*§ 1-12. Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 165

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і стыль. Якую назву можна даць тэксту? Чаму Святы Мікалай лічыцца ў беларусаў найбольш паважаным? Выпішыце, расстаўляючы патрэбныя знакі прыпынку, спачатку складаназлучаныя сказы, потым — складаназалежныя. Пракаменціруйце пунктуацыйнае афармленне выпісаных сказаў.

Мы ўжо прызвычаіліся да сучаснай казкі пра тое што Святы Мікалай жыве ў снежнай Лапландыі якая знаходзіцца на поўначы Еўропы. Прыгожая казка. Але мала хто з нас ведае што парэшткі* Святога Мікалая захоўваюцца ў паўднёвым горадзе на беразе Адрыятыкі дзе растуць пальмы і дзе снег выпадае зрэдку. А за святочным навагоднім персанажам хаваецца жыццё рэальнага чалавека Мікалая Мірлікійскага які жыў у IV ст. н. э. у старажытным горадзе Міры Лікійскія. Культ Святога Мікалая якога яшчэ клічуць Мікалаем Цудатворцам або Мікалаем Угоднікам стаў адным з самых шанаваных на тэрыторыі Усходняй Рымскай імперыі потым Візантыі дзе ён лічыўся абаронцам вернікаў ад няверуючых. Адсюль культ святога перайшоў на старажытнарускія землі і Святы Мікалай зрабіўся любімым святым праваслаўнай царквы.
Хрысціянскія паданні сведчаць пра тое што Святы Мікалай зрабіў шмат добрых спраў. Аднак у гісторыю сусветнай культуры ён увайшоў перш за ўсё сваім знакамітым учынкам. Святы Мікалай непрыкметна падкінуў грошы ў хату дзе жыла бедная сям’я каб уратаваць яе ад галоднай смерці.
Святы Мікалай адзін з найбольш паважаных хрысціянскіх святых таксама і ў нашай краіне. Як жа ён патрапіў да нас? Пасля прыняцця хрысціянства адным з заменнікаў боства падземнага свету жывёлагадоўлі і багацця апекуна аграрнымі справамі Вялеса на нашых землях зрабіўся Мікалай Мірлікійскі празваны ў народзе Святым Міколам. Лічылася што ён спрыяе земляробам звязаны з зямнымі водамі апякуецца жывёламі пчалярствам. Згодна з беларускім культам ушанавання Святога Мікалая ён па сваёй значнасці набліжаецца да ўшанавання самога Бога.
Свята ў гонар Міколы праваслаўныя адзначаюць 22 мая і 19 снежня а католікі — 6 снежня.
У паданнях пра цуды Святога Мікалая распаўсюджаных па ўсім свеце цвёрда гучыць думка вельмі важная для ўсіх нас. Дабро павінна здзяйсняцца не за ўзнагароды не для задавальнення асабістага самалюбства а з сапраўднай любові да блізкіх і лепш за ўсё здзяйсняць яго самому застаючыся непрыкметным і невядомым (З часопіса «Маладосць»).