*§ 0-14. Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, будова, віды сувязі, знакі прыпынку

Практыкаванне 197-1

Прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Выпішыце складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, зрабіце іх сінтаксічны разбор.

Беларускія алімпійцы на Гульнях у Токіа ў 2021 годзе ўпершыню выступалі пад брэндам Team BY, а іх спартыўнае адзенне (таксама ўпершыню) было адзначана знакам Made in Belarus: яно распрацаванае і пашытае ў нашай краіне.
На падрыхтоўку дызайну пайшло каля года, паколькі распрацоўка брэнду прызнанай гандлёвай маркі патрабуе часу. Прынт (малюнак, надпіс, фотаздымак) на экіпіроўцы адлюстроўвае нашу прыроду: палі, рэкі, сонца, а таксама нашу самабытнасць.
Пры вытворчасці спартыўнай экіпіроўкі выкарыстоўваліся толькі якасныя матэрыялы.
Форма атрымалася не толькі прыгожай, але і зручнай, варыятыўнасць камплектаў не толькі дазволіла спартсменам выглядаць стыльна, але і памятаць, што яны годна прадстаўляюць Беларусь.
У тым, што нашы алімпійцы выглядалі стыльна, можна не сумнявацца. Беларуская гімнастка, бронзавы прызёр Алімпіяды-2012 Любоў Чаркашына напярэдадні Алімпіяды выказалася так:
— Хачу пажадаць усім спартсменам, нават сапернікам, максімальных поспехаў, а таксама хачу, каб нашы алімпійцы вярнуліся шчаслівымі! (Паводле Т. Пастушэнкі).

З дапамогай інтэрнэт-матэрыялаў раскажыце пра аднаго з беларускіх чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў-2020 у Токіа (з-за пандэміі Алімпіяда праводзілася ў 2021 годзе).