Печатать книгуПечатать книгу

§ 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.

Якія змены адбыліся ў прававым статусе шляхецкага саслоўя пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 1–2. Паўстанне 1863–1864 гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 26 Декабрь 2024, 21:21

1. Прычыны паўстання

Працягам барацьбы за адраджэнне былой Рэчы Паспалітай стала паўстанне 1863–1864 гг. яго цэнтрам сталі этнічныя польскія тэрыторыі. Грамадскі рух на беларускіх землях у гэты перыяд адчуваў моцны ўплыў польскага нацыянальна-­вызваленчага руху.

Пасля адмены ў 1861 г. прыгоннага права ў Расійскай імперыі ўзмацніўся сялянскі рух. Сялянскія выступленні адбываліся таксама ў Літве і заходняй частцы Беларусі. Пазней, у 1864 г., М. М. Мураўёў пісаў цару, што сялян заходніх губерняў да ўдзелу ў паўстанні прыцягнулі не вырашаныя сялянскімі рэформамі сацыяльныя і эканамічныя праблемы.

Так, чарговы ўздым сялянскага руху ў Беларусі, які быў выкліканы барацьбой за паляпшэнне эканамічнага становішча, па часе супаў з нацыянальна-­вызваленчым паўстаннем, які ахапіў у 1863 г. усю Польшчу і частку беларускіх зямель.

2. Палітычныя плыні паўстанцаў

У 1862 г. для падрыхтоўкі паўстання ў Варшаве быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК). Пераважная большасць яго членаў складала шляхта, якая ў сваёй праграме на першае месца ставіла пытанне аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Галоўную ролю ў рэалізацыі гэтай ідэі адводзілі буйным землеўладальнікам і вярхушцы буржуазіі, а дапаможную — ​сялянству. Улетку 1862 г. у Вільні быў арганізаваны Літоўскі Правінцыйны камітэт (ЛПК), які падпарадкоўваўся ЦНК. Старшынёй ЛПК стаў В. К. Каліноўскі. Большасць у Камітэце належала праваму крылу, якое ў паўстанні рабіла стаўку на збяднелую шляхту і дэмакратычныя пласты гарадскога насельніцтва.

Такім чынам, сярод удзельнікаў паўстання ўжо на пачатковым этапе барацьбы не было адзінства. Па сваіх палітычных поглядах яны падзяліліся на «чырвоных» і «белых».

Ішла актыўная падрыхтоўка да паўстання: рыхтавалася матэрыяльная база і арганізоўваліся паўстанцкія атрады. Прадстаўнікі рэвалюцыйна-­дэмакратычнай плыні «чырвоных» В. К. Каліноўскі, Ф. Ражанскі, В. Уруб­леўскі выдавалі нелегальную газету «Мужыцкая праўда». На працягу 1862–1863 гг. выйшла сем яе нумароў. Стаялі задачы прыцягнуць да паўстання сялян, растлумачыць ім неабходнасць актыўных узброеных дзеянняў супраць расійскіх улад і вой­скаў.

3. Характар і вынікі паўстання

Паўстанне пачалося 10 студзеня 1863 г., калі стала вядома аб намеры царскага ўрада правесці рэкруцкі набор. На службу павінны былі быць прызваныя тыя, на каго разлічвалі ў паўстанні. Падрыхтоўка да выступлення яшчэ не была завершаная. ЦНК выдаў маніфест, у якім заклікаў да ўзброенага паўстання і абвясціў усё насельніцтва Польшчы свабодным. Аграрныя пытанні былі закрануты мінімальна: надзелы, якімі карысталіся сяляне, павінны былі перайсці ў іх уласнасць; беззямельныя павінны былі атрымаць надзелы пры ўмове, што яны прымуць удзел у паўстанні. Апублікаваная праграма была непаслядоўная і абмежаваная. Дэклараваныя прапановы не задавальнялі сялян.

1 лютага 1863 г. ЛПК абвясціў сябе часовым правінцыйным урадам і падтрымаў паўстанне ў Польшчы. Ён звярнуўся да насельніцтва Беларусі і Літвы з маніфестам, у якім утрымліваўся заклік падтрымаць удзельнікаў паўстання ў Польшчы. З ліку дробнай шляхты, навучэнскай і студэнцкай моладзі, рамеснікаў былі сфарміраваныя паўстанцкія атрады. Колькасць паўстанцаў з гэтых сацыяльных груп дасягала 75 %. Найбольшая колькасць сялян бралі ўдзел у паўстанні ў Гродзенскай і Віленскай губернях. У Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях сяляне часта дапамагалі царскім вой­скам, выступаючы супраць паўстанцаў. Усяго сярод паўстанцаў сяляне складалі каля 18 %.

У канцы студзеня 1863 г. на тэрыторыі заходніх паветаў Беларусі з’явіліся атрады з Польшчы. Першыя мясцовыя атрады пачалі дзейнічаць у Гродзенскай губерні ў сакавіку-­красавіку. На барацьбу з паўстаннем была накіравана расійская армія, генерал-­губернатарам быў прызначаны М. М. Мураўёў, які валодаў неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Новы віленскі генерал-­губернатар заклікаў дзейнічаць супраць сялян толькі ў выключных выпадках.

У Мінскай губерні ўжо да канца чэрвеня некалькі пакінутых атрадаў, якія вялі партызанскую барацьбу, былі рассеяны. У Магілёўскай губерні актыўны ўдзел у баявых дзеяннях прынялі студэнты Горы-­Горацкага земляробчага інстытута, але ў канцы красавіка там паўстанне згасла. У Віцебскай губерні дзейнічалі толькі нешматлікія атрады. Да мая 1863 г. паўстанне ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях было задушана. У гэтых губернях у падаўленні паўстання прыняло ўдзел і мясцовае насельніцтва, у асноўным праваслаўнага веравызнання. Гэта часта было звязана з жорсткім абыходжаннем паўстанцаў з мясцовым насельніцтвам і асабліва праваслаўным духавенствам.

У Гродзенскай губерні паўстаннем кіраваў В. К. Каліноўскі, і там яно працягвалася даўжэй за ўсё. У губерні дзейнічала пяць буйных атрадаў, ішлі зацятыя баі. Паўстанцы пацярпелі паразу ў гэтых месцах у сярэдзіне чэрвеня 1863 г.

Паўстанне 1863–1864 гг. было задушана царскімі ўладамі. Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі і Літве 128 паўстанцаў былі прыгавораны да смяротнага пакарання. Гэта былі тыя, чыя жорсткасць у дачыненні да мясцовага насельніцтва і супраціў расійскім уладам былі даказаныя. Каля 12 тыс. чалавек былі высланыя з краю і адпраўленыя на катаргу.

4. Палітыка расійскага ўрада на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг.

З мэтай недапушчэння аналагічных паўстанняў ўлады пайшлі на шэраг мер. Для прыцягнення сялян на свой бок расійскі ўрад унёс некаторыя змены ў рэформу па адмене прыгоннага права. Па спецыяльным царскім указе ў Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях з 1 мая 1863 г., а ў Віцебскай і Магілёўскай з 1 студзеня 1864 г. спыняліся часоваабавязаныя адносіны. Сяляне, незалежна ад згоды памешчыкаў, пераводзіліся на абавязковы выкуп зямельных надзелаў, а памер выкупных плацяжоў памяншаўся на 20 %.

З мэтай зніжэння ўплыву мясцовай эліты маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскавалі і на льготных умовах перадавалі чыноўнікам з цэнтральных губерняў імперыі. Спецыяльна распрацаваныя надзвычайныя законы былі накіраваны на тое, каб паменшыць у рэгіёне польскі ўплыў.

Каталіцкае духавенства афіцыйна не падтрымлівала паўстанне, але яго прадстаўнікі зачытвалі парафіянам маніфест часовага правінцыйнага ўрада. Праваслаўныя ж святары і іх сем’і, якія адмовіліся падтрымліваць паўстанне, падвяргаліся жорсткім расправам з боку паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання царскі ўрад аказаў падтрымку праваслаўнай царквы ў краі, а многіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства адправіла ў ссылку.

Пытанні і заданні

1. Параўнайце паўстання 1830–1831 і 1863–1864 гг. па наступных параметрах: прычыны паўстання; галоўныя мэты паўстанцаў; сацыяльны склад; асноўныя вынікі. Абмяркуйце, ці можна лічыць іх двума этапамі барацьбы за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

2. Ахарактарызуйце палітычныя плыні ў паўстанні 1863–1864 гг.

3. Усталюйце прычынна-­выніковыя сувязі паміж гістарычнымі з’явамі: падзелы Рэчы Паспалітай — ​паўстанні 1830–1831 і 1863–1864 гг — ​узмацненне кансерватызму ў палітыцы расійскага ўрада.

4. Растлумачце, чаму палітычны курс расійскага ўрада пасля падаўлення паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гг. у беларускіх губернях вызначаецца як кансерватыўны.