*§ 14-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 4

Дайце азначэнне наступным тэрмінам: складаназлучаны сказ — …; складаназалежны сказ — …; бяззлучнікавы сказ — …; складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак — … .
Размяркуйце складаныя сказы па групах: а) складаназлучаныя сказы; б) складаназалежныя сказы; в) бяззлучнікавыя сказы; г) складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

1. Варта было толькі азвацца недзе далёка восені, як вавёрка кідала гульні і бралася за работу, у першую чаргу яна рамантавала сваю хатку, высцілала яе цёплым мохам (В. Вольскі). 2. Жаўранкаў не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць, цярушыцца на траву, на кветкі (Я. Брыль). 3. З дрэў асыпа́лася апошняя лістота, і яе суцэльны рознакаляровы дыван густа ўкрывае адсырэлую зямлю (Р. Ігнаценка). 4. Прытуліла я лісточак падбелу да шчакі — і так спакойна, утульна стала, нібы душа чакала гэтай цеплыні (Н. Нарэйка). 5. Тут калісьці стаяў Адам Міцкевіч, і ўсё, што ён бачыў, клалася на яго сэрца (Я. Брыль). 6. Салаўі спявалі напрадвесні, звінелі на цымбалах капяжы, і жніўная зажураная песня кранала струны кожнае душы (С. Грахоўскі). 7. Усе мы з хат, усе мы з цішыні, і ўсе мы з матчыных далоняў (І. Навуменка). 8. Каб пасадзіць дрэва, трэба мець дужыя, чулыя да маладога парастка рукі, і зусім нічога не трэба, каб ссекчы дрэва (В. Вітка). 9. Здымае пробу з грэчкі пчолка, сінее ў жыце васілёк (І. Навуменка). 10. Ноч зямельку агарнула, лісцік дрэмле, спіць трава (Я. Колас). 11. Травы пахнуць кветкамі, кветкі пахнуць зорамі, зоры над палеткамі — лесам і азёрамі (П. Глебка). 12. Я быў здзіўлены, бо чмялі так позна збіралі мёд (М. Маляўка). 13. Многія з нас выкарыстоўваюць свой вольны час, каб быць бліжэй да прыроды (Я. Брыль). 14. Шмат чаго ў палешукоў ад буслоў, шмат чаго і ў гэтых птахаў у белых світках ад людзей, што жывуць у палескім краі (В. Казько). 15. Мара Рыгора Раманавіча Шырмы здзейснілася: беларуская народная песня загучала на самых вядомых сцэнах Еўропы (І. Капыловіч).

Хто такі Рыгор Шырма? Раскажыце пра яго дзейнасць, скарыстайце інтэрнэт-рэсурсы.
Праілюструйце прыкладамі з тэксту правілы «Правапіс е, ё, я ў беларускай мове», «Правапіс галосных у складаных словах».
Які варыятыўны знак прыпынку можна паставіць у 7-м сказе?