*§ 0-13. Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку

Практыкаванне 174

Сэнсавыя адносіны паміж часткамі ў складаным бяззлучнікавым сказе абумоўліваюць выбар знака прыпынку. Праілюструйце сэнсавыя адносіны паміж часткамі, выпісаўшы з прапанаваных сказаў адпаведныя. Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах.

Знак прыпынку ў складаным бяззлучнікавым сказе Сэнсавыя адносіны паміж часткамі
Коска, кропка з коскай Пералічэнне, адначасовасць або паслядоўнасць дзеянняў
Двукроп’е Прычына, тлумачэнне, дапаўненне, абагульненне
Працяжнік Супастаўленне, супрацьпастаўленне, вынік, абагульненне, параўнанне

У з о р  к а м е н т а р ы я: Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва; здаволена гумно на поўны рот глытае дар багатай, спелай нівы (У. Караткевіч). Складаны бяззлучнікавы сказ, складаецца з дзвюх частак. Першая частка — Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва. Граматычная аснова — чарот шуміць. Другая частка — здаволена гумно на поўны рот глытае дар багатай, спелай нівы. Граматычная аснова — гумно глытае.

Часткі сказа называюць з’явы, якія адбываюцца адначасова (паміж імі можна ўставіць злучнік і). Паміж часткамі ставіцца кропка з коскай, паколькі часткі развітыя, не маюць цеснай сэнсавай сувязі паміж сабой, другая частка мае свой знак прыпынку — коску паміж аднароднымі азначэннямі.

1. Ноч свяціла агнямі і зорамі: нарадзіўся Янка Купала. 2. Ты — мая лясная казка ў красе доўгачаканай, ты — мая святая песня. 3. Месяц заснуў на коміне хаты, кінуў адбіткі на люстра вады; дрэвы густыя ў бліскучых ла ́тах, як вартавыя, вартуюць сады. 4. Ноч прыйшла да зямлі на спатканне, захад скончыў агнём палыхаць, дубы ў малочным тумане веліканамі ціха стаяць. 5. Свет вакол чакае святла і цеплыні: чакае дуб скарэлы на пагорку, чакаюць хаты сонечных прамянёў, чакаюць вішні белых пакрывалаў. 6. Зямля гудзе, як цёплы вулей, знікаюць крыўды, боль і зло. 7. Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах, зноў восень на бярэзніках ляжыць. 8. У вяршыні самых гонкіх дрэў маланка з неба б’е — у вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е. 9. Уздыхае ветрык, спадае ліст, асцярожнае сонца з голых асін выпаўзае на ціхі сінічы свіст (У. Караткевіч).

На аснове сказаў падбярыце матэрыял для арфаграфічнай дыктоўкі на правіла «Правапіс галосных е, ё, я». Дапоўніце выпісаныя словы прыкладамі на захаванне пачатковай літары я ў корані слоў, на правапіс я ў паслянаціскных складах.