*§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку

Практыкаванне 178

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Чаму, на вашу думку, у тэкстах такога стылю выкарыстоўваецца вялікая колькасць бяззлучнікавых складаных сказаў? Назавіце іх. Якія сэнсавыя адносіны выражаюцца паміж часткамі складаназалежных і бяззлучнікавых складаных сказаў з тэксту? З якой інтанацыяй вымаўляюцца бяззлучнікавыя складаныя сказы? Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж часткамі названых сказаў.

Луўр

Луўр — агромністы музейны комплекс з будынкаў, спалучаных між сабой; даўжыня іх фасадаў складае 14,5 км. Яшчэ раней у розных альбомах даводзілася бачыць шкляную піраміду, што стаіць ва ўнутраным двары Луўра, на музейнай плошчы. Заўжды дзівілася: навошта сярод збудаванняў рэнесансу і класіцызму архітэктура іншага стылю? Піраміда прыгожая, але тут яна не да месца!
Тлумачэнне аказалася надзвычай простае: праз такое архітэктурнае прыстасаванне няспынны натоўп турыстаў праходзіць у славуты музей, спускаецца па адным з эскалатараў. З чатырох моў — англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай — турыст выбірае мову схемы, дзе згадваецца інфармацыя пра тое, якія шэдэўры на якім паверсе знаходзяцца. І нарэшце выбірае адзін з чатырох напрамкаў — захад, усход, поўнач, поўдзень.
Экспазіцыя размешчана на чатырох паверхах: спачатку ідзе так званы «мінус першы», пасля ідуць цокальны, першы і другі. Кожны паверх адпавядае пэўнаму гістарычнаму перыяду. Пры ўваходзе — незлічоная колькасць друкаванай прадукцыі на розных мовах рознага фармату і рознай ступені грунтоўнасці. З вокладак ці не ўсіх выданняў загадкава ўсміхаецца Джаконда... Знакамітая карціна Леанарда да Вінчы — знак, сімвал. Мастацкі брэнд менавіта Луўра (Паводле Т. Мушынскай).

Складзіце схемы выдзеленых сказаў.
Раскрыйце значэнні слоў эскалатар, цокальны.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Луўр або вядомы экспанат, які знаходзіцца ў Луўры.