Печатать книгуПечатать книгу

*§ 14-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 14-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 10 Май 2024, 09:14

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Раскажыце пра сэнсава-стылістычныя магчымасці складаных сказаў. Сфармулюйце і запішыце пытанні да тэксту. Вусна адкажыце на іх.

Усе тыпы складаных сказаў (злучнікавых і бяззлучнікавых) шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы:
1.З дапамогай складаных сказаў афармляюцца тэксты розных тыпаў і жанраў.
2.Са складаных сказаў арганізуюцца маналагічныя і дыялагічныя тэксты.
3.Складаныя сказы з’яўляюцца сродкам перадачы лагічнай, навуковай інфармацыі, здольныя выражаць багаты свет чалавечых пачуццяў і перажыванняў, натуральнасць, дынамізм і жывасць гутарковага маўлення, дакладнасць і адназначнасць афіцыйнай дакументацыі.
4.Складаныя сказы выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя, прычынна-выніковыя, аб’ектныя, часавыя, прасторавыя і іншыя адносіны ў маўленні.
5.Складаныя сказы выступаюць асновай пабудовы прыказак, афарыстычных выслоўяў (Паводле М. Круталевіча).

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і тып. Падбярыце і абгрунтуйце назву тэксту. Выпішыце з тэксту складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, пабудуйце іх схемы.

На сённяшні дзень беларуская мова адыгрывае істотную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Разам з тым перспектывы яе далейшага развіцця і функцыянавання ў грамадстве ў многім будуць залежаць ад наступных момантаў:
а) пашырэнне беларускай мовы як рэальнага сродку зносін у найбольш важных сферах грамадскага ўжытку, што будзе садзейнічаць яе прэстыжнасці. Трэба адзначыць наступнае: наспеў час стварэння агульнадзяржаўнай праграмы мер, якія будуць скіраваны на ўмацаванне дзяржаўнага статусу беларускай мовы;
б) стварэнне асновы для пашырэння беларускай мовы ў актыўным ужытку. Для гэтага ёсць перадумовы: не ўсе карыстаюцца беларускай мовай у сваёй паўсядзённай дзейнасці, аднак кожны, хто жыве на тэрыторыі сучаснай Беларусі, фактычна штодзённа атрымлівае тую ці іншую інфармацыю на беларускай мове;
в) дасягненне разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных поглядаў на шляхі развіцця беларускай мовы: толькі намаганнямі ўсяго грамадства можна дасягнуць зрухаў, якія будуць мець пазітыўны характар для развіцця духоўнай культуры соцыуму;
г) фарміраванне ў грамадстве мажарытарных* адносін да беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі і дзяржаўнай мовы краіны.
Сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадстве, яе высокія адаптацыйныя магчымасці, заканадаўчы статус даюць падставы для стры́манага аптымізму: у XXI стагоддзі беларуская мова застанецца сродкам камунікацыі, што дазволіць захаваць ёй адметнае месца ў моўным ландшафце Еўропы (Л. Леванцэвіч).

Чаму аўтар называе сваё бачанне праблемы «стрыманым аптымізмам»?
На аснове тэксту падрыхтуйце выказванне «Якой я бачу будучыню беларускай мовы». Пастарайцеся выкарыстаць наступную лексіку: істотная роля, перспектывы развіцця, рэальны сродак зносін, актыўны ўжытак, разумны кампраміс, заканадаўчы статус, мажарытарныя адносіны да мовы, духоўная культура соцыуму, пазітыўны характар, моўны ландшафт Еўропы.

Практыкаванне 3

Прачытайце ўзор сінтаксічнага разбору складанага сказа з рознымі відамі сувязі частак, устаўляючы прапушчаную лінгвістычную інфармацыю.

Складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак; складаецца з трох граматычных частак: першая частка — стары памаўчаў; другая частка — ...; трэцяя частка — ... .
Граматычныя часткі звязваюцца злучальнай і бяззлучнікавай сувяззю.
Сказ складаецца з дзвюх сэнсавых частак: першая — стары памаўчаў; другая — ... . Сэнсавыя часткі звязаны паміж сабой злучальнай сувяззю (сродак сінтаксічнай сувязі — ...).
Першая сэнсавая частка пабудавана як ... сказ. Другая сэнсавая частка пабудавана як ... сказ.
Паміж першай і другой граматычнымі часткамі складанага сказа ставіцца коска перад … . Паміж другой і трэцяй граматычнымі часткамі складанага сказа ставіцца двукроп’е, таму што ... .
Стары памаўчаў — першая граматычная частка пабудавана па схеме простага, двухсастаўнага, неразвітага, поўнага, няўскладненага сказа. (Х т о?) стары — дзейнік, выражаны прыметнікам у ролі назоўніка ... роду, ... ліку, ... склону; стары (ш т о  з р а б і ў?) памаўчаў — просты ... выказнік, выражаны дзеясловам у форме ... ладу, ... часу, ... ліку, ... роду.
... — другая граматычная частка пабудавана па схеме ... сказа...

Прааналізуйце логіку сінтаксічнага разбору складанага сказа з рознымі відамі сувязі частак. Складзіце алгарытм разбору.

Практыкаванне 4

Дайце азначэнне наступным тэрмінам: складаназлучаны сказ — …; складаназалежны сказ — …; бяззлучнікавы сказ — …; складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак — … .
Размяркуйце складаныя сказы па групах: а) складаназлучаныя сказы; б) складаназалежныя сказы; в) бяззлучнікавыя сказы; г) складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

1. Варта было толькі азвацца недзе далёка восені, як вавёрка кідала гульні і бралася за работу, у першую чаргу яна рамантавала сваю хатку, высцілала яе цёплым мохам (В. Вольскі). 2. Жаўранкаў не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць, цярушыцца на траву, на кветкі (Я. Брыль). 3. З дрэў асыпа́лася апошняя лістота, і яе суцэльны рознакаляровы дыван густа ўкрывае адсырэлую зямлю (Р. Ігнаценка). 4. Прытуліла я лісточак падбелу да шчакі — і так спакойна, утульна стала, нібы душа чакала гэтай цеплыні (Н. Нарэйка). 5. Тут калісьці стаяў Адам Міцкевіч, і ўсё, што ён бачыў, клалася на яго сэрца (Я. Брыль). 6. Салаўі спявалі напрадвесні, звінелі на цымбалах капяжы, і жніўная зажураная песня кранала струны кожнае душы (С. Грахоўскі). 7. Усе мы з хат, усе мы з цішыні, і ўсе мы з матчыных далоняў (І. Навуменка). 8. Каб пасадзіць дрэва, трэба мець дужыя, чулыя да маладога парастка рукі, і зусім нічога не трэба, каб ссекчы дрэва (В. Вітка). 9. Здымае пробу з грэчкі пчолка, сінее ў жыце васілёк (І. Навуменка). 10. Ноч зямельку агарнула, лісцік дрэмле, спіць трава (Я. Колас). 11. Травы пахнуць кветкамі, кветкі пахнуць зорамі, зоры над палеткамі — лесам і азёрамі (П. Глебка). 12. Я быў здзіўлены, бо чмялі так позна збіралі мёд (М. Маляўка). 13. Многія з нас выкарыстоўваюць свой вольны час, каб быць бліжэй да прыроды (Я. Брыль). 14. Шмат чаго ў палешукоў ад буслоў, шмат чаго і ў гэтых птахаў у белых світках ад людзей, што жывуць у палескім краі (В. Казько). 15. Мара Рыгора Раманавіча Шырмы здзейснілася: беларуская народная песня загучала на самых вядомых сцэнах Еўропы (І. Капыловіч).

Хто такі Рыгор Шырма? Раскажыце пра яго дзейнасць, скарыстайце інтэрнэт-рэсурсы.
Праілюструйце прыкладамі з тэксту правілы «Правапіс е, ё, я ў беларускай мове», «Правапіс галосных у складаных словах».
Які варыятыўны знак прыпынку можна паставіць у 7-м сказе?

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Якую ролю адыгрывае рэспіраторны этыкет у эпідэміялагічны перыяд?

Респираторный этикет

Респираторный этикет — это свод правил поведения в общественных местах, направленных на ограничение распространения респираторных заболеваний.
При кашле и чихании необходимо использовать носовой платок, предпочтительно одноразовый бумажный. Его выбрасывают сразу после использования.
При отсутствии носового платка не следует чихать и кашлять в ладони, а правильнее это делать, например, в сгиб локтя: прикрывание рта ладонью приводит к распространению инфекции через руки и предметы обихода.
Нужно часто и тщательно мыть руки с мылом или антибактериальными средствами и стараться не прикасаться руками к губам, носу и глазам.
Следует надевать медицинскую маску: её использование снижает риск заражения вирусными инфекциями (По М. Мороз).

Запішыце па-беларуску правілы рэспіраторнага этыкету.

Слоўнік
чихать — чхаць
носовой платок — насавая хустачка, насоўка
предпочтительно — найлепш
обиход — ужытак
тщательно — старанна

Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор складанага сказа з рознымі відамі сувязі частак, ужытага ў тэксце.

Практыкаванне 223

З улікам наступнай схемы раскажыце правілы рэспіраторнага этыкету, аформіўшы іх з дапамогай розных тыпаў складаных сказаў.

Не хочаце захварэць: ... .
Каб не захварэць, трэба ... .
... — і вы ніколі не захварэеце.
Заўсёды трэба памятаць: ... .
Хто не хоча хварэць, павінен ... .

Практыкаванне 6

Прачытайце верш, вызначце ролю звароткаў у ім. Запішыце частку твора (на выбар), расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку. Пабудуйце схемы сказаў з рознымі відамі сувязі частак. 

Калыханка маме

Быць разам выпадае нам так мала…
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж мая натомленая мама
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой мая ласкавая
З вясной сваёю любая мая.

Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз золкія гады,
Прыляж мая даверлівая мама
Спяю табе, як мне спявала ты.

Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне,
Прыляж мая ўсмешлівая мама
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой мая ласкавая
З вясной сваёю любая мая.
                                                               Н. Мацяш.

Якія музычныя/літаратурныя падарункі вы хацелі б падарыць сваёй маці?

Практыкаванне 7

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак:
1) І лугавая птушка кліча, і ад травы салодкі пах змывае горкі пыл з аблічча і застывае на губах (Р. Баравікова).
2) Шуміць авёс, звініць ячмень, і верыш ты ахвотна, што каласы цалюткі дзень красуюць бесклапотна (А. Куляшоў).
3) Святлана Максімаўна хацела яшчэ штосьці дадаць, але ў настаўніцкую — лёгкі на ўспамін! — зайшоў Васіль Пятровіч, наш дырэктар, і Святлана Максімаўна замаўчала (В. Кадзетава).
4) Маланка яшчэ ўспыхвала за акном, але гром вуркатаў ужо аддалена, глуха, пацішэў і вецер (Л. Левановіч).
5) Люблю я зíмы з мapaзaмi, зaвei бeлыя ў пaляx, і cнeгy cкpып пaд пaлaзaмi, і цiш зiмoвyю ў ляcax (Я. Колас).
2. Адзначце складаныя сказы з бяззлучнікавай і злучальнай сувяззю частак:
1) За гадзіны дзве дровы згарэлі, дуб знізу абсмаліўся, і агонь патух (К. Чорны).
2) Дурманліва пахлі кветкі, вокны ў доме былі расчынены, і ў нечай кватэры задумліва вяла ціхую мелодыю радыёла (М. Стральцоў).
3) Вецер заціх, і здавалася, што ўсё адпачывае, як і людзі, ад стомы (В. Супрунчук).
4) Сyxi лiпeнь зaтaпiў зямлю гapaчынёй, cпякoтным coнeчным cвятлoм, пapнaй цiшынёй, выciнiў нeбa, cцёpшы з ягo ўce xмypынкi i aблaчынкi, i янo aпycцiлacя нiзкa, нiбытa xaцeлa пapaўнaць cвaю ciнюю кpacy з кpacoй зямнoй, зялёнaй (В. Хомчанка).
5) Высокія ліпы нахілялі сваё раскошнае голле над сялянскімі хатамі, стройныя шыракалістыя клёны заўзята цягнуліся да сонца, рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі, а яблыні на многіх прысядзібных участках вабілі сваім жоўта-васковым адлівам антонавак (П. Кавалёў).
3. Адзначце складаныя сказы са злучальнай і падпарадкавальнай сувяззю частак:
1) Над полем і вёскай маркатнеў восеньскі адвячорак, з лесу плыў густы пошум ветру, і кудысь ляцелі ўгары раскудлачаныя дажджавыя хмары (В. Быкаў).
2) А дванаццатай гадзіне неба нарэшце праяснілася, выглянула нясмела сонца, у паветры пацяплела, і я паплыў на байдарцы да кручы за рыбгасам, туды, дзе высокі лясісты бераг абрываецца стромкай сцяною ў возера (В. Вольскі).
3) Biшнi ды cлiвы ўжo aдцвiтaлi, aлe яблынi aбcыпaлicя caмaй квeцeнню, aд якoй нoч, здaвaлacя, cпaчывaлa ў cвятлe пpaжытaгa дня (В. Карамазаў).
4) Святло з лямпы біла ў вочы, і чалавек, які сядзеў за сталом і чытаў, захінуў яго старым абажурам (М. Прохар).
5) Васілёк адчуваў сябе падманутым, бездапаможным, ён не ведаў, што цяпер рабіць, і горка заплакаў (В. Праўдзін).
4. Адзначце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, паміж граматычнымі часткамі якіх правільна пастаўлены знакі прыпынку:
1) У непагадзь і ў ясную пагоду да болю адчуваю кожны раз: мы ўсе з таго няскоранага роду, што чыстым хлебам шчодра корміць нас (С. Грахоўскі).
2) Тады стала цiха, i ў цiшынi здалося, што звiняць сцены, i звон лезе ў вушы (І. Пташнікаў).
3) Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой (Я. Маўр).
4) Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы (І. Мележ).
5) Дoбpa пaмятaю — нeйкi ўнyтpaны гoлac гaвapыў мнe, штo ў гэты вeчap пaвiннa здapыццa штocьцi нeзвычaйнae, тoe, чaгo я дaўнo чaкaю i пpaгнy дyшoй (І. Навуменка).
5. Адзначце характарыстыкі, якія адпавядаюць наступнаму сказу:
Кaлi aпycкaeццa нaд paкoю глyxaя пaлecкaя нoч, тaды пaмaлy зaцixae гopaд Пiнcк, мaўклiвымi poбяццa вyлiцы i зaвyлкi, i pэдкiя кpoкi пpaxoжыx pэxaм aддaюццa ў кaмeнныx cцeнax (М. Лынькоў).
1) Сказ складаецца з трох граматычных частак.
2) Першая граматычная частка — даданая акалічнасная часу.
3) Сродкам сувязі даданай часткі з галоўнай з’яўляецца злучнік калі.
4) Гэта складаны сказ з падпарадкавальнай і злучальнай сувяззю частак.
5) Гэта складаны сказ з падпарадкавальнай, бяззлучнікавай і злучальнай сувяззю частак.