*§ 0-12. Складаназалежныя сказы, будова, сродкі сувязі, класіфікацыя

Практыкаванне 153-1

Прачытайце тэкст. На яго аснове падрыхтуйце пісьмовы адказ на пытанне «Як адрозніваць падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы ў складаназалежным сказе?». Сваё паведамленне пабудуйце як тэкст-разважанне, выдзеліўшы тэзіс, доказы (падчас іх пераліку выкарыстоўвайце пабочныя словы па-першае, па-другое, перш за ўсё, аднак, напрыклад, такім чынам і інш.) і вывад.

Злучнікі і злучальныя словы ў складаназалежным сказе

Адрозніць падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы можна наступнымі спосабамі:
злучальныя словы выконваюць ролю пэўных членаў сказа, а злучнікі членамі сказа не з’яўляюцца;
злучальныя словы нельга выключыць са сказа, злучнікі часта можна апусціць, перабудаваўшы сказ у бяззлучнікавы;
на злучальныя словы можа падаць лагічны націск, на злучнікі — не;
злучальныя словы ў многіх выпадках можна замяніць словамі самастойных часцін мовы з галоўнай часткі, а злучнікі — іншымі злучнікамі.
У канкрэтным сказе можна выкарыстаць або адзін з пералічаных спосабаў, або іх камбінацыю. Так, у сказе Раптам да кармушкі, што вісіць на адным з дрэў, падлятаюць чатыры сініцы (У. Ягоўдзік) злучальнае слова што выконвае функцыю дзейніка, яго можна замяніць словам кармушка з галоўнай часткі або сінанімічным займеннікам якая, выключыць жа са сказа нельга. У сказе Лазар Богша зразумеў, што нябачныя повязі вяжуць кожнага чалавека з мінулым (А. Асіпенка) даданая частка далучаецца да галоўнай пры дапамозе злучніка што: яго можна апусціць і перабудаваць сказ у бяззлучнікавы (Паводле Н. Даўбешка).

Параўнайце змест тэксту з інфармацыяй, прыведзенай у табліцы з папярэдняга практыкавання 153. Дзе прыводзіцца больш спосабаў размежавання падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў — у тэксце ці ў табліцы?