§ 20–2. Асаблівасці станаўлення беларускай нацыі на мяжы ХІХ—ХХ стст.

1. Фарміраванне агульных нацыянальных прыкмет ва ўмовах станаўлення індустрыяльнага грамадства

Узнікненню нацый папярэднічае фарміраванне агульных нацыянальных прыкмет. Вырашальную ролю ў пераўтварэнні народнасці ў нацыю адыгрываюць агульнасць тэрыторыі і эканамічнага жыцця, агульныя рысы нацыянальнага характару, самасвядомасці, фарміраванне культуры і адзінай літаратурнай мовы, а таксама станаўленне дзяржаўнасці.

У ХІХ ст. фарміраванне агульных нацыянальных прыкмет беларусаў значна паскорылася, стварыўшы перадумовы для пераходу да новай формы этнічнай супольнасці — нацыі.

Развіццё капіталізму пасля адмены ў 1861 г. прыгоннага права, пераарыентацыя сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці на таварна-грашовыя адносіны, інтэнсіўнае развіццё чыгуначнага будаўніцтва — усё гэта спрыяла стварэнню супольнасці эканамічнага жыцця, фарміраванню адзінай эканамічнай прасторы, гэта значыць найважнейшай аб'яднальнай нацыянальнага прыкметы.

На фарміраванне нацыі станоўчы ўплыў аказала ўзнікненне і развіццё ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. беларускага нацыянальнага руху.