*§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце загаловак, які перадаваў бы тэму тэксту.

Ляснымі сцежкамі ішоў салдат Кандрат Гарбачэня з вайны дахаты. Ён крочыў шырока і ўпэўнена, з высока паднятай галавою, цвёрда ступаючы па роднай зямлі. Кандрат выканаў да канца свой абавязак салдата — сам генерал паціснуў яму на развітанне руку і падзякаваў за службу. У постаці салдата адчувалася, што ён вяртаецца дадому пераможцам.
Гарбачэня ўжо з гадзіну ішоў лесам. Нерухома стаялі смалістыя сосны, іх сінія зубчастыя вершаліны нібы ўразаліся ў высокае блакітнае неба. Пасля лес пачаў мяняцца: пракідаўся зялёны бярэзнік, пачалі трапляцца прысадзістыял елкі. Кандрат ведаў: яму заставалася ісці да сваёй вёскі добрых кіламетраў пятнаццаць.
Гарбачэню пачала душыць смага. Прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, ён угледзеў на паляне ручаіну і прыбавіў кроку. Раптам крокаў за дзвесце ад сябе Кандрат убачыў ласіху з ласянём: яны, відаць, прыйшлі на вадапой. Ласіха ўгледзела чалавека і скокнула — сучча з трэскам паляцела ўверх. Гарбачэня рушыў далей.
У лесе было ціха, нідзе нават птушка не ціўкне: яны не любяць гушчару. Гарбачэня збочыў, каб ісці нацянькі, і раптам спыніўся. Перад ім велічна ўзвышаўся кучаравы дуб. Пад дрэвам было зусім цёмна: промні яркага сонца не маглі прабіцца праз густое лісце. Кандрат абышоў магутны дуб, нібы прыкідваючы, колькі трэба чалавек, каб яго абхапіць. «Многа пакаленняў перажыў гэты дуб», — падумаў Гарбачэня і паволі пайшоў (Паводле І. Гурскага).

Выпішыце з тэксту бяззлучнікавыя складаныя сказы, падкрэсліце граматычныя асновы. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі. Пабудуйце схемы сказаў.
Знайдзіце ў тэксце словы з арфаграмай «Правапіс і, ы, й пасля прыставак».