*§ 1-12. Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 171

Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту. Падбярыце загаловак.

У кожнага чалавека апроч вялікай Бацькаўшчыны — краіны з якой звязана яго жыццё ёсць і малая радзіма — месца паселішча дзе ён нарадзіўся. У старадаўнія часы людзі атаясамлівалі сябе перш за ўсё з вёскай мястэчкам дзе яны нарадзіліся адкуль паходзіла іх сям’я. Захоўваючы памяць пра сваіх продкаў, пра свой род на некалькі пакаленняў у мінулым, яны імкнуліся пакінуць нашчадкам і гісторыю свайго роднага кутка. А калі вобразы тых ці іншых падзей раствараліся ў прыцемках далёкіх часоў, то абавязкова спрабавалі самастойна тлумачыць тую або іншую з’яву. Так з’яўляліся легенды пра паходжанне розных населеных пунктаў (Паводле І. Аўласенкі).

Выпішыце складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку. Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку.
Назавіце кантэкстуальныя антонімы.