*§ 1-12. Складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, знакі прыпынку

Практыкаванне 161

На аснове інфармацыі табліцы раскажыце пра віды сувязі паміж часткамі складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі.

1. Сузалежнае падпарадкаванне — падпарадкаванне, пры якім усе даданыя часткі паясняюць галоўную.
Сузалежныя даданыя часткі аднародныя, калі ў аднолькавых адносінах паясняюць адно і тое ж слова ў галоўнай частцы або аднародныя члены сказа: Меў беларускі народ у сваёй шматвяковай гісторыі і добразычлівых суседзяў, якіх прыемна паклікаць за гасцінны стол, і ворагаў, з якімі прыходзілася скрыжоўваць мячы (А. Булыка).

Даданыя часткі неаднародныя, калі ў розных адносінах паясняюць слова з галоўнай часткі або розныя словы галоўнай часткі: Моладзь, якая сёння вучыцца ў розных установах адукацыі, павінна разумець, што ў яе руках будучае нашай краіны (З газеты).


Заўвага. Калі сузалежныя даданыя часткі звязаны спалучальнымі злучнікамі, то коскі паміж імі ставяцца, як і пры аднародных членах сказа: Дзяўчына ўспамінала і як яны пазнаёміліся, і як яны не маглі нагаварыцца, і як яна першы раз пачула «кахаю». Люблю мой сад у маёвым ранку, як тоне ён у расістай мгле, як ліпа шэпчацца пры ганку і як зязюлька «ку-ку» шле (Цётка).

2. Паслядоўнае падпарадкаванне — падпарадкаванне, пры якім даданыя часткі ўтвараюць ланцужок: першая адносіцца да галоўнай часткі, другая — да першай даданай і г. д.: Аляксей любіў лес, як можа любіць яго толькі чалавек, які, можна сказаць, вырас у лесе і адчувае сябе ў ім як дома (І. Мележ).

3. Змешанае падпарадкаванне — падпарадкаванне, пры якім даданыя часткі адначасова звязваюцца сузалежным і паслядоўным падпарадкаваннем: Я за тых падам свой голас, хто працуе чэсна, дбайна, хто кладзе трудоў нямала, каб жыццё закрасавала (Я. Колас).