*§ 0-12. Складаназалежныя сказы, будова, сродкі сувязі, класіфікацыя

Практыкаванне 1-153

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. У якой частцы тэксту прыводзіцца меркаванне пра сэнс назвы фестывалю?

«Млын моды»

Штогадовы рэспубліканскі фестываль-конкурс «Млын моды» дае магчымасць маладым дызайнерам праявіць свае таленты. Фэшн-форум, які стаў сапраўдным брэндам Беларусі, арганізуюць Міністэрства адукацыі і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
На працягу многіх гадоў «Млын моды» выступае стартавай пляцоўкай для самых крэатыўныхл маладых дызайнераў і фатографаў. Многія мастакі моды, якія зараз працуюць на беларускіх прадпрыемствах і з’яўляюцца стваральнікамі ўласных брэндаў, калісьці пачыналі з «Млына моды».
Традыцыйна на фестывалі спаборнічаюць у розных намінацыях дызайнеры, мадэлі, фатографы, стылісты, цырульнікі і візажысты. За кулісамі візажысты папраўляюць мадэлям макіяж, цырульнікі — прычоскі, дызайнеры дапамагаюць апрануцца. А на подыуме хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, якія секунду назад былі ў мітуслівай закуліснай атмасферы, смела і ўпэўнена дэфіліруюць у экстравагантных строях, здзіўляючы публіку дызайнерскай думкай. А пасля ў іх зноў ёсць літаральна некалькі хвілін, каб пераапрануцца і падрыхтавацца да выхаду ў іншай калекцыі.
Чаму фестываль атрымаў такую назву? Напэўна, таму, што калекцыі маладых талентаў — гэта новая вопратка, «перамолатая» аўтарамі са змешваннем стыляў і напрамкаў, арыгінальным падыходам да выканання дэталей, каларыстыкі, фактур тканін. На «Млыне моды» заўсёды вітаецца ўсё самае нерэальнае (Паводле В. Антоненкавай).

Выпішыце з тэксту складаназалежныя сказы. Пабудуйце іх схемы. Вызначце, што паясняе даданая частка (слова, словазлучэнне ці ўсю галоўную частку).
Выпішыце з тэксту 5—7 запазычаных слоў, назавіце іх прыметы. Па магчымасці падбярыце да запазычаных слоў беларускія адпаведнікі.
У якіх сітуацыях, на вашу думку, дарэчным з’яўляецца адзенне, што вызначаецца «змешваннем стыляў і напрамкаў, арыгінальным падыходам да выканання дэталей, каларыстыкі, фактур тканін»?