую сувязь на падставе схемы:

5. Вызначце прычыны і наступствы адной з гістарычных з’яў:
а) «неалітычная рэвалюцыя» на тэрыторыі Беларусі;
б) узнікненне маёмаснай няроўнасці;
в) узнікненне рэлігійных вераванняў.
Падрыхтуйце свой адказ у выглядзе схемы.

Параўноўваем

6. Суаднясіце ў табліцы храналагічныя межы перыядызацыі першабытнага грамадства ў гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі і зрабіце выснову аб прычынах іх адрознення.

7. Параўнайце родавую і суседскую абшчыны. Вынікі параўнання аформіце ў выглядзе інфаграфікі, малюнка.
8. Параўнайце прысвойвальную і вытворчую гаспадаркі па самастойна вы­значаных прыкметах. Вынікі аформіце ў выглядзе табліцы.

Сістэматызуем веды

9. Выкарыстайце храналагічную табліцу на пачатку раздзела для вызначэння найбольш значных перыядаў у жыцці старажытнага чалавека (калі неабходна, дапоўніце храналагічную табліцу, стварыўшы новую). Растлумачце свой выбар.
10. Запоўніце табліцу, прысвечаную зменам у жыцці старажытнага чалавека.

11. Запоўніце сінхранічную табліцу найважнейшых падзей у старажытнай гісторыі Беларусі і краін Еўропы. Краіны і крытэрыі для сінхранізацыі вызначце самі. Пры неабходнасці выкарыстайце веды, атрыманыя на ўроках па сусветнай гісторыі, і дадатковыя крыніцы інфармацыі.

Якую выснову можна зрабіць на падставе гэтай табліцы?

12. Уважліва прааналізуйце табліцу. Дайце назву тром перыядам, змешчаным у слупках. Складзіце апісанне навакольнага свету і жыцця: а) краманьёнца са стаянкі Бердыж; б) старажытнага шахцёра з пасёлка Краснасельскі; в) каваля
з паселішча Лабеншчына.

13. Паглядзіце фільм аб жыцці насельнікаў беларускіх зямель у старажытныя часы з цыкла «Гісторыя Беларусі», створанага тэлеканалам «Беларусь 24» (спасыл­ка: https://clck.ru/H2TP8). Вызначце, ці ўся інфармацыя ў стужцы дакладная. Чаму вы так вырашылі? Прывядзіце доказы вашага пункту гледжання. Знайдзіце не менш чым тры памылкі.

 14. Уявіце, што вы — журналіст школьнага гістарычнага часопіса для вучняў 6 класа. Пры дапамозе ментальнай карты на с. 14—15 складзіце тэзісны план артыкула для гэтага часопіса па гісторыі першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі. Прыдумайце назву для артыкула. Вызначце, якія пункты плана вы будзеце ілюстраваць.

Працуем з гістарычнымі крыніцамі

НЕЎРЫ, «ЗМЕІ» АБО СКІФЫ?

Атрымалася так, — ​пераказвае „бацька гісторыі“ пачутае, — ​што за адно пакаленне перад Дарыевым паходам яны зусім пакінулі сваю краіну з-за змей. Справа ў тым, што шмат змей з’явілася ў іх краіне, а яшчэ больш накіравалася да іх зверху з пустэчаў, пакуль нарэшце неўры, выціснутыя імі, не пасяліліся разам з будзінамі, пакінуўшы сваю зямлю. Гэтыя людзі, напэўна, чараўнікі. І скіфы, і эліны, што жывуць у Скіфіі, паведамляюць, як раз на год кожны неўр робіцца ваўком на некалькі дзён, а потым зноў вяртаецца ў былы стан. Расказваючы гэта, яны мяне не пераконваюць, але, тым не менш, расказваюць і, расказваючы, прысягаюць». Нягледзячы на скепсіс «бацькі гісторыі», сярод яго пазнейшых калег, гісторыкаў XIX—XX стст., усталявалася меркаванне, што ў гэтых «байках» пра неўраў адлюстраваны сапраўдныя падзеі, прычым ці не першыя з жыцця продкаў усходнеславянскіх народаў, якія трапілі на старонкі пісьмовых крыніц. «Мы не маем права не давяраць гэтаму паданню, — ​пісаў у канцы XIX ст. гісторык і мовазнавец Ф. Браўн. — ​Яно ж дадзена нам у такой пэўнай, хаця і легендарнай, форме. Калі ачысціць яго ад фантастычных прыкрас, то мы атрымаем буйны гістарычны факт, які пацвярджаюць ускосныя меркаванні». Гэтае «ачышчэнне» аказалася надзвычай складанай задачай. Змест легенд, пераказаных Герадотам, даваў багата магчыма­сцяў для самых розных тлумачэнняў. Напрыклад, Герадотавы звесткі аб ператварэнні неўраў у ваўкоў проста немагчыма не звязаць з беларускімі паданнямі аб ваў­ках-пярэваратнях, ваўкалаках. Так, у канцы XI — ​XII ст., напэўна, па ўсёй Русі людзі ведалі, што вялікі князь Полацкі Усяслаў Брачыславіч быццам бы ваўкалак. Вось што палічыў патрэбным сказаць пра яго невядомы аўтар бессмяротнага «Слова пра паход Ігаравы»: «…Усяслаў-князь людзям суды судзіў, гарадамі князёў надзяляў, а сам поначы ваўком гуляў. З Кіева да пеўняў дасягаў Тмутаракані, вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў». Беларускі навуковец Павел Шпілеўскі, які яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. зрабіў спецыяльнае «Даследаванне аб ваўкалаках», нават убачыў падставы меркаваць, што ўвогуле ўяўленне аб пярэваратнях «атрымала зыходны свой пачатак у Беларусі і ўжо потым прышчапілася ў іншых славянскіх плямёнаў».

Гэта меркаванне, уласна, належала славутаму чэшскаму славісту Паўлу Шафарыку. Шафарык увогуле атаясамліваў неўраў антычнай эпохі і сярэднявечных нуран, жыхароў летапіснай Нурскай зямлі, што змяшчалася ў басейне ракі Нараў. У ягоных «Славянскіх старажытнасцях» сказана літаральна наступнае: «Народнае паданне, захаванае Герадотам, аб ператварэнні нуран у ваўкоў і цяпер яшчэ з’яўляецца самай звычайнай тэмай размоў у зямлі Нурскай і суседніх краінах, асабліва на Валыні і ў Беларусі. Просты народ па-ранейшаму верыць гэтаму паўсюль, як і ў тыя аддаленыя часы». Цікава, што сляды Герадотавых неўраў асобныя вучоныя нават цяпер шукаюць у фальклорных крыніцах. У прыватнасці, акадэмік Б. Рыбакоў зрабіў спасылку на тое, што менавіта на Валыні шырока распаўсюджаны казкі пра пярэваратня Івана Сучыча. Але яшчэ на пачатку XX ст. расейскі гісторык А. Пагодзін выступіў супраць вельмі папулярнай тады ідэі П. Шафарыка аб прамой пераемнасці паміж пярэваратнямі-неўрамі і ваўкалакамі ў Беларусі…

С. Рассадзін. Землі амаль невядомыя. Будучая Беларусь
паводле антычных манускрыптаў

НЕЎРЫДА — ​КРАІНА ВАЎКАЛАКАЎ

…Большасць сучасных даследчыкаў рассяляюць ix на беларускім i ўкраінскім Палессі, адводзячы Неўрыдзе тэрыторыю, якая пачынаецца ў вярхоўях рэк Збруч i Случ i распасціраецца адтуль у паўночна-ўсходнім кірунку за Прыпяць i Днепр, захопліваючы нізоўі Дзясны, Сожа i Бярэзіны, — ​менавіта там, дзе жылі плямёны, якія носяць умоўную назву «мілаградцы». Ва Украіне яны з’явіліся ў VIII—​VII стст. да н. э., а на тэрыторыі паўднёвай Беларусі пачалі рассяляцца з IV ст. да н. э.

У выніку археалагічных даследаванняў было выяўлена: словы Герадота аб тым, што звычаі ў неўраў скіфскія, не пацвярджаюцца. Ды i не могуць пацвердзіцца, бо ў адрозненне ад скіфаў, што ў большасці сваёй былі стэпавымі качэўнікамі, неўры, якія жылі ў лясной глухмені, займаліся земляробствам i жывёлагадоўляй. Але не конегадоўляй, a развядзеннем кароў. Прычым кароў незвычайнай пароды.

У фрагменце невядомай працы антычнага філосафа Арыстоцеля, які дайшоў да нас толькі ў пераказе, гаворыцца, што ў краіне неўраў «быкі маюць рогі на плячах», што ў быкоў у краіне неўраў «рогі i вушы вырастаюць з аднаго месца i звязаныя паміж сабою». Мабыць, гаворка ідзе аб буйвалах, i менавіта гэтых дзіўных жывёлін настойліва «згандлёўвалі» ў неўраў візантыйцы, адмыслова дзеля гэтага пранікаючы на ix «торжышчы»…

…Цяжка вызначыць рэлігійныя погляды неўраў. Яны нам невядомы, аднак можна выказаць здагадку, што пакланяліся неўры свайму родаваму татэму — ​Ваўку. З палітычнай сістэмай ix грамадства разабрацца значна лягчэй. Бачна, што знаходзіліся яны на той стадыі развіцця, калі родавыя адносіны пачыналі адміраць i паступова адбывалася вылучэнне магутнай i багатай племянной вярхушкі. Аднак да ўтварэння класаў, a тым больш дзяржавы, ім было яшчэ далёка.

Зрэшты, Герадот сцвярджаў, што ў неўраў былі цары. Хутчэй за ўсё гэтым тытулам ён, як i тыя, хто распавядаў яму аб неўрах, называў ваенных правадыроў альбо старэйшын.

A цяпер можна разгледзець i пытанне пра перасяленне неўраў са сваёй радзімы. Што ж гэта былі за «змеі», якія «выжылі» ix з родных мясцін? Большасць даследчыкаў лічыць, што неўраў выцеснілі нейкія іншыя народы, якія або абагаўлялі змей, або мелі ў сваёй назве гукаспалучэнне, якое нагадвае гэтае слова ў грэчаскай мове. A можа, неўры пакінулі радзіму з-за нейкіх прыродных катаклізмаў? Цяжка сказаць…

…Амаль усе жыхары Неўрыды — ​ведзьмакі i пярэваратні. Распавядалі i аб тым, што неўры змагаюцца з ворагамі ў выглядзе ваўкоў. Паданні гэтыя дайшлі нават да нашых часоў. Напрыклад, на Гарадзеншчыне існуе паданне аб сівым ваўку, паводле якога нехта з мясцовых князёў для барацьбы з крыжакамі ператвараўся менавіта ў гэтага драпежніка i ваяроў сваіх ператвараў у ваўкоў…

М. Багадзяж, І. Масляніцына. Беларусь далетапісная

 1. Параўнайце два ўрыўкі. Да якога тыпу тэкстаў яны адносяцца? Выкарыстайце свае веды па беларускай і рускай мовах. Па якіх прыкметах вы зрабілі такую выснову?
2. Аб якой падзеі з гісторыі Беларусі распавядаюць гэтыя фрагменты тэкстаў?
 3. Складзіце невялікае паведамленне (2000 знакаў) для Instagram на аснове гэтых дакументаў. Падбярыце ілюстрацыю да свайго паведамлення.

 Правядзіце краязнаўчыя даследаванні па адной з наступных тэм:
«Археалагічныя помнікі на тэрыторыі _________________ раёна»;
«Паходжанне мясцовых гідронімаў»;
«Паходжанне мясцовых тапанімічных назваў».