*§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку

Практыкаванне 185

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай.

Ужо ў XIV—XV стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім практычна ўсе прадстаўнікі феадалаў і шляхты неслі вайсковую службу.
Калі краіне пагражалі ворагі (а іх у тыя часы было нямала), тагачасныя законы Вялікага Княства Літоўскага абавязвалі кожнага мужчыну, які дасягнуў 16-гадовага ўзросту, нягледзячы на яго паходжанне, браць удзел у вайсковым паходзе. Але толькі шляхта лічыла сваім прафесійным прыярытэтам вайсковую службу амаль кожны шляхціц быў воінам. Рыцарскім ідэалам была добрая фізічная падрыхтоўка адпаведнае выхаванне атрымлівалі шляхецкія дзеці. Нават дзеці вялікіх князёў ужо ў 12 гадоў неслі службу ў войску. З такога ранняга ўзросту і да сталага веку беларускія шляхціцы павінны былі дасканала валодаць кап’ём, шабляй і двухручным мячом, умець ездзіць верхам, страляць з лука на поўным скаку. Для іх ладзілася нешта накшталт сучасных летніх вайсковых збораў. Шляхціцы практыкаваліся ў начных ска ́чках па перасечанай мясцовасці на адлегласць да 20 кіламетраў, у пераправах разам з коньмі праз рэкі.
Такім чынам, шляхціц мусіў заўсёды быць гатовым абараніць гонар сваёй краіны ён не меў маральнага права адмовіцца выканаць гэта Богам асвечанае прызначэнне (Паводле І. Клімковіч).

Выпішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнні слоў прыярытэт, ідэал.