*§ 0-14. Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, будова, віды сувязі, знакі прыпынку

Практыкаванне 4-191

Прачытайце тэкст. Растлумачце сэнс загалоўка. Абгрунтуйце падзел тэксту на абзацы.

Люстэрка часу

Чым, па-вашаму, пахне Новы год? Асабіста для мяне ён пахне паштоўкамі. Гэта пах свежых друкарскіх фарбаў, якія на кардоне набывалі нейкае асаблівае, менавіта навагодняе адценне водару. І яшчэ гэта пах самога кардону, засівералага, набрынялага ад вільгаці, — так пахлі паштоўкі, якія ў завіруху даставалі з жалезнай скрыні, што вісела на плоце.
Паштовак спачатку было шмат. На іх была намалявана марка, і гэта дазваляла пасылаць паштоўкі без канверта ў любы куточак краіны, там жа было месца для адрасоў атрымальніка і адпраўніка, а для зручнага напісання індэкса быў выбіты «трафарэт» чорнымі кропачкамі. Мы куплялі цэлы стос яркіх картак з намаляванымі Дзядамі Марозамі, Снягуркамі, тройкамі, гадзіннікамі, яловымі галінкамі, і некалькі вечароў мама карпатліва іх падпісвала, хвалюючыся, каб ні пра каго не забыцца. А потым пачынаўся адваротны працэс: вялікая радня, знаёмыя і сябры віншавалі нас са святам.
З часам паштоўкі зрабіліся знакам асаблівых адносін: іх ужо пасылалі не ўсім запар, а толькі родным людзям і самым блізкім сябрам. Паштоўкі сталі больш багатымі і ў памерах, і ў афармленні. Месца, каб пісаць, на іх стала значна больш, і некаторым было вельмі складана запоўніць пустую прастору пасля невялікіх картак, на якіх палову месца займалі адрасы атрымальніка і адпраўніка. Таму ў паштоўках таго часу часта сустракаюцца сняжынкі і іншыя навагоднія выявы, намаляваныя ад рукі.
А потым з’явіліся прыгожыя і незвычайныя паштоўкі «З Нараджэннем Хрыстовым!» — прыкмета новага часу. На іх былі намаляваны сцэны з Хрыстом-немаўляткам або пазалочаныя ку́палы на фоне ўпрыгожаных ялінак. Гэта было так дзівосна і прыгожа, што некалькі гадоў запар падобныя паштоўкі пасылаліся замест уласна навагодніх усім незалежна ад таго, калі хто святкуе і ці святкуе ўвогуле.
У канцы 90-х прыйшла новая мода — на паштоўкі з гатовым тэкстам. Купляеш такую — і пісаць ужо нічога не трэба, толькі дадаў да гатовага навагодняга вершыка «дарагі» ці «дарагая» з імем, а ўнізе свой подпіс — і віншаванне гатова. Калі ж хацелася напісаць нешта сваё, даводзілася ўціскаць літары ў пустое месца каля чужых радкоў або шукаць «чыстыя» паштоўкі.
Пасля з’явіліся пэйджары, за імі — мабільнікі і смартфоны. Цяпер усё, што хочаш пажадаць, можна за секунды перадаць у любое месца планеты, а віртуальную паштоўку вельмі лёгка намаляваць, агучыць і тут жа адправіць. Але — дзіва — папяровыя паштоўкі не адышлі ў нябыт, нават рэдкасцю не сталі.сн Людзі з ахвотай іх купляюць, падпісваюць і адпраўляюць — любы паштовы работнік гэта пацвердзіць.
Учора я зрабіла ў сеціве паштоўку на беларускай мове з загадзя падрыхтаванымі малюнкамі і фразамі. Выбірала, здавалася, самае прыгожае, а атрымалася вось што: «Даражэнькая сястра! Цяпла і святла, радасці і кахання, усмешак і выдатнага настрою ў новым годзе!» Паслала ёй гэты твор у месенджары, а ўвечары пайшла на пошту і купіла «чыстую» паштоўку. Пад Новы год блізкім людзям трэба казаць і пісаць свае, а не казённыя словы — толькі тады яны абавязкова дойдуць да тых, каму адрасаваны (Паводле А. Ляўковіч).

Выпішыце з тэксту складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, падкрэсліце граматычныя асновы. Вызначце сэнсавыя часткі, назавіце сродкі іх сувязі. Пабудуйце схемы сказаў.
Ці згодны вы з думкай, выказанай у апошнім сказе тэксту? Абгрунтуйце свой пункт погляду.