Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 14 Май 2024, 02:34

Практыкаванне 1

Прачытайце лінгвістычнае паведамленне пра бяззлучнікавы складаны сказ, устаўляючы прапушчаныя словы  і словазлучэнні.

У бяззлучнікавым складаным сказе граматычныя часткі аб’яднаны ў адно сэнсавае і інтанацыйнае цэлае без ... і ... . Сродкамі сувязі частак у бяззлучнікавых складаных сказах выступаюць інтанацыя, парадак размяшчэння частак, формы выражэння ... .
Паміж граматычнымі часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў могуць выражацца спалучальныя, супастаўляльныя, прычынныя, ... сэнсавыя адносіны.
Напрыклад, бяззлучнікавы складаны сказ У вячэрнім паветры пачуўся ціхі ўсплёск, па вадзе разышліся кругі (В. Вольскі) складаецца з ... частак, аб’яднаных сэнсава (тэма «...») і граматычна (выказнікі выражаны дзеясловамі ... трывання, ... часу). Паміж граматычнымі часткамі выражаюцца ... сэнсавыя адносіны.

Бяззлучнікавы складаны сказ

Практыкаванне 2

Разгледзьце схему. Аднавіце назвы яе кампанентаў.

Практыкаванне 3

Спішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.

1. Людзі паступова разы..шліся, дзеці пабеглі гуляць (В. Вольскі). 2. Рэдка(?)рэдка сустракаліся на вуліцах людзі: можна было пра..сці вулачку і (н..)сустрэць (н..)воднага прахожага (У. Караткевіч). 3. (Н..)вырастаюць самі кам..ніцы, узносіць іх народ працоўны (у)высі (У. Дубоўка). 4. З комінаў падымаліся ў ранішні блакіт неба амаль празрыстыя слупкі дым..: гаспадыні палілі ў печах (на)спех, сухім гал..ём (І. Шамякін). 5. Залапатала некалькі качак; яны імкліва, з крыкам падняліся (у)верх і падаліся (у)бок балотнай рэчкі (І. Гурскі). 6. Скажу адно: рэдка каго са сваіх г..сцей запрашаю я на тое паляван..е (Л. Дайнека). 7. Вёска Белыя Сарокі ўся ў садах, рэдкі двор (н..)мае пладовых дрэў (М. Гамолка). 8. Знайсці студню было не так цяжка: да яе ці ад яе заўсёды хто(?)небудзьм ішоў з парожнімі ці поўнымі вёдрамі (А. Пальчэўскі). 9. Вось толькі змоўкне кукаван..е — дыхне гарачае жніво (П. Панчанка). 10. Паспрабаваў выступіць — сустрэлі с..мехам (І. Шамякін).

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах.

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце загаловак, які перадаваў бы тэму тэксту.

Ляснымі сцежкамі ішоў салдат Кандрат Гарбачэня з вайны дахаты. Ён крочыў шырока і ўпэўнена, з высока паднятай галавою, цвёрда ступаючы па роднай зямлі. Кандрат выканаў да канца свой абавязак салдата — сам генерал паціснуў яму на развітанне руку і падзякаваў за службу. У постаці салдата адчувалася, што ён вяртаецца дадому пераможцам.
Гарбачэня ўжо з гадзіну ішоў лесам. Нерухома стаялі смалістыя сосны, іх сінія зубчастыя вершаліны нібы ўразаліся ў высокае блакітнае неба. Пасля лес пачаў мяняцца: пракідаўся зялёны бярэзнік, пачалі трапляцца прысадзістыял елкі. Кандрат ведаў: яму заставалася ісці да сваёй вёскі добрых кіламетраў пятнаццаць.
Гарбачэню пачала душыць смага. Прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, ён угледзеў на паляне ручаіну і прыбавіў кроку. Раптам крокаў за дзвесце ад сябе Кандрат убачыў ласіху з ласянём: яны, відаць, прыйшлі на вадапой. Ласіха ўгледзела чалавека і скокнула — сучча з трэскам паляцела ўверх. Гарбачэня рушыў далей.
У лесе было ціха, нідзе нават птушка не ціўкне: яны не любяць гушчару. Гарбачэня збочыў, каб ісці нацянькі, і раптам спыніўся. Перад ім велічна ўзвышаўся кучаравы дуб. Пад дрэвам было зусім цёмна: промні яркага сонца не маглі прабіцца праз густое лісце. Кандрат абышоў магутны дуб, нібы прыкідваючы, колькі трэба чалавек, каб яго абхапіць. «Многа пакаленняў перажыў гэты дуб», — падумаў Гарбачэня і паволі пайшоў (Паводле І. Гурскага).

Выпішыце з тэксту бяззлучнікавыя складаныя сказы, падкрэсліце граматычныя асновы. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі. Пабудуйце схемы сказаў.
Знайдзіце ў тэксце словы з арфаграмай «Правапіс і, ы, й пасля прыставак».

Практыкаванне 5

Перабудуйце складаназлучаныя і складаназалежныя сказы ў бяззлучнікавыя. Запішыце, размяркоўваючы бяззлучнікавыя складаныя сказы на дзве групы: 1) сказы з аднатыпнымі часткамі; 2) сказы з разнатыпнымі часткамі.

1. Амаль усе дачнікі раз’ехаліся, і вёска набыла свой звычайны, будзённы выгляд (В. Вольскі). 2. Трэба прывыкнуць да цемры, бо нічога не відаць (І. Сяркоў). 3. Паромшчык хацеў нешта сказаць, але яго перапынілі (І. Гурскі). 4. Я сам тутэйшы і здаўна ведаў, што па той бок хвойнага лесу, за берагавымі ўзгоркамісл, ёсць добрая гліна (К. Чорны). 5. Гэты бераг быў пясчаны, і пясок з абрыву спаўзаў у рэчку, засыпаў яе (І. Шамякін). 6. Калі чаго не будзеш ведаць, пытайся ў Яна і парады яго слухай (А. Чарнышэвіч). 7. Вядома, добра было жыць у Сухдоле, аднак Кастуся ўсё часцей цягнула ў Прагу (У. Глыбінны). 8. Сляды цягнуцца ланцужком, таму што ваўкі ідуць па снезе адзін за адным, нага ў нагу, след у след (В. Вольскі).

Растлумачце сэнс ужытых у апошнім сказе выразаў нага ў нагу, след у след. Якое значэнне маюць аманімічныя фразеалагізмы?

Практыкаванне 6

Складзіце і запішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы, пачынаючы іх граматычныя часткі антонімамі.

1. Добры ... — дрэнны ... . 2. Святло ... — цемра ... . 3. Свой ... — чужы ... . 4. Радзіма ... — чужына ... . 5. Сумны ... — вясёлы ... .

Практыкаванне 174

Сэнсавыя адносіны паміж часткамі ў складаным бяззлучнікавым сказе абумоўліваюць выбар знака прыпынку. Праілюструйце сэнсавыя адносіны паміж часткамі, выпісаўшы з прапанаваных сказаў адпаведныя. Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах.

Знак прыпынку ў складаным бяззлучнікавым сказе Сэнсавыя адносіны паміж часткамі
Коска, кропка з коскай Пералічэнне, адначасовасць або паслядоўнасць дзеянняў
Двукроп’е Прычына, тлумачэнне, дапаўненне, абагульненне
Працяжнік Супастаўленне, супрацьпастаўленне, вынік, абагульненне, параўнанне

У з о р  к а м е н т а р ы я: Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва; здаволена гумно на поўны рот глытае дар багатай, спелай нівы (У. Караткевіч). Складаны бяззлучнікавы сказ, складаецца з дзвюх частак. Першая частка — Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва. Граматычная аснова — чарот шуміць. Другая частка — здаволена гумно на поўны рот глытае дар багатай, спелай нівы. Граматычная аснова — гумно глытае.

Часткі сказа называюць з’явы, якія адбываюцца адначасова (паміж імі можна ўставіць злучнік і). Паміж часткамі ставіцца кропка з коскай, паколькі часткі развітыя, не маюць цеснай сэнсавай сувязі паміж сабой, другая частка мае свой знак прыпынку — коску паміж аднароднымі азначэннямі.

1. Ноч свяціла агнямі і зорамі: нарадзіўся Янка Купала. 2. Ты — мая лясная казка ў красе доўгачаканай, ты — мая святая песня. 3. Месяц заснуў на коміне хаты, кінуў адбіткі на люстра вады; дрэвы густыя ў бліскучых ла ́тах, як вартавыя, вартуюць сады. 4. Ноч прыйшла да зямлі на спатканне, захад скончыў агнём палыхаць, дубы ў малочным тумане веліканамі ціха стаяць. 5. Свет вакол чакае святла і цеплыні: чакае дуб скарэлы на пагорку, чакаюць хаты сонечных прамянёў, чакаюць вішні белых пакрывалаў. 6. Зямля гудзе, як цёплы вулей, знікаюць крыўды, боль і зло. 7. Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах, зноў восень на бярэзніках ляжыць. 8. У вяршыні самых гонкіх дрэў маланка з неба б’е — у вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е. 9. Уздыхае ветрык, спадае ліст, асцярожнае сонца з голых асін выпаўзае на ціхі сінічы свіст (У. Караткевіч).

На аснове сказаў падбярыце матэрыял для арфаграфічнай дыктоўкі на правіла «Правапіс галосных е, ё, я». Дапоўніце выпісаныя словы прыкладамі на захаванне пачатковай літары я ў корані слоў, на правапіс я ў паслянаціскных складах.

Практыкаванне 175

Выкарыстаўшы граматычныя асновы сказаў з папярэдняга практыкавання (3-4 на выбар), пабудуйце па тры бяззлучнікавыя сказы, каб у першым выпадку паміж часткамі трэба было паставіць коску, у другім — двукроп’е, у трэцім — працяжнік.

У з о р: Знікаюць крыўды, боль і зло...
Знікаюць крыўды, боль і зло, свет напаўняюць людскасць і дабрыня.
Знікаюць крыўды, боль і зло: людзі пачалі прыслухоўвацца адзін да аднаго.
Знікаюць крыўды, боль і зло — свет прачнуўся і памаладзеў.

Практыкаванне 176

Запішыце сказы, выправіўшы сінтаксічныя памылкі, дапушчаныя ў складаных сказах. Растлумачце прычыны парушэнняў сінтаксічных норм.

1. Сёння ідзе не толькі дождж, але і, відаць, будзе навальніца. 2. Газіфікацыю аддаленыхсл вёсак трэба завяршыць, якая пачалася яшчэ ў 70-я гады мінулага стагоддзя. 3. Гісторыя не толькі ўплывае на літаратуру, але і літаратура ўплывае на гісторыю. 4. Набягалі то невялікія хмаркі, то зноў з’яўлялася сонца. 5. На жаль, часам мы або забываем пра сяброў, або сябры забываюць пра нас. 6. Слова — вялікая сіла, таму што слова можа аб’яднаць людзей і раз’яднаць. 7. Жыццё героя — гэта гісторыя чалавека, моцнага духам і які годна выступае ад імя свайго пакалення. 8. Аб гэтым вы можаце прачытаць у матэрыялах нашага карэспандэнта, які з’явіцца ў суботнім выпуску газеты. 9. Галоўнае, чаго чакалі ад маладога інжынера, — гэта рэканструкцыю прадпрыемства. 10. Вершы прасякнуты шчырай павагай да селяніна, у якіх расказваецца пра цяжкую, але такую неабходную вясковую працу. 11. Гутарковы стыль мае свае асаблівасці, куды адносяцца непаўната выказвання, ужыванне выклічнікаў, варыянтнасць у вымаўленні. 12. Мы спыніліся на Ушаччыне, дзе шмат азёр і вада ў якіх вельмі чыстая (З вучнёўскіх работ).

Запішыце асабовыя назоўнікі, ужытыя ў сказах. Вызначце іх склон. Растлумачце правапіс канчаткаў.

Знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах

Паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа ставяцца коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік.
К о с к а й  р а з д з я л я ю ц ц а раўназначныя, аднатыпныя часткі бяззлучнікавага складанага сказа, у якіх паведамляецца пра падзеі і з’явы, што адбываюцца адначасова або паслядоўна, і якія па сэнсе цесна звязаны паміж сабой: Жыццё — самы адказны экзамен, яго ніяк не абмінеш (Ю. Свірка). [ ], [ ]; Бралася вясна, цяплела, па злізаных сонцам ледзяных каляінах беглі ручаі (А. Кудравец). [ ], [ ], [ ].
К р о п к а  з  к о с к а й  с т а в і ц ц а паміж адносна незалежнымі часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі яны разгорнутыя і (або) маюць свае знакі прыпынку: Духмянасцю лета дыхне і жоўтаю поўняй начною; маланкі гарачы свой гнеў астудзяць вадой дажджавою (В. Ярац). [ ]; [ ]; Іх [рукі маці] цалавала зямля сваімі пясчанымі вуснамі і каласамі; неба спякотай, вятрамі, дажджамі іх цалавала (М. Танк). [ ]; [ ].
К р о п к а й  з  к о с к а й  р а з д з я л я ю ц ц а групы адносна незалежных састаўных частак бяззлучнікавага складанага сказа: Рака кірунак здольна павярнуць, вярнуцца можа, круг зрабіўшы, вецер; сады, вясной адцвіўшы, зацвітуць, на ноч зайшоўшы, сонца зноў засвеціць (А. Бачыла). [ ], [ ]; [ ], [ ]; Ёсць на свеце роднае мястэчка, там штогод бываюць кірмашы; міма школы меленькая рэчка без мяне адна плыве ў цішы (А. Куляшоў). [ ], [ ]; [ ].
Паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа с т а в і ц ц а  д в у к р о п’ е, калі:
• у другой частцы (або ў некалькіх наступных) раскрываецца змест, даецца паясненне таго, пра што гаворыцца ў першай частцы: I неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак (І. Мележ). [ ]: [ ]; Стаяла прадвесне на дварэ: быў сакавік (М. Стральцоў). [ ]: [ ]; Раніца была цудоўная: неба без аблачынкі, зіхацелі мокрыя газоны, успыхвалі блікамі вокны (І. Клімянкоў). [ ]: [ ], [ ], [ ];
• у другой частцы (або ў некалькіх наступных) указваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў першай: Магчыма, не ўбачымся болей: выпадак — наш гаспадар (А. Вярцінскі). [ ]: [ ]; Чаканне было доўгім: Алена затрымлівалася на дзве гадзіны. [ ]: [ ];
• першая частка заканчваецца дзеясловамі бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, разумець, ведаць, верыць, казаць і інш. (або іх можна ўставіць): Я думаў: гэта сон прысніўся мне (М. Танк). [ ]: [ ]; Неўзабаве, расплюшчыўшы вочы, Міхась павярнуў галаву налева: доўгі хвост цягніка, як вусень, цягнецца ўперадзе (Д. Пятровіч). [ ]: [ ];
• першая частка з’яўляецца абагульняльнай у адносінах да наступных: Звыклыя гукі напоўнілі лясныя гушчары: у галлі заварушылася сонная птаха, піскнуў заяц, бязгучна мільгануў кажан (М. Лынькоў). [ ]: [ ], [ ], [ ].
П р а ц я ж н і к  с т а в і ц ц а паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі:
• у першай з іх указваецца на ўмову або час дзеяння, пра што паведамляецца ў другой: Ветразь ёсць — плыві! (А. Вярцінскі). [ ] — [ ]!; Хай пойдзе суткі цёплы дождж — папараць зазелянее, пусціцца ў рост і дагоніць малады сасняк (І. Пташнікаў). [ ] — [ ];
• у другой частцы паказваецца вынік або робіцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай: Зайграла музыка — дзяўчаты павесялелі. [ ] — [ ];
• змест частак супрацьпастаўляецца або супастаўляецца: Пойдзе рэха направа — не прабіцца праз травы (К. Кірэенка). [ ] — [ ]; Удачы не было — была ўзнагарода за цярплівасць (М. Стральцоў). [ ] — [ ];
• у сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынік таго, пра што паведамляецца ў першай: Бусел узмахнуў крыламі — праз хвіліну ў небе была толькі белая кропка. [ ] — [ ];
• апошняя частка ў адносінах да папярэдніх з’яўляецца абагульняльнай: Дол засланы шышкамі, цвіце сунічнік, бруснічнік, перагукваюцца птушкі, звіняць камары — усё тут знаёмае... (І. Навуменка). [ ], [ ], [ ], [ ] — [ ]...;
• другая частка з’яўляецца параўнаннем у адносінах да першай: Дзяўчына ідзе — лебедзь плыве. [ ] — [ ].

Практыкаванне 177

Разгледзьце табліцу 3 у дадатку. Раскажыце аб інтанацыйным афармленні бяззлучнікавых складаных сказаў, паміж часткамі якіх ставіцца коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік. Звярніце ўвагу на сэнсавыя адносіны паміж часткамі.

Практыкаванне 178

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Чаму, на вашу думку, у тэкстах такога стылю выкарыстоўваецца вялікая колькасць бяззлучнікавых складаных сказаў? Назавіце іх. Якія сэнсавыя адносіны выражаюцца паміж часткамі складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказаў з тэксту? З якой інтанацыяй вымаўляюцца бяззлучнікавыя складаныя сказы? Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж часткамі названых сказаў.

Луўр

Луўр — агромністы музейны комплекс з будынкаў, спалучаных між сабой; даўжыня іх фасадаў складае 14,5 км. Яшчэ раней у розных альбомах даводзілася бачыць шкляную піраміду, што стаіць ва ўнутраным двары Луўра, на музейнай плошчы. Заўжды дзівілася: навошта сярод збудаванняў рэнесансу і класіцызму архітэктура іншага стылю? Піраміда прыгожая, але тут яна не да месца!
Тлумачэнне аказалася надзвычай простае: праз такое архітэктурнае прыстасаванне няспынны натоўп турыстаў праходзіць у славуты музей, спускаецца па адным з эскалатараў. З чатырох моў — англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай — турыст выбірае мову схемы, дзе згадваецца інфармацыя пра тое, якія шэдэўры на якім паверсе знаходзяцца. І нарэшце выбірае адзін з чатырох напрамкаў — захад, усход, поўнач, поўдзень.
Экспазіцыя размешчана на чатырох паверхах: спачатку ідзе так званы «мінус першы», пасля ідуць цокальны, першы і другі. Кожны паверх адпавядае пэўнаму гістарычнаму перыяду. Пры ўваходзе — незлічоная колькасць друкаванай прадукцыі на розных мовах рознага фармату і рознай ступені грунтоўнасці. З вокладак ці не ўсіх выданняў загадкава ўсміхаецца Джаконда... Знакамітая карціна Леанарда да Вінчы — знак, сімвал. Мастацкі брэнд менавіта Луўра (Паводле Т. Мушынскай).

Складзіце схемы выдзеленых сказаў.
Раскрыйце значэнні слоў эскалатар, цокальны.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Луўр або вядомы экспанат, які знаходзіцца ў Луўры.

Практыкаванне 179

Прачытайце. Спішыце сказы, расстаўляючы знакі прыпынку ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі. Патлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

1. Не памыляўся маладым не быў (М. Чарняўскі). 2. Іду па Нямізе. Нямігі няма глыбока ў бетоне булькоча рачулка (С. Грахоўскі). 3. Свет зіхаціць вясноваю красой да слёз кранае росная былінка! (У. Карызна). 4. Вучоныя падлічылі на тэрыторыі Беларусі агульныя запасы падземнайс прэснай вады складаюць 16-18 мільярдаў кубічных метраў (У. Ягоўдзік). 5. Так і ў жыцці бягуць часіны ліхія добрыя хвіліны адна змяняецца другою (Я. Колас). 6. Жыве зямля сваім жыццём бясконцым шумяць лясы цвітуць сады наўсцяж (Л. Галубовіч).

Практыкаванне 180

Прачытайце сказы. Спішыце, расстаўляючы знакі прыпынку паводле пунктуацыйных норм і раскрываючы дужкі. Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку і напісанне слоў.

1. Неба (не)чакана зрабілася насупленымс сталі зацягваць яго (цёмна)шэрыя аблачыны (М. Бусько). 2. Ён зірнуў на гадзі(н/нн)ік палова восьмай (Г. Пярун). 3. Вечарам на траве выпала раса. У мален(ь/?)кіх кропел(ь/?)ках віл(ь/?)гаці зіхацелі промні сонца яно ўжо асела на верхавінах хвой (У. Гаўрыловіч). 4. Воз(ь/?)меш у рукі паленца з(ь/?)верху белай празрыстай лупінкай цягнецца бяроста (К. Камейша). 5. Яўгенія з(ь/?)дзівілася гэтаму звычайна дачка (не)ахвотна ішла да чужых людзей (М. Даніленка). 6. Грэла сонца цяплела паветра прыляталі кнігаўкі (Л. Валасюк). 7. Сказала зробіць (І. Карэнда). 8. Прыгледз(ь/?)цеся да навако(л/лл)я кожная травінка кожная мурашачка маюць сваё прызначэ(н/нн)е і свой век (Л. Арабей). 9. На траўцы збіраецца ў буйныя кроплі раса цераз верх запаўняюцца лугавыя плёсы туманам (У. Федасеенка).

Практыкаванне 181

Прачытайце. Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Пастаўце знакі прыпынку. Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку і напісанне слоў.

1. Сонца ўжо садзілася доўгія цені ўпалі ад будынка (М. Даніленка). 2. У Мінск прыехалі а 17-й гадзіне. Пазваніў на работу ўжо нікога не было (У. Дамашэвіч). 3. Люты лютаваў мяла мяцеліца дзень і ноч сыпаў снег (Г. Васілеўская). 4. (Па)абапал сцяжыны цвілі кветкі над імі гудзелі пчолы ляталі матылі (Я. Галубовіч). 5. Катку жарты мышцы смерць (Прыказка). 6. Але ўсё ў гэтым жыцці цячэ ўсё мяняецца (Ю. Зарэцкая). 7. Мусіць толькі тады Ларыса Іванаўна і зразумела (н..)лёгкі груз узваліла яна на свае плечы (М. Даніленка). 8. З даліны (н..)згледзіш (н..)чога ўгору (н..)стомна імкні (У. Мароз). 9. Услала пажоўклае лісце дарогі буслам ужо Афрыка цёплая сніцца (П. Панчанка). 10. Потым радасна ўсміхаючыся прыслухалася ў двары ўсё яшчэ раздаваліся глухія ўдары сякеры ён калоў дровы (Я. Каршукоў). 11. А жыта ў той час радзіла шчодра ў чалавечы рост наліваліся каласы (У. Ягоўдзік).

Практыкаванне 182

Ад прапанаваных простых, складаназлучаных і складаназалежных сказаў утварыце і запішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы.

1. Праляцеў месяц. Скончыўся адпачынак. 2. Не давалі спакою нейкія турботы. Юрасю не сядзелася на месцы. 3. Цэлыя суткі ішоў снег — і дрэвы апрануліся ў прыгожае белае футра. 4. Закончыўся рабочы дзень — і ўсе заспяшаліся дадому. 5. Калі паглядзіш на некаторыя палотны Н. Шчаснай з розных ракурсаў, то ўбачыш некалькі розных карцін у адной. 6. Сцяпан Антонавіч адмяніў сустрэчу з сябрам, бо ад калег ён чакаў важнага званка.

Зачытайце ўтвораныя сказы з адпаведнай інтанацыяй. Сфармулюйце правілы, якімі карысталіся пры пунктуацыйным афармленні сказаў.

Практыкаванне 183

Прачытайце бяззлучнікавыя складаныя сказы. На што паказваюць знакі прыпынку ў іх? Перабудуйце бяззлучнікавыя складаныя сказы ў складаназлучаныя і складаназалежныя. Што дапамагло вызначыць сэнсавыя адносіны для ўтварэння складаназлучаных і складаназалежных сказаў?

1. Сонца падымалася вышэй — пад яго цёплымі промнямі выпаралася раса. 2. Возера вызвалілася ад ільду — вада зазіхацела серабрыстым люстэркам. 3. Заплюшчыш вочы — адразу паўстаюць родныя мясціны. 4. Рашаць пытанне падвозу прадуктаў у вёску трэба было тэрмінова: магазін знаходзіўся ад яе за пяць кіламетраў. 5. Заключны канцэрт перанеслі на месяц пазней: яго ўдзельнікі збіраліся як мага лепш падрыхтавацца да святкавання юбілею школы. 6. З суседзямі трэба жыць у згодзе: часам толькі яны могуць дапамагчы ў бядзе.

Практыкаванне 184

Складзіце бяззлучнікавыя складаныя сказы на тэму «Свет маіх захапленняў» па наступных схемах:

1. [ ], [ ].
2. [ ]: [ ].
3. [ ] — [ ].
4. [ ], [ ] — [ ].

Сфармулюйце пунктуацыйныя правілы, па якіх аформлены сказы.

Практыкаванне 185

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Ужо ў XIV—XV стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім практычна ўсе прадстаўнікі феадалаў і шляхты неслі вайсковую службу.
Калі краіне пагражалі ворагі (а іх у тыя часы было нямала), тагачасныя законы Вялікага Княства Літоўскага абавязвалі кожнага мужчыну, які дасягнуў 16-гадовага ўзросту, нягледзячы на яго паходжанне, браць удзел у вайсковым паходзе. Але толькі шляхта лічыла сваім прафесійным прыярытэтам вайсковую службу амаль кожны шляхціц быў воінам. Рыцарскім ідэалам была добрая фізічная падрыхтоўка адпаведнае выхаванне атрымлівалі шляхецкія дзеці. Нават дзеці вялікіх князёў ужо ў 12 гадоў неслі службу ў войску. З такога ранняга ўзросту і да сталага веку беларускія шляхціцы павінны былі дасканала валодаць кап’ём, шабляй і двухручным мячом, умець ездзіць верхам, страляць з лука на поўным скаку. Для іх ладзілася нешта накшталт сучасных летніх вайсковых збораў. Шляхціцы практыкаваліся ў начных ска ́чках па перасечанай мясцовасці на адлегласць да 20 кіламетраў, у пераправах разам з коньмі праз рэкі.
Такім чынам, шляхціц мусіў заўсёды быць гатовым абараніць гонар сваёй краіны ён не меў маральнага права адмовіцца выканаць гэта Богам асвечанае прызначэнне (Паводле І. Клімковіч).

Выпішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнні слоў прыярытэт, ідэал.

Практыкаванне 186

Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

1) рыцар без страху і дакору
2) рыцар журботнага вобраза
3) рыцар на час
4) рыцар ночы
5) з адкрытым забралам
6) са шчытом

а) адкрыта, не тоячыся
б) слабавольны чалавек
в) з перамогай, пераможцам (з’явіцца)
г) наіўны, бясплённы летуценнік
д) смелы, велікадушны чалавек
е) злосны вораг прагрэсу; цемрашал

Практыкаванне 187

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра гістарычныя рэканструкцыі рыцарскіх турніраў.

Практыкаванне 188

Аформіце адзін і той жа бяззлучнікавы складаны сказ рознымі знакамі прыпынку паводле схем:

Прыходзіць вясна разліваюцца рэкі (А. Вярцінскі).
1. [ ], [ ].
2. [ ] — [ ].

Я нічога не адказаў мой настрой сапсаваўся (А. Карпюк).
1. [ ], [ ].
2. [ ]: [ ].
3. [ ] — [ ].

Параўнайце сказы з варыянтнымі знакамі прыпынку. Якія сэнсавыя і інтанацыйныя адрозненні вы заўважылі?

Практыкаванне 189

Напішыце эсэ на тэму «Праблема вольнага часу ў нашы дні», ужываючы бяззлучнікавыя складаныя сказы.

Практыкаванне 190

З прапанаваных варыянтаў выберыце правільныя. Растлумачце памылковасць астатніх.

1. У складаны сказ уваходзяць дзве і больш частак.
2. Паміж часткамі складанага сказа існуе злучальная, падпарадкавальная і бяззлучнікавая сувязь.
3. Часткі складанага сказа звязваюцца злучальнымі і падпарадкавальнымі злучнікамі, злучальнымі словамі і інтанацыяй.
4. Складаныя сказы бываюць злучнікавымі і з рознымі відамі сувязі.
5. У залежнасці ад віду сувязі складаныя сказы бываюць злучнікавыя і складаназалежныя.
6. Сродкамі выражэння адносін паміж часткамі складаназлучанага сказа з’яўляюцца злучальныя злучнікі і інтанацыя.
7. Злучальныя словы не з’яўляюцца членамі сказа.
8. Злучнікі з’яўляюцца членамі сказа.
9. Часткі ў складаназлучаным сказе звязваюцца пры дапамозе злучальных слоў.