*§ 0-12. Складаназалежныя сказы, будова, сродкі сувязі, класіфікацыя

Практыкаванне 154-3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Абгрунтуйце сваю думку.

Успаміны балерыны

Мая бабуля жыла ў Санкт-Пецярбургу. Кожны раз, калі я прыязджалаф да яе летам, бабуля вадзіла мяне на балет. Аднойчы мы пайшлі на «Лебядзінае возера». Пастаноўка была такая прыгожая і чароўная, што, вярнуўшыся ў Брэст, я вырашыла паступаць у балетную школу. Паспяхова прайшла адбор, таму што да гэтага займалася гімнастыкай.
Першыя некалькі месяцаў балет здаваўся катаржнай працай. Мы настолькі стамляліся, што ў нас не заставалася сіл на зносіны з аднагодкамі. Нас вучылі, як правільна стаяць, рухацца. Мы павінны былі засвоіць пяць класічных пазіцый пастаноўкі ног, бо шмат у чым менавіта гэтыя пазіцыі дапамагаюць артысту падкрэсліць выразнасць танца.
З намі (займаўся/займалася) (выдатны/выдатная) харэограф Анастасія Аляксандраўна. Яна любіла нас, быццам мы былі яе другой сям’ёй. Анастасія Аляксандраўна дарыла нам невялікія падарункі на дні нараджэння, пастаянна хваліла і не дазваляла сумаваць. Праз год мы ўжо рыхтавалі сваю п’есу — спектакль «Алавяны салдацік», у якім мне дасталася галоўная роля.
Кожная з юных балерын імкнулася да дасканаласці, але не ўсе вытрымлівалі. Калі мінула пяць гадоў, нас засталося толькі дваццаць пяць. Усе мы былі вельмі блізкія, у нас жыў адзін дух... (Паводле С. Ворса).

Выпішыце з тэксту складаназалежныя сказы. Вызначце віды даданых частак і сродкі сінтаксічнай сувязі частак.
Запішыце выдзелены сказ, выбіраючы з дужак правільныя формы дзеяслова і прыметніка.
Ці наведвалі вы балетны спектакль? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі. Ці згодны вы з тым, што «мастацтва патрабуе ахвяр»?