§ 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.

4. Палітыка расійскага ўрада на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг.

З мэтай недапушчэння аналагічных паўстанняў ўлады пайшлі на шэраг мер. Для прыцягнення сялян на свой бок расійскі ўрад унёс некаторыя змены ў рэформу па адмене прыгоннага права. Па спецыяльным царскім указе ў Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях з 1 мая 1863 г., а ў Віцебскай і Магілёўскай з 1 студзеня 1864 г. спыняліся часоваабавязаныя адносіны. Сяляне, незалежна ад згоды памешчыкаў, пераводзіліся на абавязковы выкуп зямельных надзелаў, а памер выкупных плацяжоў памяншаўся на 20 %.

З мэтай зніжэння ўплыву мясцовай эліты маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскавалі і на льготных умовах перадавалі чыноўнікам з цэнтральных губерняў імперыі. Спецыяльна распрацаваныя надзвычайныя законы былі накіраваны на тое, каб паменшыць у рэгіёне польскі ўплыў.

Каталіцкае духавенства афіцыйна не падтрымлівала паўстанне, але яго прадстаўнікі зачытвалі парафіянам маніфест часовага правінцыйнага ўрада. Праваслаўныя ж святары і іх сем’і, якія адмовіліся падтрымліваць паўстанне, падвяргаліся жорсткім расправам з боку паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання царскі ўрад аказаў падтрымку праваслаўнай царквы ў краі, а многіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства адправіла ў ссылку.